На Жабінкаўшчыне адзначылі Дзень маці

На Жабінкаўшчыне адзначылі Дзень маці

Словы пяшчоты і шчырай павагі амаль не сціхалі 14 кастрычніка ў гарадскім загсе ў гонар матуль. У сярэдзіне восені, на свята Пакроваў Прасвятой Багародзіцы, Беларусь традыцыйна адзначыла іх дзень. Адначасова павялічыўся спісак зямлячак, уганараваных ордэнам Маці.

Ордэн Маці — за клопат аб дзіцяці

Зараз на Жабінкаўшчыне роўна 500 шматдзетных сем’яў, 47 жанчын адзначаны ордэнам Маці. На вышэйшай узнагародзе, якую краіна ўручае жанчынам, што нарадзілі і выхавалі не менш за пяць дзяцей, — матуля і яе немаўлятка, сагрэтыя сонечнымі промнямі. Маці — абаронца дзіцяці з першых імгненняў, яго настаўніца ад самае калыскі да серабра ў скронях.
Урачыстасць падрыхтавалі супрацоўнікі загса і цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Першыя віншаванні — ад намесніка старшыні райвыканкама Іны Тарасевіч, якая не шкадавала добрых слоў у адрас жанчын, што пазналі шчасце мацярынства і штодня закладваюць у дзяцей парасткі дабра. Асобна Іна Уладзіміраўна спынілася на дзяржаўнай падтрымцы ў дачыненні да маці і дзіцяці ды выканала пачэсную місію: з яе рук ордэны атрымалі Алёна Збайчакова, Алена Хоміч і Марына Шорах. Чацвёртая матуля — Валянціна Гурына — па сямейных абставінах адсутнічала, але ўзнагарода абавязкова адшукае сваю гераіню трошкі пазней. Яе ордэн несумненна стане выдатнай рэліквіяй для мужа Мікалая і дзяцей Паўла, Надзеі, Максіма, Міхаіла ды гадавалай Волечкі.

Ад пяці да дзесяці

А цяпер — крыху пра ардэнаносных жанчын і іх дзяцей.
У сям’і Алены і Сцяпана Хомічаў выхоўваюцца пяцёра. Старэйшы сын Веніямін — студэнт Брэсцкага тэхнічнага ўніверсітэта, яго сястра Ганна, актыўная ўдзельніца школьных алімпіяд, вучыцца ў трэцяй гарадской, пагодкі Цімафей і Паліна — пакуль “дзетсадаўскія”, а самаму маленькаму Даніку найлепшая калыска — матуліны рукі.
У сям’і Шорахаў мужчын усяго двое: старэйшы — тата Аляксандр ды малодшы — сын Раман. А паміж імі — жаночы “кветнік”: мама Марына і дзяўчынкі Насця, Аня, Каця ды Наталля, якія вучацца ў другой гарадской.
Каб пазнаёміцца з самай вялікай сям’ёй у раёне, патрэбна завітаць у Старое Сяло. Алёна Збайчакова — маці 10 дзяцей. Старэйшыя Марына і Наташа — навучэнкі каледжаў у Пружанах і Пінску, Саша і Даша, Вераніка і Максім, Соня і Віталік асвойваюць навукі ў тутэйшай школе, Таня наведвае дзіцячы сад у Азятах, а наймалодшая Аня гадуецца пры маме ў вялікім новым доме, пабудаваным з дапамогаю дзяржавы, дзе Збайчаковы сёлета адзначылі наваселле.
На свяце разам са шчырымі словамі, шыкоўнымі букетамі матулі атрымалі падарункі і сертыфікаты ад прафсаюзных камітэтаў і прадпрыемстваў — цукровага завода, “АграАзятаў”, “Палескіх прастораў”.

“Тытулаваныя” асобы

Тытул самай-самай ці самага-самага можна атрымаць і ў пялёнках. Прынамсі, калі ты вызначыўся ў акцыі “Павінны нараджацца дзеці”, якая штогод ладзіцца да Дня маці.
Цырымонію ўганаравання пераможцаў правяла начальнік загса Галіна Аксюцік. Выбар аказаўся немалы, бо сёлета ўжо 186 жанчын на Жабінкаўшчыне спазналі шчасце мацярынства, падаравалі ўвесь цалюткі свет 97 хлопчыкам і 90 дзяўчынкам.
Уладальніцай тытула “Дзюймовачка 2020 года” стала Аліса Дрыч, якая нарадзілася 3 лютага з вагой у 1 кілаграм 950 грамаў ды ростам у 48 сантыметраў. Дзяўчынка хутка падрастае і важыць ужо амаль восем кіло, у мамы Анастасіі і таты Андрэя яна першаніца. Бацькі і вокам не паспеюць міргнуць, як іх прынцэса вырасце ды папросіць браціка або сястрычку… А пакуль падарунак за маленькую з рук старшыні райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Людмілы Валетавай атрымала яе матуля.
Сёлетні люты — месяц вельмі мяккі, калі памятаеце — падараваў і другога пераможцу — “Малыша-здаравячка”. Гэтае гордае званне па праву прысвоена Аляксандру Стрэчаню са Шпіталёў, які нарадзіўся 17 лютага з вагою больш за чатыры з паловай кілаграмы і ростам адразу ў 58 сантыметраў. Хлопчык — чацвёртае дзіця ў бацькоў, і, што цікава, цяпер у сям’і тры Сашы: тата, мама і сынок. Матуля атрымала за Аляксандра-малодшага віншаванні ды падарунак ад раённай прафсаюзнай арганізацыі АПК.
Калі сярод дзюймовачак ды здаравячкоў “барацьба” назіралася літаральна да апошняга дня, у самай складанай намінацыі “Двайное шчасце” канкурэнцыі не атрымалася. Гэта і не дзіўна: не кожны год на двайнятак багаты. Сёлета яны з’явіліся ў Наталлі і Сяргея Паліводаў з Ракітніцы. Іх шчаслівая “парачка” Настачка і Мікітка нарадзіліся 4 ліпеня, з розніцай у адну хвіліну. А вось розніца ў характарах значна большая: хлопчык светленькі, спакайнейшы, а сястрычка цёмнавалосая ды актыўнічае за дваіх. На жаль, на свята ў Жабінку Паліводы таксама не трапілі і таму свае падарункі атрымаюць дома.
На працягу вечарыны госці прымалі і музычныя віншаванні. Чароўна гучалі ў гонар матуль скрыпка, саксафон, акардэон у руках выкладчыкаў дзіцячай школы мастацтваў Алены Аўсяец, Аляксандра Трацюка і Вікторыі Шаўчук.
Анатоль РОСТАЎ
Фота Святланы КІСЛАЙ

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro