Лукашэнка правёў нараду па падрыхтоўцы Усебеларускага народнага сходу

Лукашэнка правёў нараду па падрыхтоўцы Усебеларускага народнага сходу

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 27 кастрычніка правёў нараду па падрыхтоўцы Усебеларускага народнага сходу.

У нарадзе прынялі ўдзел прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка, старшыні Савета Рэспублікі і Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Наталля Качанава і Уладзімір Андрэйчанка, дзяржсакратар Савета бяспекі Валерый Вакульчык, кіраўнік спраў Прэзідэнта Віктар Шэйман. У ліку ўдзельнікаў нарады таксама першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Максім Рыжанкоў, старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў і прэс-сакратар кіраўніка беларускай дзяржавы Наталля Эйсмант.

Лукашэнка пра Усебеларускі народны сход: гэта павінен быць рэальны дыялог аб стратэгіі развіцця краіны

Усебеларускі народны сход павінен стаць пляцоўкай для рэальнага дыялогу па выпрацоўцы стратэгіі развіцця краіны. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў на нарадзе на падрыхтоўцы шостага Усебеларускага народнага сходу.

На разгляд кіраўніка дзяржавы быў вынесены нарматыўны прававы акт аб падрыхтоўцы шостага Усебеларускага народнага сходу і стварэнні арганізацыйнага камітэта па яго правядзенні. «Перш чым падпісаць гэты дакумент, я хацеў бы абмеркаваць з вамі некаторыя аспекты будучага важнейшага палітычнага мерапрыемства», — растлумачыў Прэзідэнт.

Ён падкрэсліў, што Усебеларускі народы сход — гэта асобая форма народаўладдзя ў краіне. І ў час форуму трэба будзе вызначыць, як будзе развівацца дзяржавы ў будучым. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ўлада ў Беларусі заўсёды раілася з людзьмі пры прыняцці лёсавызначальных для краіны рашэнняў.

«Гаварыў не адзін раз і яшчэ раз хачу паўтарыць: усё будзе так (і Канстытуцыя, і пытанні будуць вырашацца), як вырашыць толькі беларускі народ. Гэта не пустыя словы. Гэта мая клятва. Я гарантую, што будзе толькі так, як вырашыць народ. Мы не будзем мышкаваннем займацца, не будзем ствараць нешта пад сябе. Як людзі вырашаць — так і будзе», — заявіў ён.

Прэзідэнт лічыць, што ў будучым неабходна на канстытуцыйным узроўні замацаваць статус Усебеларускага народнага сходу. «Гэту форму «народнай творчасці» трэба зрабіць канстытуцыйнай. Не пад якія-небудзь асобы. Справа не ў асобах, — заўважыў ён. — Пяць сходаў прайшло ўжо, і ніхто не сказаў, што гэта было на шкоду. І гэту норму трэба зрабіць канстытуцыйнай. Дарэчы, з дыялогавых пляцовак такія прапановы на маё імя паступалі ўжо. Я падтрымліваю, але гэта народу вырашаць».

Адным з важных пытанняў маючага адбыцца сходу стане падвядзенне вынікаў сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны за апошнія 5 гадоў. За гэты перыяд, напрыклад, дасягнуты высокі ўзровень развіцця аграпрамысловага комплексу. У бягучым годзе сабраны ўраджай каля 10,5 млн т усіх збожжавых. «Малайцы, гэта вельмі добры ўзровень. Вось мы на яго ўзабраліся, і трэба трымацца на гэтым узроўні, хто б ні быў прэзідэнтам. Тады будзе хлеб, малако і людзі будуць накормлены», — сказаў Прэзідэнт.

«Жыццё ідзе, краіна працуе, развіваецца, — прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка. — Нягледзячы на ўсякія выстаўляемыя з боку (перш за ўсё нашых суседзяў) ультыматумы, у спакойным рытме працуюць прадпрыемствы, транспарт і гандаль».

Дзяржава, паводле слоў Прэзідэнта, робіць неабходныя крокі, каб у далейшым так і прадаўжалася. «Людзі працуюць, жывуць і патрабуюць бяспечнага жыцця. Нарэшце людзі, асабліва ў Мінску, ацанілі, што яны могуць страціць. Хочуць так, як было да выбараў. Так і будзе. Мы абавязаны гэта патрабаванне народа забяспечыць. Забяспечыць усімі магчымымі, даступнымі згодна з законам сродкамі», — падкрэсліў беларускі лідар.

«Ключавой задачай, якую нам трэба паставіць перад удзельнікамі сходу, з’яўляецца выпрацоўка сучасных, эфектыўных і рэальна дзеючых механізмаў, якія дапамогуць нам вырашыць праблемы, што стрымліваюць эканамічны рост», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. У сувязі з гэтым Прэзідэнт адзначыў важную ролю дыялогавых пляцовак, якія цяпер праходзяць па ўсёй краіне. Ён звярнуў увагу, што неабходна арганізаваць дыскусію не толькі на ўзроўні спецыялістаў, парламентарыяў, прадстаўнікоў дзяржструктур, але і пачуць меркаванні, прапановы працоўных калектываў, радавых грамадзян.

«Такім чынам мы ўключаем у абмеркаванне актуальных пытанняў вялікую частку нашага грамадства. Вось у чым сэнс гэтых дыялогавых пляцовак», — растлумачыў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт таксама даручыў удзяліць увагу пытанню выбрання дэлегатаў сходу. «Тут павінны быць прадстаўнікі абсалютна ўсіх слаёў грамадства, якія хочуць нешта сказаць, хочуць быць пачутымі і ўмеюць слухаць, усіх сацыяльных і прафесійных груп, грамадскіх арганізацый, дэпутаты ўсіх узроўняў. Не толькі кіраўнікі, але і людзі ад станка, ад зямлі, якія непасрэдна ведаюць і адчуваюць усе праблемы простага чалавека, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Гэта павінен быць рэальны дыялог па выпрацоўцы стратэгіі развіцця краіны. Няхай людзі адкрыта гавораць, абмяркоўваюць — прымем рашэнні і будзем па іх жыць».

Лукашэнка: супраць нас разгарнулі ўжо не інфармацыйную, а тэрарыстычную вайну па асобных напрамках

Беларусь пачынае сутыкацца з тэрарыстычнымі пагрозамі. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў на нарадзе па падрыхтоўцы шостага Усебеларускага народнага сходу.

«Вы, напэўна, помніце маю заяву, калі я сказаў, што мы павінны працаваць акуратна, нягледзячы на тое, што востры перыяд, пратэстуны гэтыя сланяюцца па вуліцах (у асноўным або практычна толькі ў Мінску). Але, тым не менш, мы канстатавалі факт, што гэта маса, якая засталася, радыкалізавалася. Мы выразна бачым арганізатараў і тых, хто ўвасабляе гэтыя ідэі, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — І я тады гаварыў, што працуем акуратна, паколькі чырвоную рысу яны яшчэ не перайшлі. Апошнія некалькі дзён сведчаць аб тым, што па многіх напрамках яны гэту чырвоную рысу перайшлі».

«Ну як можна ацэньваць тое, што ўжо выйшлі на чыгунку і пачынаюць блакіраваць аўтаматыку, ажыццяўляць замыканне рэек. Гэта можа прывесці да сур’ёзных аварый на чыгунцы, катастроф і гібелі мноства людзей. Гэта дзеянні арганізаваных злачынных груп з прыкметамі тэрарызму. Мы пачынаем сутыкацца з тэрарыстычнымі пагрозамі», — падкрэсліў беларускі лідар.

У якасці прыкладу кіраўнік дзяржавы таксама расказаў, што ў Мінску, згодна з існуючай інфармацыяй, перарэзалі некалькі святлафораў. «Ламаюць, знішчаюць тое, што стваралася ўсёй дзяржавай у Мінску многімі дзесяцігоддзямі або гадамі. А, самае галоўнае, людзі стаміліся гэта ўсё цярпець», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што ўлада тады чагосьці варта, калі яна ўмее сябе абараняць і абараняць свой народ: «Таму калі пераступаецца чырвоная лінія, улада павінна рэагаваць».

«У сувязі з гэтымі заклікамі з Польшчы і Літвы аб ультыматумах і забастоўках (я ўчора прэм’ер-міністру даручаў і ўсім практычна прысутным тут): нікога не трэба ўгаворваць — ні рабочых, ні студэнтаў, ні ўрачоў, ні настаўнікаў, ні дзяржслужачых, — сказаў Прэзідэнт. — Цяпер такі момант, калі кожны павінен выбіраць у сваім жыцці тую дарогу, па якой ён будзе рухацца».

«Не хочуць рабочыя працаваць — не трэба. Але іх адзінкі, якія не хочуць, — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. — Студэнты: прыйшлі вучыцца — вучыцеся. Хто хоча, той няхай вучыцца. Хто выйшаў у мэтах парушэння закону на несанкцыянаваныя акцыі, пазбаўляецца права быць студэнтам. Калі ласка, адпраўце іх, як я гаварыў, каго ў армію, а каго — на вуліцу. Няхай ходзяць па вуліцы. Але яны павінны быць адлічаны з ВНУ. Тое ж самае выкладчыкі, іх таксама адзінкі, якія брыдка сябе паводзяць у ВНУ».

«Паўтараю: нікога не прасіце і не ўгаворвайце, гэта бескарысна. У лепшым выпадку ў гэтай сітуацыі мы іх загонім пад плінтус. І яны потым зноў адтуль павылазяць. Таму няхай вызначаюцца, дзе яны хочуць жыць, як яны хочуць жыць і што рабіць», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён звярнуў увагу, што арганізатары пратэстаў у Беларусі па метадычцы каляровых рэвалюцый прайшлі ўжо 7-8 этапаў. «Засталося зусім няшмат. Наступны этап — радыкалізацыя. Яна адбываецца. Супраць нас разгарнулі ўжо не інфармацыйную, а тэрарыстычную вайну па асобных напрамках. Мы гэта павінны спыніць», — заявіў беларускі лідар.

Карыстаючыся выпадкам, ён яшчэ раз звярнуўся да бацькоў школьнікаў і студэнтаў: «Забярыце сваіх дзяцей з вуліцы, каб потым не было балюча. А з астатнімі мы будзем разбірацца па ўсёй строгасці закону».

Галоўчанка расказаў аб магчымых тэрмінах, фармаце і тэматыцы Усебеларускага народнага сходу

Прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка па выніках нарады ў кіраўніка дзяржавы расказаў аб ходзе падрыхтоўкі да Усебеларускага народнага сходу, яго тэрмінах, тэматыцы і фармаце.

У бліжэйшы час будзе распрацавана распараджэнне Прэзідэнта аб фарміраванні арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні УНС. Потым арганізацыйны камітэт унясе кіраўніку дзяржавы прапановы па даце, фармаце, тэматыцы мерапрыемства.

«Мы разлічваем, што яно адбудзецца ў пачатку 2021 года, магчыма, у студзені, лютым», — растлумачыў прэм’ер-міністр. Ён удакладніў, што з улікам эпідэмічнай абстаноўкі арганізацыйны камітэт можа скарэкціраваць тэрміны і фармат сходу.

Што датычыцца парадку дня, то плануецца яго падзяліць на два маштабныя тэматычныя блокі — пытанні сацыяльна-эканамічнага і грамадска-палітычнага развіцця краіны.

Традыцыйна ў блоку сацыяльна-эканамічнага парадку дня будзе абмяркоўвацца праграма развіцця краіны на пяцігодку. «Мы ўжо цяпер бачым, што не ўсе задачы, якія ставіліся (на бягучую пяцігодку. — Заўвага БЕЛТА), атрымалася выканаць. Недзе мы змаглі ўжо цяпер перавыканаць даведзеныя задачы (я маю на ўвазе ў эканоміцы), недзе пакуль не вельмі атрымалася. Таму Прэзідэнт паставіў задачу празрыста і прадметна прааналізаваць, што неабходна зрабіць, якія новыя механізмы выбраць для таго, каб у наступнай пяцігодцы мы закрочылі больш упэўнена і паказалі больш уражальныя тэмпы эканамічнага росту», — адзначыў Раман Галоўчанка.

Адрозненне маючага адбыцца форуму ад папярэдніх у тым, што на ім будзе абмяркоўвацца і шырокае кола пытанняў грамадска-палітычнага развіцця Беларусі. Цяпер гэта тэматыка актыўна дыскутуецца на дыялогавых пляцоўках па ўсёй краіне. Як запэўніў Раман Галоўчанка, агучаныя прапановы будуць акумулявацца арганізацыйным камітэтам, які ўнясе іх на разгляд сходу, «стварыўшы глебу для абмеркавання магчымых пытанняў мадэрнізацыі грамадска-палітычнай сістэмы Беларусі».

Паводле яго слоў, у ліку абавязковых патрабаванняў кіраўніцтва краіны да фармату сходу — наяўнасць розных пунктаў гледжання, дыскусія па актуальных пытаннях. «Плюралізм меркаванняў, прадстаўніцтва розных сацыяльных груп на Усебеларускім народным сходзе — гэта аснова, каб ён быў паспяховым і выніковым», — сказаў прэм’ер-міністр.

Галоўчанка аб закліках да забастовак: гэта прамыя заклікі да нанясення ўрону сваёй краіне і людзям

«І ўчора, і сёння абстаноўка ў працоўных калектывах спакойная, рабочая. Той план, які шырока анансаваўся (заклікі да агульнанацыянальнай забастоўкі. — Заўвага БЕЛТА), ён, зразумела, не адбыўся. Ён і не мог адбыцца. Людзі настроены на тое, каб працаваць, зарабляць, рэалізоўваць свае планы, якія яны маюць. Настроены на тое, каб сем’і атрымлівалі даход. Таму абсалютна спакойная абстаноўка», — заявіў прэм’ер-міністр.

Раман Галоўчанка адзначыў, што не перабольшвае пагрозу ад такіх заклікаў. Тым не менш ён звярнуўся ў тым ліку да тых, хто заклікаў работнікаў прадпрыемстваў да стачак і забастовак: «Гэта прамыя заклікі да нанясення ўрону сваёй краіне і людзям, якія жывуць у гэтай краіне і працуюць. Бо заклік да спынення прадпрыемства — гэта не што іншае, як расчыстка месца для нашых канкурэнтаў».

Кіраўнік урада акцэнтаваў увагу на тым, што беларуская эканоміка адкрытая і айчынныя вытворцы знаходзяцца ва ўмовах пастаяннай канкурэнтнай барацьбы пры пастаўках на экспартныя рынкі, нафтапрадукты гэта, калійныя ўгнаенні, прадукцыя машынабудавання або прадукты харчавання. «Любое спыненне вытворчасці на руку нашым канкурэнтам. Спыніўшы, дапусцім, вытворчасць нафтапрадуктаў (гэта спотавыя здзелкі), страчваем канкрэтныя грошы, увесь персанал прадпрыемства страчвае выплаты і даплаты за вынікі сваёй працы. Потым вярнуцца на гэты рынак будзе значна даражэй», — сказаў Раман Галоўчанка.

Яшчэ адзін прыклад ён прывёў адносна калійнай галіны: калі літаральна на адну ноч у жніўні спыніліся некалькі рудаўпраўленняў, гэтаму факту былі вельмі рады канкурэнты «Беларуськалія» за мяжой.

«Эканоміка краіны працуе ў няпростых умовах у выніку сусветнага эканамічнага крызісу. Але працуе, і спыняцца не збіраецца», — падкрэсліў прэм’ер-міністр.

Ён звярнуў увагу і на іншы немалаважны аспект — спробы актыўна нагнятаць абстаноўку на прадпрыемствах, дзе пазапланавае спыненне можа прывесці да небяспечных наступстваў для жыцця і здароўя людзей. Прыклад таго — «Гродна Азот». «Раздувалася такая тэма, што цяпер «Гродна Азот» спыняць, яшчэ нешта… Я хачу сказаць і для жыхароў Гродзенскага рэгіёна, і для ўсёй краіны: гэта небяспечная вытворчасць, любое ўмяшанне ў тэхналагічны працэс, у тым ліку яго пазапланавае спыненне, гэта пагроза тэхнагеннай катастрофы. «Гродна Азот» гэта або «Магілёўхімвалакно»… У нас дастаткова такіх вытворчасцей. Да чаго вы заклікаеце? Хочаце, каб абласны горад накрыла катастрофа, якая можа здарыцца з-за шалёных думак у асабліва заўзятых галовах? — задаў рытарычнае пытанне Раман Галоўчанка. — Вядома, калі такія рэчы будуць адбывацца на прадпрыемствах, якія звязаны з небяспечнай вытворчасцю, з пагрозай для бяспекі, экалогіі, то яны будуць жорстка спыняцца ў адпаведнасці з законам».

Прэм’ер-міністр таксама згадаў пра нядаўнія спробы дыверсій на чыгунцы. «А як яшчэ расцаніць тое, калі прымусовым чынам прыводзяць аўтаматыку, якая кіруе рухам чыгуначных саставаў, у нерабочы стан? Што гэта, як не пагроза жыццю людзей? Што, нам аб’яўляюць рэйкавую вайну? Адпаведна, дзяржава будзе рэзка на гэта рэагаваць — так, як належыць па законе», — сказаў ён.

БелТА

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top