Сёння — Сусветны дзень пошты

Сёння — Сусветны дзень пошты

Заўсёды з добрым настроем спяшаецца да сваіх падпісчыкаў паштальён першага аддзялення паштовай сувязі ў Жабінцы Надзея Юхімук. Яна — жаданы госць у дамах многіх жабінкаўцаў. У сумцы паштальёна сярод шматлікіх часопісаў і газет важнае месца займае наша раёнка. Яна прыходзіць у 155 кватэр і дамоў. Гэта адзін з лепшых паказчыкаў па падпісцы ў аддзяленні.
Надзея Пятроўна памятае, як у дзяцінстве сама чакала прыходу лістаношы, спадзявалася, што ў вялікай сумцы будзе і для яе газета ці пісьмо. І нават не падазравала, што з цягам часу з такім жа нецярпеннем людзі будуць чакаць яе прыходу.
— Калі з’явілася магчымасць атрымаць работу паштальёна, адразу згадзілася, — гаворыць жанчына. — Зараз ніколькі не шкадую, што зрабіла такі выбар. Прынялі мяне ў першым аддзяленні паштовай сувязі з адкрытай душой. Вельмі ўдзячна тагачаснаму начальніку Ірыне Прыступа і сённяшняму — Марыне Мілашэўскай. Гэта пісьменны і адказны кіраўнік, спагадлівы і добразычлівы чалавек. Наогул у нас цудоўны калектыў, тут пануюць падтрымка і ўзаемапавага.
У паштовай сферы Надзея Юхімук працуе ўсяго тры з паловай гады, але ў яе самой і калег адчуванне такое, што разам яны шчыруюць даўно-даўно. Прыветлівая, усмешлівая, тактоўная жанчына з першых дзён стала сваёй у калектыве паштавікоў. Дарэчы, тое ж самае маглі сказаць і яе калегі з цэнтральнай раённай бальніцы, дзе Надзея Пятроўна рупілася доўгі час санітаркай.
— Люблю працаваць з людзьмі, — кажа мая суразмоўніца. — Усе яны розныя, але лічу, што дрэнных сярод іх не бывае. Да ўсіх, каго абслугоўваю, стаўлюся з павагай і разуменнем.
З нецярпеннем чакаюць свайго паштальёна людзі шаноўнага ўзросту. Надзея Юхімук дастаўляе ім не толькі пісьмы і газеты, але й пенсію, тавары паўсядзённага ўжытку.
— Часта пенсіянеры расказваюць пра сваіх дзяцей, унукаў. Дзеляцца не толькі радасцю, але і сваімі праблемамі. Кожнаму чалавеку прыемна, калі яго выслухаюць, падбадзёраць. Мне падабаецца гутарыць з людзьмі. Пенсіянеры ў мяне на ўчастку выдатныя. Ужо іду да іх як да сваякоў.
Надзея Пятроўна закідвае сумку на плячо і спяшаецца на свой участак пад нумарам пяць. У зоне яе абслугоўвання — няцотныя дамы на вуліцы Цэнтральнай, Кірава, 101, Міру, 30 і 32, Скарыны, 13 і 15, новабудоўлі на Зарэчнай і прыватны сектар у Жабіначцы. У асноўным гэта шматпавярхоўкі. За дзень па рабоце жанчына праходзіць шмат кіламетраў і дзясяткі разоў падымаецца на паверхі, асабліва калі трэба ўручыць пенсію ці заказную карэспандэнцыю.
Сумка паштальёна, дарэчы, па правілах павінна важыць не больш за сем кілаграмаў. А што, калі прэсы вельмі шмат? Тады давядзецца разнесці адну партыю, а потым вярнуцца па другую.
— Наша прафесія карысная для здароўя, хадзьба сэрца ўмацоўвае, — дадае Надзея Пятроўна. — А здароўе — самае каштоўнае багацце.
Што яшчэ важна для паштальёна? Бадай, добрая памяць і ўсмешка. Калі працуеш з людзьмі, ты не маеш права на дрэнны настрой.
— Я аптымістка па натуры. А ў нашай рабоце па-іншаму нельга, — кажа Надзея Юхімук. — Працаваць трэба з рознымі кліентамі і ў любое надвор’е. Калі, як зараз, свеціць сонца, то хадзіць па ўчастку — адно задавальненне. Калі ж нябесная канцылярыя прыносіць сюрпрызы ў выглядзе моцных ападкаў, патрабуецца спецыяльная экіпіроўка: гумовыя боты, курткі, плашчы. Але я не прывыкла скардзіцца, для мяне ўсялякае надвор’е “благадаць”.
А складанасцяў, дарэчы, хапае: пасада паштальёна матэрыяльна-адказная — выдача пенсій, падпіска.
— У век інтэрнэту асабліва цяжка сагітаваць падпісацца на перыядычныя выданні маладых людзей: патрэбную інфармацыю яны знаходзяць у сусветным сеціве, — дзеліцца паштальён. — Але пасля ўгавораў маладыя мамы пагаджаюцца выпісаць часопісы для сябе і дзетак.
У асноўным, па словах Надзеі Юхімук, жыхары яе ўчастка выпісваюць “Сельскую праўду”, “Зарю”, “Сельскую газету”, “Рэспубліку”, “Однако, жизнь”, “Советчицу”, “Друг пенсионера”…
— Надзеі Пятроўне немагчыма адмовіць, — кажа адна з яе пастаянных падпісчыц Алена Макасюк. — Гэта цудоўная, ветлівая жанчына, якая добра ведае людзей і ўчастак як свае пяць пальцаў. Яна — выдатны псіхолаг і дарадчык, адказна ставіцца да працы, вельмі прыемны ў зносінах чалавек. А для паштальёна, які пастаянна сярод людзей, гэта важная рыса. Бездакорны давер і павагу яна за час працы ўжо заслужыла.
Наталля ВАЛОШКА
Фота аўтара

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro