Беларусь — гэта мы!

Беларусь — гэта мы!

Маладзёжны форум для юнакоў і дзяўчат з розных куткоў Брэстчыны прайшоў у мінулую суботу ў Лядовым палацы ў Баранавічах. Спачатку маладыя людзі мелі магчымасць у фае пазнаёміцца з выставамі і дасягненнямі сваіх аднагодкаў, прыняць удзел у рабоце некалькіх платформ: “Беларусь — крынiца натхнення”, “Труд — крут”, “Живи ярко”, “БРСМ: будь с нами”, “Беларусь — это мы!”, атрымаць аквагрым у нацыянальным стылі, пафатаграфавацца ў фотазонах, палюбавацца выдатнымі здымкамі, якія выйшлі ў фінал конкурсу “Сэлфі ў вышыванцы”.
Форум адкрыў член Савета Рэспублікі, першы сакратар БРСМ Дзмітрый Варанюк, які зачытаў прывітальны адрас ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі да ўдзельнікаў мерапрыемства. У ім, прынамсі, было сказана, што моладзь Брэстчыны сабралася, каб “адкрыта і прама выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю”, што маладыя людзі “аб’ядналіся, каб стаць на абарону галоўных дасягненняў маладой і незалежнай краіны”. “Няма нічога даражэй за мір, бяспеку і свабоду, за якія нашы продкі ў розныя эпохі аддавалі свае жыцці. Сёння гэтыя каштоўнасці зноў патрабуюць абароны, таму што Беларусь стала цэнтрам скрыжавання геапалітычных інтарэсаў. Наш уклад жыцця не адпавядае нечым інтарэсам, не ўпісваецца ў планы тых, хто марыць падагнаць беларусаў пад свой узор, уносячы ў грамадства разлад, расхіствае асновы дзяржаўнасці. Вы ўжо ўвайшлі ў гісторыю як першае пакаленне суверэннай дзяржавы і павінны заставацца ў ёй як патрыёты, якія ў няпросты час з гонарам прайшлі іспыт на трываласць, захавалі вернасць старадаўнім традыцыям, збераглі родны дом — Беларусь”. Завяршыўся прывітальны ліст словамі “Беражыце Радзіму!”
— Дарагія сябры, — звярнуўся да юнакоў і дзяўчат першы сакратар Брэсцкага абкама ГА “БРСМ” Юрый Сегянюк. — Маладзёжны форум — гэта выдатная нагода, каб сустрэцца, абмеркаваць актуальныя тэмы, абмяняцца думкамі і падзяліцца добрым настроем. Сёння мы разам, і гэта здорава! Прыемна бачыць вас тут — маладых, поўных ідэй і ініцыятыў. Наша дзяржава стварае ўсе ўмовы для іх рэалізацыі. І толькі ад нас залежыць, наколькі поўна мы аднясемся да адкрытых перад намі магчымасцяў! Імкніся, моладзь, шукай сябе і стварай! І памятайце: кожнае новае пакаленне — мост паміж мінулым і будучым. Менавіта вы будзеце ствараць нашу гісторыю, гісторыю Беларусі! І трэба рабіць правільны выбар.
Паднімаліся на сцэну і дзяліліся сваімі думкамі госці форуму, якія ўжо многага дасягнулі. Сярод іх, напрыклад, лаўрэат спецыяльнага фонду Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў Андрэй Кухарэвіч; дырэктар школы мастацтваў аграгарадка Клейнікі Вікторыя Саляйчук; інжынер сувязі Брэсцкага філіяла Белтэлекама Аляксандр Чарачэнка; загадчыца дзіцячага сада вёскі Кукава Ганцавіцкага раёна Юлія Зялёнка; рэдактар газеты “Пінскі веснік” Ганна Калодзіч; урач-тэрапеўт Баранавіцкай гарадской бальніцы Дзяніс Тарасюк і многія іншыя. Сярод выступоўцаў былі і прадстаўнікі Жабінкаўшчыны: намеснік галоўнага бухгалтара ААТ “Вазнясенскі” Рыта Еўтуховіч і старшыня Ленінскага сельвыканкама Мікалай Лугаўскі.
Рыта расказвала, што нарадзілася і вырасла ў вёсцы і рашэнне жыць і працаваць тут прыняла сэрцам, аб чым ніколькі не шкадуе. Дзяўчына атрымала адукацыю ў Беларускай сельгасакадэміі і вярнулася на сваю малую радзіму. “Як маладому спецыялісту мне было прадастаўлена жыллё і штомесячныя даплаты, а таксама магчымасць удзельнічаць у грамадскім і культурным жыцці раёна. Здорава, што ў нашай краіне ёсць такія гарантыі! — сказала дзяўчына і дадала: — Мне падабаецца мая праца і людзі, з якімі мы разам робім агульную справу на карысць нашай любімай Беларусі. І я кажу дзякуй за тое, што ў нашай краіне створаны ўсе ўмовы для росту і развіцця моладзі. І я ўдзячна Прэзідэнту, кіраўніцтву рэгіёнаў, усім нераўнадушным людзям, якія намагаюцца зрабіць так, каб мы маглі жыць у стабільнай, чыстай і ўтульнай краіне”.
Мікалай Лугаўскі ў сваёй прамове спыніўся на тых падзеях, якія ў апошні час ускалыхнулі нашу краіну: “Сёння робяцца спробы перапісаць наша гераічнае мінулае. Тое, што стваралі нашы дзяды, матулі і бацькі, хочуць у адно імгненне перакрэсліць! Заклікаюць спыніць фабрыкі, заводы, разбурыць дзяржаўныя прадпрыемствы і арганізацыі. Многія сваімі заклікамі ў сеціве намагаюцца раз’яднаць грамадства… Дзяржава намагаецца сёння дапамагчы юнакам і дзяўчатам зрабіць першы крок у самастойнае жыццё, велізарная дапамога аказваецца маладым сем’ям і асабліва шматдзетным. Так, пэўныя перамены патрэбны. Мы гатовыя ісці разам наперад! Дэпутацкі корпус, грамадскія і маладзёжныя арганізацыі гатовыя да дыялогу і рэалізацыі слушных праектаў і прапаноў. Мы — адзіная беларуская нацыя! І толькі ад нас залежыць, якой будзе наша незалежная і суверэнная Рэспубліка Беларусь. Любімую не аддадзім! Беларусь — гэта мы!”
…Маштабны маладзёжны форум, які сабраў неабыякавых да лёсу краіны, завяршыўся дзяржаўным гімнам Рэспублікі Беларусь.
Таццяна АЛОЎЧЫК

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top