МІНІСТЭРСТВА АХОВЫ ЗДАРОЎЯ: КАРАНАВІРУС ПЕРАСТАНЕ БЫЦЬ ПАНДЭМІЧНЫМ ДА ЛЕТА 2021 ГОДА

МІНІСТЭРСТВА АХОВЫ ЗДАРОЎЯ: КАРАНАВІРУС ПЕРАСТАНЕ БЫЦЬ ПАНДЭМІЧНЫМ ДА ЛЕТА 2021 ГОДА

Пандэмія каранавіруса завершыцца да лета 2021 года, лічыць выконваючы абавязкі міністра аховы здароўя Дзмітрый Піневіч. Аб гэтым ён заявіў у час сустрэчы са студэнтамі Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.

Летам захваральнасць на COVID-19 знізілася, цяпер настала так званая новая хваля. «Штам будзе пандэмічным паўтара года. Мы пра яго забудзем як пра пандэмічны толькі к лету наступнага года», — сказаў Дзмітрый Піневіч.

Паводле яго слоў, вірус знізіў сваю вірулентнасць. Тым не менш ён па-ранейшаму ўяўляе сабой асаблівую небяспеку для людзей пажылога ўзросту. Заўважана таксама, што ў цэлым пацыентамі сталі маладзейшыя.

Узровень захваральнасці цяпер прыкладна ў два разы ніжэйшы за вясенні перыяд. Гэта датычыцца і колькасці шпіталізаваных. Пачалася работа па перапрафіляванні ложкавага фонду на прыём кавідных пацыентаў. «Мы чакаем, што сітуацыя будзе складанай. Але лічым, што тыя стандарты лячэння, якія былі выпрацаваны яшчэ вясной, дадуць магчымасць прайсці гэту сітуацыю», — адзначыў выконваючы абавязкі міністра. Ён дадаў, што ў краіну паступілі нізкамалекулярныя гепарыны і прэпарат Рэмдэсівір, што выкарыстоўваюцца для лячэння пацыентаў з COVID-19.

Паводле слоў Дзмітрыя Піневіча, рэакцыя арганізма чалавека на каранавірус адназначна адрозніваецца ад уплыву сезоннага грыпу. Многія са студэнтаў, хто быў у рэанімацыі, гэта бачылі. Але паралізаваць цяпер усе сферы жыцця, у тым ліку працэс навучання, будзе вельмі вялікай памылкай, упэўнены ён.

«Пераводзіць усё ў анлайн-рэжым і вучыцца майстэрству лячэння, знаходзячыся ў інтэрнаце? Сусвет пасля COVID-інфекцыі зменіцца. Некаторыя лічаць, што для адных навучанне будзе вочным, каля ложка хворага, у кантакце з выкладчыкам, а для астатніх — дыстанцыйным, такім чынам, і якасць будзе адпаведнай. Мы павінны падысці з розумам, улічваючы ўсе рызыкі і пагрозы», — сказаў выконваючы абавязкі міністра. Ён лічыць, што для студэнтаў-медыкаў максімальна павінна быць захавана вочнае навучанне. Але па магчымасці трэба арганізоўваць і анлайн-лекцыі.

На сустрэчы студэнты таксама цікавіліся, ці будзе ўлічвацца работа ў «чырвоных зонах» на канчатковым размеркаванні. Дзмітрый Піневіч адказаў станоўча. «На размеркаванні ўсе, хто працаваў у «чырвоных зонах» атрымаюць бонусы», — сказаў ён.

БелТА

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro