Сям’я… — як многа ў гэтым слове

Сям’я… — як многа ў гэтым слове


Сям’я, як вядома, галоўная чалавечая каштоўнасць, крыніца натхнення, астравок чысціні, шчасця і вернасці.
8 ліпеня Праваслаўны свет адзначыў Дзень сям’і, кахання і вернасці, прымеркаваны да Дня памяці Мурамскіх цудатворцаў князя Пятра і яго жонкі Фяўроніі, якія на працягу ўжо больш за 800 гадоў лічацца апекунамі сямейнай згоды і шлюбу.
Свята-Пакроўскі храм сумесна з тэрытарыяльным Цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва 10 ліпеня падарылі васьмі жабінкаўскім сем’ям і маладым людзям, якія толькі збіраюцца стварыць свой “сямейны ачаг”, сапраўднае свята шчасця, кахання і вернасці.


Напэўна многія ведаюць гісторыю кахання святых Пятра і Фяўроніі. Ён быў князем, яна — простай сялянкай. Калі Пётр захварэў, а ўсе лекі аказаліся бездапаможнымі, ён звярнуўся да Фяўроніі, якая змагла выратаваць князю жыццё. Узамен Пётр павінен быў ажаніцца з мудрай дзяўчынай. Аднак, гэта не спадабалася баярам. Пётр выбраў простае чалавечае шчасце. У пажылым узросце муж і жонка пайшлі ў манастыр і малілі Бога аб тым, каб памерці ў адзін дзень. Так і атрымалася, і гэтым днём стала 8 ліпеня 1228 года. Яны завяшчалі пахаваць сябе ў труне, вырабленай з аднаго каменю, з тонкай перагародкай. Манахі палічылі гэта несумяшчальным з духоўным званнем і паклалі іх целы паасобку. Але на наступны дзень, як гаворыць паданне, яны апынуліся разам, каб быць неразлучнымі ў вечнасці…
Абрадавая зала Жабінкаўскага аддзела ЗАГС для святкавання была абрана не выпадкова, таму што свой шлях у сямейнае жыццё пачыналі многія з запрошаных пар. Шчырыя дзіцячыя ўсмешкі ў зале і рамонкі, якія з’яўляюцца сапраўдным сімвалам чысціні і кахання, сталі ўпрыгажэннем свята.
Ушаноўвалі ў гэты дзень сем’і, якія толькі пачынаюць свой жыццёвы шлях, і тых, хто штодзённымі сямейнымі клопатамі жыве ўжо больш за дзясятак гадоў, і ніводную з іх не абмінуў бусел, да таго ж залятаў не аднойчы і кожны раз прыносіў сыночка альбо дачушку.
— Вельмі важна навучыцца любіць і шанаваць чалавека, які знаходзіцца побач, не таму, што ён прывабны знешне, а проста за тое, што ён прыгожы сваёй душой. Гэтая душэўная прыгажосць ёсць у кожнага, — адзначаў ва ўступным слове айцец Сергій Петрусевіч, настаяцель Свята-Пакроўскага храма г. Жабінка. — Галоўнае, захоўвайце каханне ў сваіх сэрцах, бо сёння мы бачым, што на 1000 зарэгістраваных шлюбаў даводзіцца аж 800 іх скасаванняў…
Цікава было пачуць гісторыю кахання кожнай сям’і. У сяброўскай, напоўненай шчырымі эмоцыямі атмасферы сямейныя пары дзяліліся вопытам, раскрывалі сутнасць такога паняцця, як сям’я. Некаторыя збянтэжанна, іншыя спакойна, але з гарачым пачуццём, зноў прызнаваліся ў каханні, распавядалі прысутным, за якія душэўныя якасці палюбілі сваю палавінку. Маленькім дзеткам таксама не даводзілася сумаваць. Для іх царкоўная школа падрыхтавала цікавыя відэаролікі, а раённая арганізацыя Фонду міру паклапацілася аб тым, каб сталы не засталіся без салодкіх сюрпрызаў.
Адзін з самых прыемных момантаў — атрыманне падарункаў. Айцец Сергій Петрусевіч уручыў кожнай запрошанай пары рэдкія абразы, а раённы камітэт прафсаюза работнікаў АПК падрыхтавала невялікія, але патрэбныя ў сямейным ужытку рэчы.
Дар’я ПАДАЛІНСКАЯ.
На здымках: тата Аляксандр Шорах са сваімі дачушкамі; сям’я Карпукоў атрымлівае падарунак ад айца Сергія.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top