Па “ўладара” і “лілею” — у “Хмелева”

Па “ўладара” і “лілею” — у “Хмелева”

Каля дзясятка гадоў ААТ “Хмелева” займаецца вырошчваннем “другога хлеба” і з гонарам завецца насенняводчай гаспадаркай на Жабінкаўшчыне.
Галоўны аграном Валянцін Казлюк у бульбе разбіраецца, бадай, як ніхто ў гаспадарцы: ведае ўсе “хітрыкі” вырошчвання культуры, якую яшчэ тры сотні гадоў таму прывёз у Еўропу цар Пётр І.
— Вось тут у нас расце “лілея”, а там — “вектар”, — расказвае і паказвае на доўгія рады-шнурочкі Валянцін Юр’евіч. — Засталося толькі дзесяць гектараў выкапаць. Надвор’е спрыяе: цёпла і пыл за камбайнам не “курыць”. Работы засталося на дзень-другі — і “перакур” да вясны.
А ў гэты час камбайн “Грым” павольна падкопвае радкі, і клубні спорна накіроўваюцца па транспарцёрах на прыёмны стол. Сарціроўшчыкі, што стаяць наверсе, спрытна выкідваюць некандыцыйныя бульбіны і камяні. Праз некалькі хвілін накапляльнік паўнюткі — час высыпаць “другі хлеб” у грузавікі, што чакаюць на ўскрайку поля. Апошнія дастаўляюць ураджай да гароднінасховішча. Там бульба праходзіць яшчэ адзін адбор — па памерах, загружаецца ў вялізныя адсекі па гатунках на захоўванне і ў сеткі — на продаж. Некандыцыйная бульба адпраўляецца на корм жывёле. Дарэчы, у гароднінасховішчы, якое разлічана на 3400 тон і пабудавана па сучасных патрабаваннях, падтрымліваецца неабходная тэмпература паветра і вільготнасць, таму клубні трымаюць тургар і маюць таварны выгляд да позняй вясны. Цяпер тут увіхаюцца сарціроўшчыкі, прыязджаюць гаспадары свойскай жывёлы, каб набыць “некандыцыю” на корм, а таксама тыя, хто хоча абнавіць сорт бульбы на сваім прысядзібным участку.
— Звычайна, вясной да нас едуць па сартавую бульбу, — тлумачыць Валянцін Казлюк. — А восенню ажыятаж на дробную, на корм, а таксама буйную для сябе. Ёсць такія, што прыязджаюць купіць пару кілаграмаў “на пробу” і вяртаюцца зноў, каб набыць некалькі сетак — на зіму. Камусьці “лілею” падавай, іншыя “ўладара” ці “скарб” просяць. Сёлета “вектар” спрабавалі вырошчваць — новы гатунак няблага паказаў сябе на хмелеўскіх палетках. Элітны “скарб” таксама ўрадлівы аказаўся. Сярэдняя аддача палёў — 157 цэнтнераў з гектара. У цэлым садзілі бульбу на ста гектарах. Як паказвае практыка, хапае і сабе, і на продаж.
Святлана КІСЛАЯ. Фота аўтара

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top