25 апреля — выборы в местные Советы депутатов

25 апреля — выборы в местные Советы депутатов

25 красавіка — выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў
14 красавіка ў Доме культуры цукровага завода прайшла сустрэча з кандыдатам у дэпутаты абласнога Савета дэпутатаў Жабінкаўскай выбарчай акругі №30 С.Д.Ашмянцавым. Яго прадставіў прысутным старшыня раённага Савета дэпутатаў С.В.Мартысюк, давераная асоба кандыдата:
— Сяргей Дзмітрыевіч, як наш цяперашні прадстаўнік у абласным Савеце дэпутатаў ХХV склікання, аказваў вялікую дапамогу ў вырашэнні многіх сацыяльна-эканамічных праблем, што датычыліся раёна. Шмат іх, напрыклад, узнікла ў час дажынак у Жабінцы ў 2007 годзе. Яго важную падтрымку і клопат мы таксама адчулі ў правядзенні газіфікацыі населеных пунктаў, будаўніцтве і абуладкаванні дарог. Дзякуючы садзейнічанню Сяргея Дзмітрыевіча Ашмянцава на адной з нядаўніх сесій абласнога Савета дэпутатаў прынята рашэнне аб выдзяленні 600 мільёнаў рублёў для набыцця апарата УЗІ для нашай раённай бальніцы. Словам, ён ніколі не застаецца абыякавым да запытаў сваіх выбаршчыкаў-жабінкаўцаў, таму прапаноўваю падтрымаць яго кандыдатуру і на сёлетніх выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў.
С.Д.Ашмянцаў, выступаючы перад завадчанамі, акрэсліў многія надзённыя пытанні. Дэпутацкі корпус вобласці, які ён узначальвае, сваю дзейнасць скіроўвае на тое, каб палепшыць узровень жыцця людзей, і каб не быць галаслоўным, прывёў прыклады. У прыватнасці, заработная плата ў Жабінкаўскім раёне на 2-3 пазіцыі ў вобласці (а гэта гаворыць пра стабільную працу прадпрыемстваў і арганізацый, у тым ліку і калектыву ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод”). Хуткімі тэмпамі развіваецца жыллёвае будаўніцтва. І калі летась у Брэсцкай вобласці было ўведзена ў эксплуатацыю 870 тысяч кв.метраў жылля (у самы спрыяльны ў савецкія часы 90-ы год 780 тыс.кв.м.), дык сёлета запланавана ўпершыню пераўзысці рубеж узвыш мільённы. Ставіцца задача каб у райцэнтрах не болей трох гадоў жадаючыя стаялі ў чарзе на атрыманне жылля. У 2010 годзе стануць навасёламі 220 сем’яў жыхароў Жабінкі, што атрымаюць жыллё ў чатырох уведзеных шматпавярхоўках. Надзённыя для выбаршчыкаў і пытанні жыллёва-камунальнай гаспадаркі, медыцынскага, гандлёвага і бытавога абслугоўвання. І яны былі ў полі зроку народных выбраннікаў.
— Я не буду вам абяцаць залатыя горы, каб вы аддалі за мяне свой голас, — падкрэсліў С.Д.Ашмянцаў. — Лічу, што пустыя запэўненні ў дэпутацкай працы непрымальныя. І гэта не мой стыль работы. Адно скажу: абяцаю быць надзейнай апорай у вырашэнні праблем, якія стаяць перад жыхарамі Жабінкаўшчыны, вашым калектывам. А ў дзень выбараў заклікаю прыйсці на выбарчыя ўчасткі, выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю і зрабіць выбар на карысць дастойных кандыдатаў. Ад таго, наколькі праявіцца ваша актыўнасць, такім будзе і вынік.
Цукравары скарысталі магчымасць задаць пытанні С.Д.Ашмянцаву і кіраўнікам раёна, што прысутнічалі на сустрэчы. На многія з іх, якія датычыліся добраўпарадкавання, і асвятлення гарадскіх вуліц, руху гарадскога аўтобуса, работы аптэчнага кіёска ў мікрараёне цукравараў, функцыянавання мясцовага радзільнага аддзялення, ачысткі возера Візжар і інш даў грунтоўныя адказы старшыня райвыканкама М.В.Токар, а С.Д.Ашмянцаў паабяцаў узяць іх на кантроль.
У гэты ж дзень С.Д.Ашмянцаў сустрэўся з работнікамі  культуры ў дзіцячай школе мастацтваў і з медыкамі ва УАЗ “Жабінкаўская цэнтральная раённая бальніца”.
С.МІКАЛАЕВА.
На здымку: кандыдат у дэпутаты Жабінкаўскай выбарчай акругі №30 у абласным Савеце дэпутатаў ХХVІ склікання С.Д.Ашмянцаў, старшыня раённага Савета дэпутатаў С.В.Мартысюк, генеральны дырэктар ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод” В.Р.Міронаў і яго намеснік А.В.Еўтуховіч з маладымі работнікамі прадпрыемства.
Фота І.Жук.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top