Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у жаночым форуме «За Беларусь”

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у жаночым форуме «За Беларусь”

За некаторы час да з’яўлення на форуме кіраўніка дзяржавы са сцэны “Мінск-Арэны” выступіла прэс-сакратар Прэзідэнта Наталля Эйсмант. “Мы сёння тут, на гэтым цудоўным свяце, а мужчыны, як і належыць, на баявым пасту. Усім вядома, што ў адпаведнасці з планам двухбаковага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Расіяй гэтымі днямі праходзяць вучэнні “Славянскае братэрства — 2020”. У адпаведнасці з дамоўленасцю паміж нашым Прэзідэнтам і Прэзідэнтам і міністрам абароны Расійскай Федэрацыі за арганізацыю і кантроль за гэтымі вучэннямі на тэрыторыі нашай краіны адказвае асабіста кіраўнік беларускай дзяржавы, чым ён цяпер у гэтыя хвіліны і займаецца”, — расказала яна.
Наталля Эйсмант зачытала тэкст прэзідэнцкага паслання з прывітаннямі. “Вы — сапраўдная апора і будучыня нашай краіны. Вы — сапраўдныя патрыёты”, — гаварылася ў ім. Там таксама паведамлялася, што Прэзідэнт прыняў рашэнне другі этап вучэнняў “Славянскае братэрства” правесці ў гонар беларускіх жанчын.
У выніку Аляксандр Лукашэнка ўсё ж такі змог асабіста прыехаць і выступіць перад удзельніцамі форуму.

“Не хачу, каб наша краіна ваявала”

“Першае і самае галоўнае, чаму я з’явіўся тут: я вельмі цаню тое, што адбываецца цяпер у гэтай зале. Вы нават не ўяўляеце, якую яркую старонку ў гісторыі новай Беларусі вы ўпісалі гэтым дзействам, сабраўшыся з усіх куткоў нашай няхай невялікай, але вельмі ўтульнай, прыгожай, цудоўнай Радзімы. Вы пішаце нашу гісторыю. І добра, што гэта яркая, прыгожая, прынцыповая, сапраўдная старонка будзе прапісана”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.
“Ведайце, што я не агрэсар, я вельмі мірны чалавек. Я вырас у вёсцы, дзе кожны абараняў адзін аднаго, дапамагаў, як мог. Я стараўся ў нашай краіне зрабіць так, каб мы ўсе былі сябрамі, каб мы дапамагалі адзін аднаму, каб клапаціліся адзін пра другога. Я быў катэгарычна супраць, каб сёння ў нашы двары ў Мінску прыйшла бяда”, — сказаў Прэзідэнт.
“Я не хачу, каб наша краіна ваявала. Тым больш я не хачу, каб Беларусь і тая ж Польшча, Літва ператварыліся ў тэатр ваенных дзеянняў, дзе будуць вырашацца не нашы пытанні. Таму я сёння перад гэтай залай самых прыгожых, перадавых, патрыятычных людзей хачу звярнуцца да народаў Літвы, Польшчы і Украіны: спыніце сваіх безразважных палітыкаў, не дайце развязацца вайне!” — падкрэсліў беларускі лідар.

“Выбары адбыліся, і яны законныя”

“Сёння падключылі яшчэ адну, як яны лічаць, “тэрмаядзерную бомбу”. Узарвалі ў Бруселі, у сталіцах. Еўрапарламент, не то Еўрасавет, падключыўся да гэтага і таксама не прызнаў нашы выбары. Наконт гэтага хачу сказаць наступнае: мы правялі выбары ў адпаведнасці з Канстытуцыяй і законамі нашай краіны. Мы не маем патрэбы ні ў якім прызнанні. Выбары адбыліся, і яны законныя”, — падкрэсліў беларускі лідар.
Лукашэнка расказаў, што сітуацыя прымусіла разам з Расіяй адбудаваць агульную абарону Саюзнай дзяржавы. “Сумленна вам скажу, мы не ведаем, што яны выкінуць далей. Разумеем, што ў іх арсенале засталося зусім няшмат прыёмаў, перш чым развязаць гарачую вайну. Таму мы вымушаны адвесці войскі з вуліц, як я ўжо гаварыў, паўарміі паставіць пад ружжо і закрыць дзяржаўную граніцу з Захаду, перш за ўсё з Літвой і Польшчай. Мы вымушаны ўзмацніць дзяржаўную граніцу, на вялікі жаль, з нашай братэрскай Украінай”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.
“Разам з Прэзідэнтам Расіі, міністрам абароны мы актывізавалі даўно запланаванае ваеннае вучэнне, якое праходзіць на захадзе нашай краіны — “Славянскае братэрства — 2020”. А таксама намі прынята рашэнне, каб правесці гэтыя вучэнні ў сувязі з вострай сітуацыяй у два этапы. І другі этап будзе прысвечаны вам — нашым жанчынам”, — дадаў Прэзідэнт.

“Мы не станем на калені”

“Паверце, сітуацыя вельмі няпростая. І я не хачу яе ўскладняць. Мы мужыкі, і мы вырашым гэту праблему”, — запэўніў беларускі лідар.
Да жанчын і дзяўчат Аляксандр Лукашэнка звярнуўся з просьбай: “Вы вернецеся дадому. Скажыце дома, у кожнай вёсачцы, у горадзе, вялікім і малым, скажыце людзям пра тое, што адбываецца на самой справе. Сёння пытанне Беларусі, Расіі і, можа, усёй Еўропы, не толькі Усходняй, вырашаецца тут. Нельга давесці да гарачай вайны”.
“Мы стаім на мяжы страшнай катастрофы. Калі яны сунуцца сюды, мы вымушаны будзем адказваць. Мы не станем на калені, нават калі застанемся адны”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.
“Вы вельмі правільна сказалі: мы ўпершыню ў шматвяковай, тысячагадовай гісторыі нашага старажытнага народа атрымалі гэты суверэнітэт і гэту незалежнасць. Я разумею, што мы небагата жывём. Але ж мы не бедныя. Таму што ў нас ёсць гэта краіна. Калі мы цяпер пахіснёмся і аддадзім гэты кавалачак зямлі, загінем не толькі мы, загінуць нашы дзеці і ўнукі. Таму вы маеце рацыю: Беларусь мы не аддадзім! Таму што мы яе любім, а любімую не аддаюць!” — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Паводле матэрыялаў БелТА

Меркаванні ўдзельніц форуму

Наталля АДЗІНЕЦ, загадчык аддзялення надомнай сацыяльнай дапамогі Жабінкаўскага ТЦСАН:
— Ад жаночага форуму “За Беларусь!” у мяне засталіся незабыўныя эмоцыі. Трапіўшы на самую вялікую пляцоўку краіны, мы былі ў захапленні. Яна проста палала ад нацыянальных сцягоў і “светлячкоў”. Я ганаруся, што была ўдзельніцай мерапрыемства, якое аб’яднала жанчын, што любяць сваю Радзіму і жадаюць захаваць мірную і стабільную дзяржаву. Мы ўсе маці, дочкі, жонкі, сёстры і жадаем міру і спакою для сённяшняга і будучага пакаленняў. Мы зрабілі свой выбар і хочам, каб яго паважалі.
Сапраўдным сюрпрызам і велізарнай нечаканасцю для нас стала з’яўленне на форуме Прэзідэнта. Зала проста падарвалася ад шквалу эмоцый. Мы адчувалі радасць, шчасце, гонар за нашу краіну, за мэтанакіраваных і актыўных жанчын, за ўпэўненасць у заўтрашнім дні, абароненасць і стабільнасць…
Дадому вярталіся з цвёрдай упэўненасцю, што часовыя цяжкасці хутка сыдуць у гісторыю. Усім здароўя, міру, спакою і дабра!
Ларыса ХАРС, старшыня Азяцкага сельвыканкама:
— На форуме ў “Мінск-Арэне” сабраліся прадстаўніцы ўсіх пакаленняў. Яго энергетыка была вельмі моцнай, абыякавых у зале дакладна не было! І ўсе маглі пераканацца ў тым, што жанчын, якія хочуць міру і спакою ў Беларусі, вельмі шмат. Выступоўцы закраналі розныя бакі жыцця ў нашай краіне. На форуме адзначалася, як шмат робіцца ў нас для жанчын-маці. І мы не можам гэта страціць.
Тамара МАРТЫНЧЫК, інжынер па ахове працы санаторыя “Буг”:
— Я расчулілася, пачынаючы з самай першай песні “Сінявокая”, якую выконвалі Анатоль Ярмоленка, Юлія Быкава і Вікторыя Алешка, і яшчэ больш пераканалася ў сваім патрыятызме. Кожнае слова выступоўцаў і спевакоў кранала душу, знаходзіла водгук у сэрцы. Мерапрыемства атрымалася шыкоўным і запамінальным. І дзякуючы нечаканаму з’яўленню кіраўніка нашай дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі, і выступленням нашых ды расійскіх артыстаў.
Марыя СЯНІШЫНА, старшыня раённай арганізацыі ГА“Беларускі саюз жанчын”:
— Я ўдзячна сваім бацькам і дзядам, якія будавалі нашу краіну. Яны выбралі чырвона-зялёны сцяг — сімвал нашай дзяржавы, нашых дасягненняў. Я вырасла пад гэтым сцягам! І ўсе мае поспехі і дасягненні: перамогі ў конкурсах, паступленне ва ўніверсітэт, першыя самастойныя крокі ў прафесіі — звязаны менавіта з ім.
Мяне здзіўляюць плакаты на мітынгах: “Самі не жылі і вам не дадзім!” У адрас каго гэтыя словы? У адрас маіх бацькоў, маёй бабулі? Я вырасла ў вёсцы. Усё жыццё мы разам з бацькамі працавалі, трымалі вялікую гаспадарку, садзілі агарод… Тата з мамай самі не прывыклі сядзець без справы і да гэтага прывучалі й мяне з сястрой. Большасць так жылі: сваёй працай, клопатам пра сваіх дзяцей. І яшчэ: бацькі заўсёды вучылі мяне, што старэйшых трэба паважаць! Цаніце і беражыце ўсё тое, што здабыта папярэднімі пакаленнямі!

 

 

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro