Віншуем з узнагародай!

Дырэктар адкрытага акцыянернага таварыства “Вазнясенскі” Надзея Кандрацюк, якая паспяхова ўзначальвае гаспадарку дзевяць з паловай гадоў, мае ў скарбонцы шмат узнагарод — грамат, дыпломаў, па-дзяк. Сёлетняя юбілейная для Надзеі Рыгораўны восень прынесла ёй яшчэ адзін падарунак — Грамату Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта. Гэта ўзнагарода за шматгадовую плённую працу, дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў, значны асабісты ўклад у развіццё сельскагаспадарчай галіны.
ААТ “Вазнясенскі” неаднойчы станавіўся лепшай гаспадаркай у раённым спаборніцтве на ўборцы ўраджаю зерневых і зернебабовых культур. Нагадаем, што сёлета таварыства заняло другое месца, да таго ж у “Вазнясенскім” атрымана самая высокая ўраджайнасць збожжавых — 66,6 цэнтнера з гектара.

Ачышчаная плынь Жабінкі-ракі

Мінула 13 гадоў з часу, калі Жабінка прымала абласны кірмаш-фестываль “Дажынкі”. Сярод шматлікіх абнаўленняў тады праводзілася і капітальная ачыстка рэчкі, якая дала назву нашаму гораду. За гэты працяглы перыяд водная артэрыя моцна зарасла, плынь яе запаволілася. Таму жабінкаўцы з задавальненнем назіралі паміж 25 верасня і 10 кастрычніка, як метадычна адбывалася ачышчэнне ракі. Дзеля гэтага папярэдне быў складзены дэфектны акт і выдаткаваны з бюджэту 50 тысяч рублёў на рэканструкцыю. Як паведаміў начальнік ПМК-19 Сяргей Кузьмук, у ролі заказчыка выступіла Жабінкаўская ЖКГ, а непасрэдна работы выконвалі меліяратары. Нагадаем, агульная працягласць ракі Жабінкі, якая мае свае вытокі каля аграгарадка Пелішча Камянецкага раёна і ўпадае ў Мухавец паблізу Жабінкі, складае 25 кіламетраў. Гэтай восенню прыведзены ў належны стан адрэзак у гарадской рысе: ад гаражоў, размешчаных насупраць колішняй нафтабазы, да Мухінай ямы. Такім чынам, даўжыня рамонтных работ на рацэ вымяраецца ў 1075 метраў.

“Улоў” узнагарод

Юныя мастачкі дзіцячай школы мастацтваў прынялі ўдзел ва Усерасійскім адкрытым творчым конкурсе “Цудоўная рыба — 20”. У іх атрымаўся нядрэнны “ўлоў” узнагарод. Дыплом ІІ ступені ў намінацыі “Змешаная тэхніка” атрымала Юлія Гумянка за работу “Сонечная рыба”. Дыпломамі ІІІ ступені ўзнагароджаны Злата Мік’янец за “Рыбу-ноч” (намінацыя “Жывапіс”) і Соф’я Савіцкая за “Падводны свет”, выкананы ў змешанай тэхніцы.
Самая маленькая мастачка 8-гадовая Паліна Міхайлеўская за малюнак “Кіт” уганаравана дыпломам ІІ ступені.
Педагог дзяўчынак Галіна Бяляк атрымала Пісьмо падзякі за падрыхтоўку дыпламантаў конкурсу.

“Сэрцайка для мамы”

Так называлася святочнае мерапрыемства, пры-свечанае Дню маці, якое ладзілася ў цукразаводскім клубе. Вядучая Вольга Гардзейчык разам з вакалістамі Андрэем Войнашам, Галінай Міцковіч і Аляксандрам Чарнушычам пастараліся, каб гасцям было ўтульна і цікава. Гучалі цёплыя віншаванні са святам, матулі і бабулі адгадвалі загадкі, разам з дзецьмі выкладвалі кветкі, малявалі партрэты і частаваліся смачнай выпечкай. Выхаванцы вакальных студый Соф’я Царук, Мялання Муха, Насця Міцковіч, Віка Кіслая, Сяргей Каралькоў, Насця Трацэвіч і Насця Панасюк падарылі самым дарагім людзям свае песні.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top