14 кастрычніка ў нашай краіне адзначаецца Дзень маці

14 кастрычніка ў нашай краіне адзначаецца Дзень маці

Нездарма для яго святкавання выбралі 14 кастрычніка. У гэты дзень мы таксама сустракаем свята Пакроваў Прасвятой Багародзіцы. Таму, ушаноўваючы памяць аб подзвігу Маці Божай, аддаем пашану і ўсім матулям — жанчынам, што дораць жыццё.
Як добра і лагодна на душы, калі вас абдымае мама! Як спакойна і ўтульна каля матчынага сэрца! Усе праблемы адразу забываюцца, бо ведаеш, што ты ў бяспецы, калі з табою побач родны чалавек. Яна заўсёды гатова працягнуць руку дапамогі, яна клапоціцца пра цябе ў любым узросце. А мы, дзеці, у сваю чаргу павінны быць удзячны матулі, і не толькі на словах. Напярэдадні Дня маці жыхары раёна падабралі шчыря словы і прызналіся ў любові самаму блізкаму чалавеку.
Аксана МАКСІМУК, фельчар, Старое Сяло:
— Маці — чалавек, які падарыў табе жыццё, стаў тваёй лепшай сяброўкай, моцным плячом у цяжкія хвіліны, мяккай падушкай, у якую можна паплакаць… Маці — гэта цяпло, якое грэе цябе заўсёды. Я ўдзячна сваёй матулі за яе любоў да нас, за разуменне і цярпенне. Родная, непаўторная мама, я цябе вельмі моцна люблю. Гэтыя словы хачу паўтараць табе штодзённа, але ты і сама ведаеш пра гэта. Ты чытаеш мае думкі па адным толькі позірку.
Ксенія ДРУШЧЫЦ, вучаніца 3 класа Старасельскай СШ:
— Я люблю маю матулю за тое, што яна мяне шкадуе, паважае, дапамагае мне ў вучобе і ніколі не пакідае мяне! Ганаруся сваёй добрай і шчырай матуляй. Грэе сэрца яе добры і спагадлівы погляд. Заўсёды буду любіць і шанаваць яе.
Анастасія ЦЕРАЗ, настаўнік беларускай мовы, Ракітніца:
— Мая маці для меня — абаронца. Усё маё дзяцінства ёй даводзілася дапамагаць мне змагацца з цяжкасцямі лёсу, з абставінамі, з якімі я сутыкалася, калі яна выйшла замуж за майго айчыма. Пераезд з горада ў вёску, пошук новых сяброў, набыццё жыццёвага вопыту вызначылі ролю матулі ў маім жыцці як заступніцы. Словы падзякі я хачу выказаць ёй, па-першае, за тое, што жыву на гэтым свеце, па-другое, што набыла новую сям’ю, за самага лепшага бацьку, якому таксама вельмі ўдзячна. Калі б я не апынулася ў вёсцы Старое Сяло, мабыць, і не сустрэла б сваё каханне, і не мела б такіх цудоўных дзяцей.
Яна КАВАЛЬЧУК, студэнтка БДПУ імя Максіма Танка, Старое Сяло:
— Матуля — мой самы дарагі чалавек, мой верны сябра! Люблю яе ўсім сэрцам. Яна не толькі добрая маці — яна цудоўны чалавек! Лепшай жанчыны я не сустракала. Яна навучыла мяне самаму важнаму і добраму: паважаць старэйшых, не губляць веры ў сябе. Адзін з галоўных яе ўрокаў — быць самастойнай, умець адказваць за свае ўчынкі, заўсёды аналізаваць сітуацыю. Таму што з усяго можна атрымаць вопыт. За што я асабліва ёй удзячная? Матуля заўсёды дае магчымасць мне самой зрабіць выбар: наступіць на граблі або абмінуць іх.
Таццяна ЯРАШУК, настаўнік хіміі, Азяты:
— Маці — мой самы блізкі чалавек, яна заўсёды выслухае і падтрымае ў цяжкую хвіліну, дасць параду ў любой сітуацыі. Яшчэ я скажу, што матуля — гэта самая цярплівая жанчына. Хачу падзякаваць ёй за любоў і пяшчоту, за клопат і ўменне прабачаць.
Аляксандр ІГНАЦЮК, праграміст, Азяты:
— Мама — самае цудоўнае слова, якое прыгожа гучыць на розных мовах свету. Люблю сваю матулю за цеплыню, клопат і давер, за дабрыню і жыццёвыя парады. А як яна смачна гатуе! Маміны пірагі — самыя лепшыя ў свеце.
Наталля АНІСКЕВІЧ, настаўнік фізікі, Азяты:
— Я вельмі моцна люблю сваю матулю Таццяну Аляксееўну Рагалевіч. Яна дала мне жыццё, выгадавала, выхавала. Матуля — мая дарадчыца, яна добрая і ласкавая. Вельмі ўдзячна сваёй маме, таму што ўсё лепшае, што маю, — ад яе.
Наталля ЗБАЙЧАКОВА, студэнтка, Старое Сяло:
Мама — гэта цэлы свет! Самы блізкі і дарагі чалавек! Для мяне яна заўсёды застаецца ідэалам. Гэта тая жанчына, якая дорыць мне, маім брацікам і сятрычкам жыццё, пяшчоту і любоў. Матулю ніхто не зможа замяніць. Я дзякую ёй за тое, што яна навучыла мяне ўсяму самаму важнаму, за падтрымку і клопат, за тое, што церпіць мой упарты характар.
Апытвала Вольга ДРУШЧЫЦ

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro