Іх чакаюць з нецярпеннем

Іх чакаюць з нецярпеннем

З надыходам восені свайго жыцця пажылыя людзі асабліва адчуваюць патрэбу ў дапамозе, клопаце, увазе. Добра, калі дзеці, унукі жывуць у адным доме з імі або недалёка. Але нярэдка бывае: родныя крывіначкі пускаюць карані ў іншых краях нашай Сінявокай і не так часта прыязджаюць да бацькоў, дзядуляў-бабуль. Здараецца і такое, што няма ўжо сваякоў у старога нямоглага чалавека. У такіх выпадках на дапамогу людзям сярэбранага ўзросту прыходзяць сацыяльныя работнікі. Нярэдка яны становяцца бліжэй за родных для сваіх падапечных, і тыя чакаюць чарговай сустрэчы з нецярпеннем.
“Яна мне дачку замяняе”
Так гаворыць жыхарка Жабінкі Валянціна Слясарчык пра свайго сацыяльнага работніка Алену Макасюк. Валянціна Іванаўна дзякуе ёй, што заўсёды ўздымае настрой, знаходзіць патрэбныя словы і ключыкі да сэрцаў пажылых людзей. Шэсць гадоў прыходзіць Алена Фёдараўна на Зарэчную, 6 як да сябе дахаты. А ўвогуле за яе плячыма амаль два з паловай дзясяткі гадоў няпростай службы на карысць пажылых людзей ды інвалідаў. Сёння клопатам і апекай вопытнага сацыяльнага работніка атулены восем жыхароў вуліц Цэнтральнай, Зарэчнай, Мала-
дзёжнай і завулка Кааператыўнага. Сярод іх — інваліды першай і другой груп, ёсць ляжачыя. Алена Фёдараўна не скардзіцца на няпростую працу: “А каму зараз лёгка?” Пра работу расказвае з гумарам, без якога, мабыць, было б немагчыма спраўляцца са штодзённым аб’ёмам абавязкаў. Прыгадвае такі выпадак. “Алена, ты ў які раз па прадукты сёння прыйшла, у пяты?” — спыталіся неяк у яе прадаўцы магазіна
№ 15, што ў мікрараёне бальніцы. “Трэба будзе — прыйду і ў дзясяты, абы задаволіць маіх бабуль і дзядуляў”, — адказала жанчына. Тут добра ведаюць не толькі Алену Фёдараўну, але і тое, якім прадуктам аддаюць перавагу яе падапечныя. Сацыяльны работнік — часты госць і ў паліклініцы, і ў аптэцы. Неабходна выпісаць рэцэпт, купіць лекі, аднесці адрасатам. За дзень находзішся-набегаешся так, што ног не чуеш. Але няпроста не толькі фізічна, але й псіхалагічна. “Да кожнага трэба знайсці падыход, настроіцца на адну хвалю”, — дзеліцца Алена Макасюк.
З удзячнасцю прыгадвае яна колішніх загадчыкаў аддзялення надомнага абслугоўвання Жабінкаўскага ТЦСАН Наталлю Іваноўскую, Святлану Чарнавец, Раісу Мышкавец, пад кіраўніцтвам якіх давялося працаваць, і сённяшняга — Наталлю Адзінец. “Калі б не мудрасць і справядлівасць Наталлі Уладзіміраўны ды тое, што не магу сядзець без справы, напэўна, я б ужо не працавала, бо тры гады, як павінна знаходзіцца на заслужаным адпачынку”. Да слова, Алена Фёдараўна ў кастрычніку адзначыць 60-гадовы юбілей. Але маладосці ў душы, жвавасці ды рухавасці ёй не займаць. Так трымаць!
“Люблю іх, як родных”
Чатырнаццаць гадоў спяшаецца да сваіх бабулек і дзядулек, як яна іх ласкава называе, сацыяльны работнік Галіна Бенедысюк. Яна абслугоўвае вёскі Малыя Якаўчыцы, Стаўпы, Мацясы і Вандалін. Апошняя кропка — самая далёкая. Вяртаючыся дадому, адзінаццаць кіламетраў ад Вандаліна да родных Глінянак, што ў Кобрынскім раёне, жанчына пераадольвае на веласіпедзе. Пяць разоў на тыдзень! А Галіне Паўлаўне далёка не васямнаццаць: 1 верасня споўнілася 55.
“Затое я мініяцюрная і вяду здаровы лад жыцця, — бадзёра адказвае яна на маё здзіўленне. — Прывыкаеш, стомы не адчуваеш, калі ведаеш, што цябе чакаюць. Бабулечкі-дзядулечкі мае харошыя, іх у мяне восем, люблю іх як родных. І яны да мяне ставяцца прыхільна, паважаюць, з радасцю сустракаюць”.
“Іван Сцяпанавіч Саўко з Мацясоў не дзядок, а анёлак: добразычлівы, чысцюля, акуратыст, — дзеліцца Галіна Паўлаўна. — Прыйдзеш да яго, а ён посуд за сабой памыў, смецце падмёў, хоць і мае за плячыма 85 гадоў, ходзіць з дапамогай кіёчкаў. Яго дачка жыве ў Маладзечне Мінскай вобласці, нячаста прыязджае. Цяжкі лёс Івана Сцяпанавіча: рана застаўся без маці, выхоўвалі яго бацька з мачыхай. З шаснаццаці пачаў працаваць. Не песціў яго лёс і ў шлюбе: жонка з цягам часу захварэла. Сам даглядаў яе, ляжачую, больш за 10 гадоў, і ўся гаспадарка была на ім: і зямлю абрабляў, і карову даіў, і свіней карміў…”
З цеплынёю расказвае Галіна Бенедысюк пра “бабу Валю” — Валянціну Іванаўну Галавейка з Вандаліна. Каля трыццаці гадоў тая рупілася даяркай у калгасе. “Жвавая, працалюбівая, сама садзіць агарод, кветнік, сама палівае, нікога да красак не падпускае, — кажа сацыяльны работнік. — Адзіны сын у Брэсце жыве, маці чакае яго прыездаў з нецярпеннем”.
“Заходзіш у дом і адразу адчуваеш настрой гаспадара ці гаспадыні. А ён, як вядома, не заўсёды добры бывае: рознае ў чалавека здараецца, — расказвае Галіна Бенедысюк. — Трэба выслухаць, падтрымаць, пастарацца настрой узняць. А яшчэ есці наварыць, прыбраць, вады, дроў, брыкету прынесці, па прадукты ў краму схадзіць”.
Да кожнага свайго падапечнага жанчына завітвае двойчы-тройчы на тыдзень, а ў сям’ю Галіны Сцяпанаўны Жоўнач са Стаўпоў, якая выхоўвае двух сыноў-інвалідаў, — штодзённа акрамя выхадных.
Праца сацыяльнага работніка няпростая, але Галіна Паўлаўна не скардзіцца, кажа: “Цяжка несці ношу, але й шкада кінуць, як кажуць у народзе”.
А дома жанчыну чакае сям’я і гаспадарка: разам з мужам Аляксандрам Андрэевічам трымаюць карову, свіней, свойскую птушку. Трое сыноў і дачка ўжо дарослыя, трэба ж дзецям дапамагаць!
Не пакінуць у бядзе
Загадчык аддзялення надомнага абслугоўвання Жабінкаўскага ТЦСАН Наталля Адзінец задаволеная працай Алены Макасюк і Галіны Бенедысюк, іх адносінамі да сваіх абавязкаў. “Яны на сваім месцы: міласэрныя, адказныя, працавітыя, ніколі не пакінуць чалавека ў бядзе”, — адзначае Наталля Уладзіміраўна.
Усяго ж у аддзяленні працуюць 53 сацыяльныя работнікі, 23 сядзелкі і пяць нянечак, якія абслугоўваюць больш за 270 пажылых людзей і інвалідаў.
Няхай восень жыцця людзей сярэбранага ўзросту будзе цёплай і ўтульнай, бесхваробнай і бясслёзнай, няхай часцей расчыняюцца дзверы ў іх хаты ды завітваюць з добрымі весткамі і пачастункамі госці. Здароўя вам, шаноўныя, і доўгіх гадоў жыцця!
Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК
Фота аўтара
На здымку: сваёй дачкой лічыць Валянціна СЛЯСАРЧЫК сацыяльнага работніка Жабінкаўскага ТЦСАН Алену МАКАСЮК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top