Вышэйшая ўзнагарода — мацярынства

Вышэйшая ўзнагарода — мацярынства

Для любога з нас: дзіцяці, падлетка, юнака, пасівелага дарослага — мама — самы родны і дарагі чалавек на зямлі, які даў нам жыццё і магчымасць радавацца яму. Матуля — працаўніца, карміліца, заступніца. У цяжкія хвіліны яна дапамагае праменьчыкамі сваёй любові: свеціць, калі цёмна; сагравае, калі холадна; падзеліцца апошнім скрылечкам ежы, калі голадна; затуліць грудзьмі, калі адчуе небяспеку.
Амаль чвэрць стагоддзя 14 кастрычніка ў Беларусі святкуюць Дзень маці. Падчас яго мы выказваем словы падзякі ўсім жанчынам, якія з гонарам выконваюць сваю галоўную місію — мацярынства.
На Жабінкаўшчыне ў большасці сем’яў пануюць утульнасць, згода, шчырасць, мудрасць. Асаблівая пашана шматдзетным сем’ям, якіх у раёне 500, і ў іх выхоўваецца 1364 непаўнагадовыя дзіцяці. Вышэйшай узнагародай мацярынства — ордэнам Маці — адзначаны 43 жыхаркі Жабінкі і раёна. Сёння ў святочны дзень яго атрымаюць яшчэ чатыры: Алёна Збайчакова, Валянціна Гурына, Алена Хоміч і Марына Шорах.
Многія гады сем’і, якія выхоўваюць дзяцей, паводле заканадаўства Беларусі атрымліваюць розныя віды дзяржаўных дапамог: у сувязі з нараджэннем першага, другога і наступных дзяцей, па доглядзе малога да трох гадоў, адрасную сацыяльную дапамогу і іншыя. Сёлета штомесячная сацыяльная дапамога назначана 32 сем’ям на суму 78 625,27 рублёў, аднаразовая — 21 сям’і на суму 7 130 рублёў, у выглядзе забеспячэння прадуктамі харчавання дзяцей першых двух гадоў жыцця — 29 дзецям на 25 416,81 рублёў. Матэрыяльную дапамогу са сродкаў Фонду сацыяльнай абароны Беларусі атрымалі 40 сямей з дзецьмі-інвалідамі на 5020 рублёў.
Выплата аднаразовай матэрыяльнай дапамогі да 2020/2021 навучальнага года шматдзетным сем’ям склала 38 560 рублёў. Яе атрымалі 459 сям’яў, у якіх выхоўваюцца 964 школьнікі. Такое прадугледжана падпраграмай “Сям’я і дзяцінства” дзяржаўнай праграмы “Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь” на 2016-2020 гады. Фінансаванне ажыццяўляецца з мясцовых бюджэтаў. Не засталіся ўбаку прадпрыемствы раёна. Іх адлічэнні склалі 65 190,92 рублі на 862 школьнікаў з 556 сем’яў.
Новы від дзяржаўнай дапамогі — сямейны капітал. Гэта аднаразовая дзяржаўная дапамога, якая даецца ў форме безнаяўных грашовых сродкаў пры нараджэнні трэцяга і наступных дзяцей у 2015-2019 гадах і 2020-2025. Такая дапамога ў Жабінкаўскім раёне назначана 385 сем’ям. З 1 студзеня 2020 года датэрмінова сродкі сямейнага капіталу былі выкарыстаны ўжо 141 сям’ёй па наступных напрамках: на паляпшэнне жыллёвых умоў, медыцынскія паслугі, атрыманне на платнай аснове членамі сямей вышэйшай адукацыі першай ступені, сярэдняй спецыяльнай адукацыі.
Давайце будзем берагчы, шанаваць і любіць сваіх матуль, тэлефанаваць, праведваць, радаваць прыемнымі падарункамі. Нізкі паклон вам, родныя нашы. Няхай вас заўсёды атуляе паўсядзённы клопат блізкіх, дзеці цешаць поспехамі, унукі дораць цяпло і ўвагу. Будзьце здаровымі і шчаслівымі.
Вольга РЭБЯКЕЎША, загадчык аддзялення ДУ “Жабінкаўскі ТЦСАН”

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro