Рупліўцам хлебнай нівы слава!

Рупліўцам хлебнай нівы слава!

Традыцыйна ў пачатку восені ў кожным раёне Беларусі ўшаноўваюць хлебаробаў. “Дажынкі” — свята патрэбнае і вельмі важнае: людзі, якія ў чарговы раз паклапаціліся пра харчовую бяспеку краіны, павінны пачуць у свой адрас словы падзякі за інвестыцыі, укладзеныя імі ў аграрны сектар. Слава рукам, якія аруць, сеюць і збіраюць ураджай!
Сталіцай селётняга свята рупліўцаў Брэсцкай вобласці стаў Дзівін — населены пункт Кобрыншчыны, які радаваў сваёй прыгажосцю не толькі мясцовых жыхароў, але й гасцей. Абноўленыя будынкі, сучасныя падворкі, абазначаныя веласіпедныя дарожкі, яркія кветнікі — гожы аграгарадок стаў яшчэ больш утульным і камфортным.
У гэты дзень яго цэнтр ператварыўся ў калейдаскоп фарбаў, пляцоўку для гульняў, забаў і народных гулянняў. На вуліцах Савецкай і Леніна размясціліся палаткі больш за 120 арганізацый гандлю, грамадскага харчавання, прамысловых прадпрыемстваў, індывідуальных прадпрымальнікаў, рамеснікаў. Міма іх святочнай калонай прайшлі да плошчы, да галоўнай сцэны свята, героі жніва-2020.
У складзе жабінкаўскай дэлегацыі былі 32 чалавекі. Сярод іх прадстаўнікі камбікормавага і цукровага заводаў і сельскіх гаспадарак.
Па добрай традыцыі гучалі словы падзякі ў адрас аграномаў, механізатараў, камбайнераў, кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў — усіх тых, хто ад світання да захаду сонца працаваў на хлебнай ніве, на карысць багатага ўраджаю. Паднялі сцяг абласнога свята “Дажынкі-2020” старшыня Іванаўскага райвыканкама Анатоль Ткачук, дырэктару ААТ “Агра-Калядзічы” Пружанскага раёна Аляксандр Пішч, старэйшы камбайнер экіпажа ААТ “Баранавіцкі камбінат хлебапрадуктаў” Арцём Стацэнка.
Затым на сцэне адбылася кульмі-нацыйная частка свята — ушанаванне пераможцаў уборачнай кампаніі, а таксама ўсіх тых, хто сеяў і расціў хлеб. Старшыня праўлення Беларускага рэспубліканскага саюза спажывецкіх таварыстваў, упаўнаважаны прадстаўнік кіраўніка дзяржавы па Брэсцкай вобласці Валерый Іваноў зачытаў Прывітальны адрас ад Прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі, а таксама ўручыў узнагароды лепшым хлебаробам, кіраўнікам гаспадарак і раёнаў.
Шмат аграрыяў атрымалі Ганаровыя граматы, падзякі, юбілейныя медалі “100 год органам дзяржаўнага кіравання сельскай гаспадаркай і харчаваннем Беларусі” з рук міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Івана Крупко, а таксама кіраўніцтва Брэстчыны. З жабінкаўскай дэлегацыі ганаровыя ўзнагароды атрымалі дырэктар ААТ “Вазнясенскі” Надзея Кандрацюк, галоўны інжынер ААТ “Рагазнянскі” Мікалай Маеўскі і камбайнер ААТ “Ракітніца” Алег Міхалюк.
“Гэты год для працаўнікоў вёскі склаўся добра — пры ўсіх яго складанасцях, дый ідэальных умоў для працы ніколі і не было, — адзначыў старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатоль Ліс. — За гады апошняй пяцігодкі мы атрымалі самы высокі ўраджай збожжавых. Па валавым зборы дасягнулі 1350 тысяч тон збожжа — больш за тону на кожнага жыхара рэгіёна. Пры ўраджайнасці 40 цэнтнераў з гектара, што таксама вышэй за нядрэнны паказчык мінулага года. Больш як 150 тысяч тон прыбралі рапсу — вельмі каштоўнай культуры. Заканчваем уборку проса, грэчкі. Лічу, тая задача, якую мы ставілі перад нашымі хлебаробамі, выканана. Будзем імкнуцца атрымліваць збожжа больш: у нас добра развіваецца жывёлагадоўля. Арыенцір — 1,5 мільёна тон без кукурузы”.
На дзівінскіх “Дажынках” было весела і святочна, тут панавала гасціннасць і ветлівасць. Людзі размаўлялі, фата-графавалі, атрымлівалі асалоду ад канцэртнай праграмы і проста дыхалі свежым паветрам.
Разнастайныя выставы, спаборніцтвы, шчодрыя пачастункі, шэдэўры майстроў-умельцаў — культурная праграма была яркай і насычанай, кожны з прысутных мог знайсці занятак па душы.
Музыка, песні, скокі, выдатны настрой панавалі ў Дзівіне да позняга вечара. Завяршыліся гулянні святочным феерверкам.
Служба інфармацыі “СП”

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro