Каб абмінуў вас небяспечны “госць”

Каб абмінуў вас небяспечны “госць”

На жаль, слова “кавід”, якое сёлета літаральна ўварвалася ў наш лексікон, рызыкуе стаць самым папулярным у 2020 годзе. Ім абазначаюць новую небяспечную пандэмію грыпу, выяўленую ў кітайскім горадзе Ухань. Цяжкае вострае рэспіраторнае захворванне не прызнае ніякіх дзяржаўных межаў ды абмежаванняў па поле, колеры скуры, нацыянальнасці ці веры, таму паспела ўжо ахапіць больш за 39 мільёнаў зямлян.

“Не вірусы прыстасоўваюцца да нас…”

Сярод захварэлых, паводле да-дзеных Міністэрства аховы здароўя краіны, — амаль 90 тысяч беларусаў. На шчасце, 80905 пацыентаў, у каго раней быў пацверджаны дыягназ, выздаравелі і былі выпісаны (афіцыйныя дадзеныя на 21 кастрычніка). Аднак праблема па-ранейшаму існуе, і пасля летняга спаду з надыходам халоднай пары года зноў назіраецца павелічэнне колькасці інфіцыраваных.
— Чалавек існуе на планеце самае большае пару мільёнаў гадоў, а вірусы — у дзесяць разоў даўжэй, ды і прыроду іх мы ведаем усяго на пяць працэнтаў. Таму не вірусы прыстасоўваюцца да нас, а, якраз наадварот, чалавецтву даводзіцца шукаць магчымасці, каб супрацьстаяць небяспечнаму “госцю”, — заўважае галоўны ўрач Жабінкаўскай раённай бальніцы Іосіф Арлавец. — Былі і больш значныя пандэміі грыпу, якія забіралі дзясяткі мільёнаў жыццяў. Бадай, самая вядомая — “іспанка”, якая распаўсюдзілася сто гадоў таму на фоне Першай сусветнай вайны і аказалася непераможнай ва ўмовах, калі медыцына знаходзілася на ўзроўні значна ніжэйшым, чым зараз.
Спасылаючыся на дадзеныя Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, Іосіф Юзэфавіч прагназуе, што завяршэння сённяшняй пандэміі патрэбна чакаць у 2022 годзе. Аднак медыкі не збіраюцца сядзець склаўшы рукі, разумеючы, які цяжар адказнасці лёг на іх плечы.
— Часам гавораць, у тым ліку ў СМІ пра “другую хвалю каранавіруса”, — заўважае суразмоўца, дэманструючы графікі па Беларусі і іншых краінах. — Насамрэч нікуды кавід не знікаў. Так, свайго піку ў краіне ён дасягнуў вясной, калі штодня рэгістравалася каля 900 новых выпадкаў, асабліва на Віцебшчыне і ў сталіцы. Колькасць хворых значна знізілася — да дзясяткаў — у летнюю пару, але кастрычнік зноў прынёс больш за 600 захворванняў у суткі.
Вопыт, набыты з пачатку эпідэміі, дазваляе паспяхова дзейнічаць сёння. Найперш, актыўна выяўляюцца і ізалююцца інфіцыраваныя асобы, акрэсліваецца кола іх кантактаў. Да месца нагадаць: адзін пацыент можа “падараваць” вірус хваробы шасці-сямі чалавекам. Таму трэба абавязкова захоўваць сацыяльную дыстанцыю, апрацоўваць рукі антысептыкамі, карыстацца маскамі і не слухаць тых, хто сцвярджае што яны не маюць ніякай карысці. Зусім наадварот: маскі — не модны “атрыбут”, а сродак вашай бяспекі.
На думку галоўнага ўрача Жабінкаўскай ЦРБ, каб людзі ўсведамлялі, што кавід — праблема, якую даводзіцца вырашаць супольна, і карысталіся дзеля агульнага здароўя здаровым сэнсам, патрэбна яшчэ больш узмацніць прафілактыку не толькі сярод насельніцтва, але і ў арганізацыях, на прадпрыемствах, у гандлёвых кропках, месцах грамадскага харчавання.

Меры, якія прымаюцца ў раёне

На іх Іосіф Юзэфавіч спыніўся асобна:
— Разумеючы сур’ёзнасць сітуацыі, мясцовыя ўлады выдаткавалі неабходныя грошы для набыцця індывідуальных сродкаў аховы і лекаў. Актыўна запрацавалі мабільныя брыгады, арганізаваныя непасрэдна для медабслугоўвання па месцы жыхарства хворага. Мы заўсёды напагатове, таму дадаткова ўладкавалі 15 кіслародных кропак у хірургічным аддзяленні, правялі рамонт дэзынфекцыйнага блока, усталявалі фільтры, якія дазваляюць падзяляць пацыентаў, стварылі ўмовы для ізаляцыі грамадзян, што вяртаюцца з-за мяжы або не маюць мажлівасці арганізаваць самаізаляцыю дома. Клапоцімся, безумоўна, і пра калег-медыкаў, якім выпадае быць на “перадавой” барацьбы з кавідам.
Не менш важнай і своечасовай мерай стала вызваленне ў райбальніцы 120 ложкаў для магчымай медыцынскай дапамогі хворым з сярэдняцяжкім цячэннем захворвання.

Прывівацца ад грыпу патрэбна

У гэтым перакананы Іосіф Арлавец, які надзвычай крытычна ставіцца да тых, хто лічыць, што вакцынацыя не прыносіць карысці. Наадварот, суразмоўца заклікае жабінкаўцаў больш актыўна ўдзельнічаць у прышчэпачнай кампаніі, паколькі гэта дапамагае выпрацоўваць калектыўны імунітэт, які патрэбны, каб “вірус — наш агульны вораг — адступіў”.
Зараз, на думку Іосіфа Юзэфавіча, вакцынацыя — адзіны спецыфічны метад прафілактыкі. У сённяшніх умовах гэтая кампанія актуальная як ніколі, паколькі грып сам па сабе можа працякаць цяжка, а калі адбудзецца “наслаенне” дзвюх інфекцый, рызыка ўзнікнення ўскладненняў можа ўзрасці шматкроць. Перш-наперш пад увагаю людзі, якія маюць хранічныя захворванні, пажылыя, а яшчэ тыя, каму даводзіцца што-дня кантактаваць з вялікай колькасцю людзей (медыкі, гандляры, педагогі, прадстаўнікі іншых прафесій).
Дзеля правядзення асенне-зімовай прышчэпачнай кампаніі ў райбальніцы існуюць выязныя брыгады. Яны не толькі праводзяць вакцынацыю, але й займаюцца санітарна-асветніцкай работай, тлумачаць жабінкаўцам наколькі важна прывівацца супраць грыпу ва ўмовах пандэміі. Беражыце сябе і будзьце здаровы!
Анатоль РОСТАЎ

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top