Са святам вас, дарожныя “стылісты”!

Са святам вас, дарожныя “стылісты”!

Так ці інакш наша паўсядзённае жыццё звязана з транспартам і дарогамі. Трэба аддаць належнае: з кожным годам яны становяцца ўсё лепш. За гэта вялікі дзякуй, у тым ліку, і работнікам філіяла “Жабінкаўскае ДРБУ № 103”, якія рамантуюць і падтрымліваюць у добрым стане сухапутныя “артэрыі” нашага краю, надаюць ім своеасаблівы стыль.
У сістэме “Брэстаблдарбуда” жабінкаўскі філіял — адно са стабільна працуючых прадпрыемстваў. На яго абслугоўванні знаходзіцца амаль 313 кіламетраў дарог мясцовага значэння, за іх станам і эксплуатацыяй сочыць калектыў, у якім працуе 65 чалавек.
Як расказаў галоўны інжынер ДРБУ № 103 Сяргей Главацкі, вялікі аб’ём работ выкананы сёлета па бягучым рамонце. Ён ажыццёўлены на двух участках гравійных дарог Гарэлкі — Арэпічы — Грабаўцы (1,9 км) і Хмелева — Рачкі (2,1 км). У “халодны” асфальт “апрануліся” два ўчасткі аўтадарогі Н-141 Арэпічы — Сцяпанкі — Сакалова — Цукровы завод: адзін — ад Сакалова да трасы Н-134 (1,1 км), другі — ад вёскі Сакі да цукровага завода (0,8 км). Падарункам для жыхароў Крыўлянскага сельсавета да раённых “Дажынак” стала асфальтаванне ўчастка дарогі 2,1 км ад Малых Якаўчыцаў да Вежак.
Паверхневую апрацоўку дарог работнікі ДРБУ № 103 ажыццявілі ад Стрыганца да Старога Сяла і ад былога Сцяброва да граніцы раёна, давялі да ладу аўтобусныя прыпынкі ў Хмелеве, Дзяменічах, Стрыганцы, Старым Сяле і Сычове.
Трэці год жабінкаўскія дарожнікі выконваюць работы па добраўпарадкаванні дарог і тратуараў у квартале індывідуальнай забудовы “Плоска — Машчонка” ў Брэсце, непасрэдна зараз працуюць у квартале шматкватэрнай жылой забудовы ў Жабінцы ў межах вуліц Міру, Зарэчнай, Каштанавай і Цэнтральнай.
Распавядаючы пра дадзены аб’ект, Сяргей Георгіевіч з задавальненнем адзначае, што ў бягучым годзе работа ўсяго філіяла была досыць складаная, паколькі на кожным кроку даводзілася праяўляць гаспадарскі разлік, эканамічную праніклівасць і высокі прафесіяналізм. Дарожнікі не наракалі на наяўнасць вялікага фронту работ, старанна працавалі, не лічачыся з часам. Спраўляцца з такой насычанай праграмай на транспартных “артэрыях” раёна дазваляе выкарыстанне як сучаснай тэхнікі, так і перадавых тэхналогій.
— Сёлета мы выканалі аб’ём дарожных работ на 104,9 працэнта да адпаведнага перыяду мінулага года. Пагадзіцеся, нядрэнны паказчык. Таму сваё прафесійнае свята калектыў ДРБУ адзначыць годна, — падводзіць вынік Сяргей Главацкі. — Падзякі заслугоўвае кожны, хто забяспечвае бяспеку дарожнага руху, транспартную даступнасць круглы год у любы, нават самы аддалены куток раёна. Ганаровымі граматамі КУП “Брэстаблдарбуд” напярэдадні свята будуць узнагароджаны вадзіцель пагрузчыка Аляксандр Голях і вадзіцель аўтамабіля Аляксандр Варабей, Граматай райвыканкама — машыніст аўтагрэйдара Віктар Андрасюк, Ганаровай граматай райсавета — вадзіцель аўтамабіля Аляксандр Старыкевіч. На Дошку гонару нашага ДРБУ № 103 будуць занесены Віктар Галавейка, Уладзімір Пракапчук, Аляксандр Тарасенка, Андрэй Гронскі, Мікалай Рынчук, Уладзімір Нікіцюк. Удзячных слоў заслугоўваюць і іншыя працаўнікі прадпрыемства: спецыялісты, ІТР, вадзіцелі, механізатары, дарожныя рабочыя, вартаўнікі.
Галоўны інжынер сціпла замоўчвае тое, што сам ён да прафесійнага свята атрымае дыплом з занясеннем на Дошку гонару абласнога прадпрыемства. Сяргей Главацкі, па меркаванні начальніка Жабінкаўскага ДРБУ № 103 Яўгена Хамюка, заслугоўвае такой высокай узнагароды. Амаль дваццаць гадоў ён верны дарожнай службе, роднаму ўпраўленню, куды прыйшоў спачатку майстрам, дзе працаваў начальнікам планава-вытворчага аддзела, а апошнія пяць гадоў займае пасаду галоўнага інжынера.
Ва ўсіх дарожных праектах Сяргей Главацкі іграе галоўную “тэхнічную” скрыпку: на ім планаванне праекта ад распрацоўкі і выканання праектна-каштарыснай дакументацыі да завяршэння, забеспячэнне матэрыяламі, кантроль за ходам работ, якія павінны ісці па зададзеным графіку, адказнасць за іх якасць на аб’ектах.
— Ва ўсе часы пра работу і грунтоўнасць дарожнай службы меркавалі па якасці дарог. Мы ўсё робім для таго, каб жыхары і госці Жабінкаўшчыны ўспаміналі нас добрым словам, — кажа Сяргей Георгіевіч. — Хочацца, каб людзі разумелі: дарог шмат, а тэхнікі для іх рамонту мала, мы не можам “акультурыць” адразу ўсе.
У “стылістаў”-дарожнікаў не бывае пары, калі яны маглі б расслабіцца, зменшыць працоўную нагрузку. Узімку і ўлетку, вясной і ўвосень сотні кіламетраў, галоўным чынам гравіек, патрабуюць догляду. Жадаем работнікам ДРБУ здароўя, дабрабыту, новых заказаў і мноства людскіх падзяк!
Наталля ВАЛОШКА

Фота аўтара

На здымку: дарожны рабочы Аляксандр ТРАЦЯК, вадзіцель пагрузчыка Аляксандр ГОЛЯХ, майстар Юрый САХАРЧУК, трактарыст Мікалай МАКСІМУК і галоўны інжынер Сяргей ГЛАВАЦКІ на аб’екце на вуліцы Цэнтральнай.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top