У “АграАзятах” прыступілі да ўборкі кукурузы

У “АграАзятах” прыступілі да ўборкі кукурузы

На Жабінкаўшчыне пад кукурузу адведзена 8520 гектараў. Частка пасеваў ідзе на нарыхтоўку кармоў у выглядзе сіласу, астатняе пакідаецца на зерне. Гэта дазваляе гаспадаркам падрыхтаваць насенны фонд і забяспечыць дадатковы спажыўны корм грамадскаму статку.
У “АграАзятах” на мінулым тыдні прыступілі да ўборкі кукурузы на зерне. “Каралева палёў” займае тут амаль паўтары тысячы гектараў, з якіх на зерне — 900.
— Сёлета аддалі перавагу замежным сартам, — расказвае галоўны аграном Сяргей Зінкевіч. — Набылі насенне дзвюх правераных фірм-пастаўшчыкоў: “КWS” і “Сянгента”. Гэта гатункі “ранальдзіньё”, “рыкардзіньё”, “апгарок”, “рэспект”, “гітага” і “ратанга”. Аб зробленым выбары шкадаваць не давялося: яны выдатна растуць на нашых глебах.
Пацверджанне гэтых слоў — поле ля вёскі Целякі, дзе якраз убіраюцца высокія сцябліны. Яны такія доўгія, што ў пасевах амаль не бачна камбайна.
— Тут расце “ранальдзіньё” — наш чэмпіён, — з цеплынёй, быццам пра чалавека, кажа аграном. — У першыя дні з убраных 42 гектараў атрымалі 424 тоны зерня. У сярэднім атрымліваецца 101 цэнтнер з гектара. Гэта — на ўскраінах і ўзвышшах. У нізінах, улічваючы нестабільны па ападках год, будзе больш. Гэты сорт цікавы тым, што на сцябліне завязваецца толькі па адным пачатку.
На маніторы бартавога камп’ютара камбайнера Васіля Каралюка (на здымку) процьма малюнкаў і дыяграм. На адным з іх мільгаціць лічба — 150 цэнтнераў з гектара. І ў гэты час тэхніка амаль “з галавою” хаваецца ў кукурузе. Літаральна праз некалькі хвілін на кабіне камбайна запальваецца лямпачка, што азначае: бункер поўны, вадзіцель, не зявай, кузаў МАЗа пад пагрузку падстаўляй!
— Такі ўраджай і ўбіраць прыемна, — кажа камбайнер. — Учора, напрыклад, 176 тон зерня намалаціў. На тым тыдні на Маларытчыне працавалі, дык там поўны круг зрабіць трэба, каб бункер запоўніць. А тут — любата! Надвор’е сонечнае, цёплае. Абеды прама ў поле дастаўляюць, камбайн новенькі, толькі на жніве апрабаваны. Усё выдатна. Пачаткі, праўда, сыраватыя — дасушваць зерне давядзецца . Дзеля гэтага запусцілі ўжо дзве “мекмараўскія” зернесушылкі. Засмучае толькі, што памочнік мой на бальнічны ложак патрапіў: сэрца прыхапіла, “рамонту” патрабуе. Хочацца, каб ён хутчэй вярнуўся ў строй.
Як расказаў кіраўнік гаспадаркі Сяргей Шык, кукуруза ў “Агра-Азятах” займае пачэснае месца. З яе плануецца атрымаць каля 10 тысяч тон зерня. Частка будзе высушвацца на ўстаноўках унутры гаспадарак, астатняе па дамоўленасці дапаможа давесці да кандыцыі Жабінкаўскі камбікормавы завод. Брэсцкі мясакамбінат гатовы купіць у азятчукоў пэўную колькасць кукурузнага зерня, каб уводзіць яго ў рацыён гадаванцаў свінакомплексу ў Сычове. Дый пра грамадскі статак не забываюць: рагулям нарыхтавалі амаль 300 тон “драблёнкі” ў поліэтыленавых рукавах побач з фермай, а таксама назапасілі 6813 тон кукурузнага сіласу (пры плане 7500 тон). Зімоўка для насельнікаў малочнатаварных фермаў дакладна не будзе галоднай: ужо нарыхтавана 52 цэнтнеры кармавых адзінак на ўмоўную галаву — гэта найлепшы паказчык у раёне.
Святлана КІСЛАЯ
Фота аўтара

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro