Сустрэча Лукашэнкі з палітычным актывам краіны

Сустрэча Лукашэнкі з палітычным актывам краіны

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў сустрэчу з палітычным актывам краіны. Мерапрыемства праходзіла 16 верасня ў Палацы Незалежнасці. Яго ўдзельнікамі сталі вышэйшыя службовыя асобы, члены Савета Рэспублікі і дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, кіраўнікі і спецыялісты дзяржаўных органаў і арганізацый, прадстаўнікі мясцовай улады з кожнай з абласцей, работнікі Адміністрацыі Прэзідэнта, кіраўнікі сродкаў масавай інфармацыі — усяго амаль 300 чалавек. Як заявіў кіраўнік дзяржавы, ён запрасіў іх на сустрэчу, каб азнаёміць з аператыўнай аналітычнай інфармацыяй, якая, паводле яго слоў, дасць адказы на самыя вострыя пытанні сённяшняга дня і дапаможа лепш сарыентавацца ў палітычнай сітуацыі ўнутры і вакол Беларусі.

Сем этапаў сцэнарыя па знішчэнні Беларусі — Лукашэнка расказаў аб сапраўдных задумах апанентаў

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка развянчаў міфы аб сітуацыі ў краіне і расказаў аб сапраўдных задумах апанентаў.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што паэтапны разбор падзей у краіне выяўляе сапраўдныя задумы і тактыку знешніх нават не апанентаў Беларусі, а агрэсараў. Кіраўнік дзяржавы заявіў, што на працягу апошніх дзесяці гадоў яны скрупулёзна рыхтаваліся да цяперашняга часу «Ч». «Каб адразу зняць усе маскі, назавём гэтых ігракоў пайменна. На ўзроўні глабальных цэнтраў гэта перш за ўсё Злучаныя Штаты Амерыкі, больш канкрэтна — іх сетка фондаў па падтрымцы так званай дэмакратыі. На еўрапейскім кантыненце актыўна дзейнічалі амерыканскія сатэліты: Польшча, Літва, Чэхія і, на жаль, наша Украіна», — адзначыў Прэзідэнт.

Кожная з гэтых краін адпрацоўвала сваю ролю, падкрэсліў ён. Чэхія — з даўніх часоў у якасці рэсурснага хаба, Польшча — спачатку як інкубатар медыяканалаў («Белсат», «Нехта» і іншыя), а затым — як пляцоўка для альтэрнатыўных органаў у выгнанні. «Літва, уколатая тэмай БелАЭС, — як таран беларуска-еўрапейскіх адносін. Украіна, нягледзячы на нашу нязменную яе падтрымку (напрыклад, у пытаннях тэрытарыяльнай цэласнасці ды і па іншых), насуперак духу нашых узаемаадносін стала фарпостам палітычных правакацый, — дадаў Аляксандр Лукашэнка. — Такім чынам, мы дакладна бачым суб’ектаў гэтага працэсу, іх праваднікоў і памагатых. Тактыка арганізатараў будавалася па класічным амерыканскім падручніку каляровых рэвалюцый. Гэта ўсім вядомы Джын Шарп. Цяпер мы можам азірнуцца назад і дэталёва разабраць усе этапы сцэнарыя па знішчэнні нашай краіны, якому мы, на шчасце, не дазволілі рэалізавацца і не дазволім».

Першы этап. Падрыхтоўчы

Прэзідэнт адзначыў, што няўдалыя спробы каляровых рэвалюцый 2006 і 2010 гадоў змянілі падыходы да ўздзеяння на Беларусь. Паводле яго слоў, ад тэхналогій прамога дзеяння знешнія суб’екты перайшлі да метадаў мяккай сілы і трансфармацыі ўлады знутры.

«Беларусь сталі хістаць па-новаму, нацэльваючыся на жалезны прэзідэнцкі электарат: жыхароў рэгіёнаў, працоўных, бюджэтнікаў, пенсіянераў. Такую тактыку, дарэчы, спрабавалі прымяніць у Сірыі і Венесуэле. Успомніце, як на прыкладзе вядомага дэкрэта нумар 3 былі апрабаваны метады так званага сацыяльнага пратэсту. Менавіта з такіх пратэстаў у далейшым вылучыліся і раскруціліся дзясяткі блогераў, якія праз YouTube і Telegram-каналы сталі прамываць мазгі розным сацыяльным групам, падкупляючы іх нібыта барацьбой за народныя інтарэсы», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, пасля спынення спробы расхістаць грамадства ў 2017 годзе стратэгі пачалі стварэнне пастаянных ачагоў нездавальнення ў рэгіёнах.

Другі этап. Парламенцкія выбары

За паўгода да прэзідэнцкіх выбараў створаныя тэхналогіі дэстабілізацыі былі абкатаны на выбарах парламенцкіх, заявіў кіраўнік дзяржавы. Менавіта ў гэты перыяд на поўную моц запрацавала сетка спецыялізаваных Telegram-каналаў з выразным размеркаваннем роляў і мэтамі ачарніць уладу, падарваць асновы дзяржаўнай ідэалогіі, перш за ўсё з дапамогай фэйкаў і фальсіфікацый, звярнуў увагу Прэзідэнт.

Акрамя напаўнення інфармацыйных каналаў у перыяд парламенцкіх выбараў, былі пратэсціраваны новыя формы вулічнай актыўнасці. Так, спецыяльна створаны пад выбары «маладзёжны блок» пад выглядам вылучэння кандыдатаў у парламент актыўна фарміраваў настроі нездавальнення ў розных сацыяльных групах. У гэтых мэтах эксплуатавалася на першы погляд непалітычная тэматыка: закон аб адтэрміноўках, размеркаванне студэнтаў, легалізацыя наркотыкаў, вядомая тэма 328-га артыкула Крымінальнага кодэкса і гэтак далей.

Трэці этап. Падрыхтоўка да прэзідэнцкіх выбараў

На гэтым этапе, расказаў Прэзідэнт, замежныя стратэгі дасканала падбіралі ключы да кожнага сацыяльнага слоя ў Беларусі, ствараючы «герояў» для розных мэтавых аўдыторый. Так, заўважыў ён, істотна актывізаваліся ваяжы па гарадах і вёсках кандыдата-блогера, якому спрабавалі сфарміраваць імідж народнага змагара. Адначасова, пасылаючы сігналы бізнесу і «новым слаям», нарошчвалася прысутнасць у СМІ банкіра, пад якога ствараліся буйныя інтэрнэт-пляцоўкі. Гаворачы пра вылучэнне свайго экс-памочніка, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што гэтым замежныя стратэгі паспрабавалі ўнесці разлад у настроі дзяржаўнай эліты і прамацаць яе лаяльнасць Прэзідэнту.

«Улада ж у гэты няпросты перыяд была поўнасцю паглыблена ў барацьбу з пандэміяй COVID-19, якая неспадзявана захліснула свет. Але замест таго каб стаць побач у гэтай агульнасусветнай бітве, так званыя незалежныя СМІ і Telegram-каналы зрабілі ўсё, каб ускладніць работу, разбурыць давер людзей да дзяржавы», — звярнуў увагу беларускі лідар.

Чацвёрты этап. Прэзідэнцкая кампанія

Прэзідэнт звярнуў увагу, што на беларускае грамадства, разагрэтае інтэрнэт-атакамі, пачаў сыпацца цэлы набор каляровых паліттэхналогій, запазычаных з арабскага, армянскага, польскага, ганконгскага і іншых пратэстаў.

«Выкарыстанне тактыкі парада пікетаў (помніце — збор подпісаў) дало магчымасць у адным месцы адначасова атрымаць подпісы выбаршчыка адразу некалькім прэтэндэнтам, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Гастролі кандыдатаў па рэгіёнах спалучаліся з «карусельнымі» чэргамі (па аналогіі з Прыбалтыкай) і хайпам ад «вулічнай творчасці» — як у свой час у Польшчы».

«А далей у ход пайшлі сучасныя паліттэхналогіі, якія ператвараюць палітыку ў шоу. У шоу, якое разлічана на масавага гледача», — канстатаваў беларускі лідар. Напрыклад, аб’яднаны штаб пабудаваў сваю тактыку на эксплуатацыі жаночага вобраза, які традыцыйна шануецца беларусамі, але на гэты раз ён набыў новыя балаганныя формы.

Адначасова былі запушчаны фэйкі аб міфічных мільёнах на замежных рахунках Прэзідэнта, розныя мемы. Паказальнай, на думку Аляксандра Лукашэнкі, стала і вайна сацыялогій. «Усе сілы былі кінуты на заваяванне віртуальнай большасці за кошт фэйкавага кантэнту ў СМІ і стварэнне ўпэўненасці ў тым, што вынікі выбараў будуць сфальсіфікаваны, а ўлада прайграе», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Пяты этап. Спроба майданнага сцэнарыя

Дзень выбараў, паводле слоў Прэзідэнта, стаў гадзінай «Х» для спробы рэалізацыі майданнага бліцкрыга. Недавер да вынікаў кампаніі загадзя стымуляваўся заклікамі да выбаршчыкаў прыйсці на выбары толькі 9 жніўня, удзельнічаць у сумніўных ініцыятывах. Па закліках аб’яднанага штаба на ўчастках на час іх закрыцця ствараліся штучныя чэргі, ажыятаж і нагнятанне атмасферы.

Затым апублікаваныя аб’яднаным штабам папярэднія вынікі галасавання паслужылі падставай для агрэсіўнай абароны «ўкрадзеных галасоў». «Папярэдняя прамыўка мазгоў у разы падагрэла буянства пратэстуючых 9, 10 і 11 жніўня», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, планавалася адразу вывесці на вуліцы беларускіх гарадоў тысячы пратэстуючых і захапіць адміністрацыйныя будынкі, культавыя месцы. Пры гэтым у рэжыме анлайн паступалі інструкцыі ад замежных каардынатараў: «Не перагаворам! Ніякіх перагавораў. Сілы ў нас! Заўтра нас будзе больш! Рыхтуйце звароты аб непрызнанні выбараў у ЗША, Еўрасаюз, Расію, Кітай! Патрабуйце другі тур!»

З мэтай пабудзіць як мага больш людзей да актыўных дзеянняў і каб не было сумненняў у нібыта маральнай перавазе, у інтэрнэт-полі быў створаны выразны вобраз «ворага», на лексічным узроўні. «Прадстаўнікоў улады і сілавых структур сталі называць фашыстамі, узурпатарамі, бандытамі і гэтак далей. Вынік мы бачылі. Спецыяльна, мэтанакіравана білі па хлопцах з АМАПа. У першы ж дзень былі паранены больш як 25 байцоў. Ёсць пераломы рук, ног, пазваночнікаў у збітых машынамі супрацоўнікаў ДАІ, якія цяпер яшчэ знаходзяцца ў шпіталях», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы ўпэўнены, што ў выпадку пасіўнасці праваахоўных органаў Беларусь чакала б непазбежнае ўключэнне далейшых майданных тэхналогій, якія, як вядома з гісторыі, рэдка абыходзіліся без шматлікіх чалавечых страт і заўсёды заканчваліся трагедыяй для краіны.

Шосты этап. Паслявыбарны пратэст

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што дзеянні праваахоўнікаў дазволілі збіць эскалацыю пратэсту. «Тады лялечнікі рэзка змянілі тактыку, прадставіўшы пратэст у анёльскім бязвінным выглядзе. У ход пайшлі кветкі, белае адзенне, суботнія і нядзельныя так званыя мітынгі-карнавалы. Таксама стваралася карцінка нібыта народнага пратэсту, які не меў яўных лідараў і не залежаў ад іх волі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Стаўка была зроблена на маштабнасць, працягласць і шырокую геаграфію акцый.

«Адначасова — і гэта не заўсёды падсвечваецца СМІ — узяты курс на стварэнне радыкальнага крыла пратэстуючых. Для іх распрацоўваюцца пакрокавыя інструкцыі і памяткі (гэта вы бачыце ў інтэрнэце таксама), рэкамендацыі па форме адзення і экіпіроўцы, спосабах супраціўлення сілавікам, вырабе і выкарыстанні кактэйляў Молатава, феерверкаў, петард. Тыражуюцца базавыя правілы падтрымання кантактаў, у тым ліку ва ўмовах недаступнага інтэрнэту або сотавай сувязі. Адпрацоўваюцца «ганконгскія» тэхналогіі адначасовага збору ў абазначаных месцах, спантаннай змены маршрутаў, сінхронных дзеянняў пратэстуючых», — дадаў Прэзідэнт.

На новы ўзровень, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, пераходзіць масіраванае інфармацыйнае ўздзеянне. Кіраванне і каардынацыя пратэстамі ажыццяўляюцца ў прамым эфіры кругласутачна.

Выказаўся Аляксандр Лукашэнка і наконт спроб уключэння ў пратэсты працоўных калектываў пад выглядам забастовак, студэнтаў, якія прыехалі на вучобу да 1 верасня. «Чаканні апазіцыі, што пры выглядзе пратэстуючых улада рухне, не апраўдаліся», — падкрэсліў ён.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што цяпер робяцца спробы зрабіць пратэст часткай штодзённага жыцця людзей. «Тыражуюцца інструкцыі па стварэнні «народных дружын» і «груп самаабароны». Тактыка дваровага пратэсту рэалізуецца праз фарміраванне міні-груп і чатаў раёнаў, жыллёвых комплексаў, асобных двароў. Сёння каардынатары спрабуюць арганізаваць двары, заўтра яны прыйдуць у вашы кватэры. Гэта іх мэта. Не атрымаецца», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Сёмы этап. Спроба легалізацыі інфраструктуры перамен

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, стварэнне так званага каардынацыйнага савета не апраўдала надзей арганізатараў пратэсту. Пасля ўцёкаў за мяжу арганізатараў давялося шукаць і паскорана раскручваць новыя больш дробныя твары, пажадана са скандальнай рэпутацыяй.

Ён адзначыў што ў грамадстве пачынае актыўна эксплуатавацца вайна сімволік, барацьба за памятныя мясціны, якія дарагія кожнаму беларусу. Выбудоўваюцца новыя механізмы і схемы фінансавання, а падкантрольныя Варшаве каналы актыўна распаўсюджваюць так званы план «Б», які прадугледжвае фарміраванне паралельных (нібыта народных) міністэрстваў, сабатаж эканомікі і сацыяльнай сферы. «Дайшло да абсурду. Спрабуючы ўцягнуць краіну ў зацяжны палітычны і эканамічны крызіс, каардынатары пратэсту раздаюць інструкцыі па эканамічным супраціўленні, як яны называюць, — нявыплата падаткаў, камунальных плацяжоў, выхад з прафсаюзаў і гэтак далей. Асабліва наіўным страты абяцаюць кампенсаваць за кошт фондаў, якія нібыта аказваюць адрасную падтрымку «ахвярам рэжыму». Вопыт размовы з украінскімі майданшчыкамі адназначна падказвае: ніхто з іх нічога ніколі не атрымліваў і не атрымае», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што неадчэпнай ідэяй каардынацыйнага савета і асноўнай задачай на бліжэйшы перыяд з’яўляецца спроба падрыву маналітнасці вертыкалі ўлады, сілавога блока, сістэмы дзяржаўных СМІ.

«Такім чынам, беларускі сцэнарый 2020 года ўяўляе сабой сплаў з найбольш эфектыўных каляровых тэхналогій дэстабілізацыі, якія атрымалі апрабацыю ў розных краінах. Відавочна стаўка на маштаб і працягласць пратэстаў, вымотванне сіл і выдаткаванне рэсурсаў. Мы ведаем, хто кіруе, хто чагосьці хоча ў Беларусі, і таму не расслабляемся і гатовы адказаць на любы выклік», — падагульніў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка: час барыкад і мітынгаў завяршыўся, неабходна прадоўжыць стварэнне

«Сёння мы выходзім з таго няпростага перыяду, які перажывалі каля двух месяцаў. Размова ідзе нават не пра краіну, а пра Мінск і яшчэ два-тры гарады, дзе групы вечна незадаволеных спрабавалі ўзарваць палітычную абстаноўку і разбурыць нашу грамадскую стабільнасць — галоўны брэнд нашай краіны. І па гэтым наносіўся ўдар», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што ўвесь гэты час астатняя краіна жыла і жыве сваім штодзённым жыццём: людзі вырошчваюць і ўбіраюць з палёў небывалы ўраджай, мадэрнізуюцца прадпрыемствы, у большых аб’ёмах, чым у мінулым годзе, будуюцца дамы, школы і бальніцы, рыхтуецца да запуску атамная станцыя. «Мы не стаім на месцы, мы пастаянна ў руху, краіна развіваецца, паэтапна расце дабрабыт людзей. Не разумею, якія яшчэ патрэбны перамены. Трэба проста паскарацца», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы лічыць вельмі важным, што ў такой складанай сітуацыі ў кіраўніцкай вертыкалі, у сілавым блоку, у актыве патрыятычных аб’яднанняў і партый ніхто нават не завагаўся. «Я ўбачыў людзей на справе, зразумеў, што вакол мяне стойкія і адданыя нашай Радзіме людзі. Дзякуй тым, хто паводзіў сябе прыстойна і надзейна», — адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што, як і гаварыў у Пасланні, у бліжэйшы час будуць прыняты меры па ўзмацненні статусу дзяржаўнага служачага.

«Асноўныя ўрокі мы атрымалі. Мы ведаем, дзе і з кім недапрацавалі, у бліжэйшы час ліквідуем (пачалі ўжо гэта рабіць) выяўленыя недахопы. Падключайцеся да гэтага. Закрыем праблемы па ўнутрыпалітычным фронце. Ужо ў бягучым годзе Беларусь павінна і вернецца да бяспечнага перыяду, які быў у нас заўсёды ў Мінску. Час барыкад і мітынгаў завяршыўся. Цяпер — наш час, неабходна прадоўжыць стварэнне, рух наперад праз разумныя перамены і рэформы, пра якія мы гаворым», — падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што «трасе» сёння не толькі ў Беларусі, больш за 40 краін за апошнія гады былі ахоплены масавымі акцыямі пратэсту і рэвалюцыямі. Ён прывёў канкрэтныя прыклады няспынных беспарадкаў у Злучаных Штатах, Францыі, Германіі, Балгарыі, існуючай турбулентнасці ў Чарнагорыі, кітайскім Ганконгу, у Расіі. «Свет ужо дакладна не будзе ранейшым. Нічога новага, я вам пра гэта гаварыў: пандэмія пройдзе, дзе будзем мы? Свет не будзе тым, што быў да пандэміі. Але Беларусь павінна і вернецца да нармальнага жыцця, у тым ліку ў горадзе-героі Мінску», — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка аб новай Канстытуцыі: важна сфарміраваць адзінае бачанне, якой краіна павінна быць у перспектыве

«Надышоў сёння час надаць новы імпульс грамадска-палітычнаму жыццю. Важна сфарміраваць адзінае бачанне таго, якой у перспектыве павінна быць наша краіна, яе дзяржаўны лад. Гэта Канстытуцыя, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Мы выбары правялі, вынік атрымалі. На гэтым кропка. Напэўна, хопіць бударажыць грамадства. Наступныя прэзідэнцкія выбары — па Канстытуцыі. Як вызначымся, так і будзе».

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі ў новай Канстытуцыі неабходна прапісаць стрымкі і процівагі, баланс улады. Усе адпаведныя навацыі павінны быць абмеркаваны на Усебеларускім народным сходзе. «Праект новай Канстытуцыі ўжо, напэўна, трэці. Над ім працуюць. Не думайце, што простая работа. І вось гэты першапачатковы варыянт — праект — будзе ўнесены на абмеркаванне ўсіх галін улады», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Калі працэс абмеркавання завершыцца, канчатковы праект новай Канстытуцыі будзе вынесены на рэферэндум.

Лукашэнка выступае за ўдасканаленне выбарчага заканадаўства

«На прэзідэнцкіх выбарах, на праведзеных у мінулым годзе парламенцкіх выбарах выяўлены шэраг нестыковак, розных пралазаў, якімі карыстаюцца нядобрасумленныя кандыдаты і іх давераныя асобы», — перакананы кіраўнік дзяржавы.

«Старшыні Канстытуцыйнага суда сумесна з Цэнтрвыбаркамам усе гэтыя пытанні трэба ўзняць і прапрацаваць. Паглядзіце, магчыма, патрэбны навацыі, нейкія тэхнічныя рашэнні. Галоўнае, каб не на шкоду справе», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка прадоўжыў: «Падумайце аб павышэнні статусу членаў выбарчых камісій усіх узроўняў. Яны выконваюць дзяржаўную задачу, і дзяржава павінна надзейна абараніць іх ад правакатараў і іншых агрэсіўна настроеных людзей. Гэта прынцыповае пытанне».

Пры гэтым кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ўжо цяпер трэба пачынаць падрыхтоўку да выбараў дэпутатаў мясцовых Саветаў, паколькі яны першыя ў чарговым выбарчым цыкле.

Лукашэнка заявіў аб неабходнасці рэфармавання мясцовага самакіравання

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што, відаць, ёсць сэнс адпрацаваць з грамадствам даўно наспелыя пытанні рэфармавання мясцовага самакіравання. «Настаў час іх разгледзець. Як мінімум гэтыя органы павінны актыўней удзельнічаць у вырашэнні існуючых пытанняў і праблем на месцах і праяўляць ініцыятыву», — лічыць ён.

Пры гэтым Прэзідэнт звярнуў увагу: «Калі мы вывучым прапановы ад грамадскасці, разбяромся з партыйным заканадаўствам, усёй партыйнай сістэмай, дапрацуем выбарчае заканадаўства, тады мы ўсе гэтыя моманты будзем «сшываць» з канстытуцыйнай рэформай. Але не наадварот».

«Вядома, гэта далёка не ўсе задачы, якія нам трэба будзе вырашаць», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка: МЗС трэба адэкватна адказваць на прывычныя нам санкцыі і новыя выклікі

Аляксандр Лукашэнка лічыць: «За апошнія гады мы адвыклі ад праяўленняў недружалюбнай палітыкі нашых суседзяў. Але іх антыбеларуская сутнасць нікуды не дзелася і праявілася ў поўнай меры. І больш таго: дайшло да замаху на наш суверэнітэт і нават тэрытарыяльную цэласнасць».

Прэзідэнт выказаў надзею на разважлівасць старой Еўропы, якая ўціхамірыць свае залішне заўзятыя ўскраіны.

Лукашэнка: з грамадствам трэба працаваць больш эфектыўна, выходзіць на новы ўзровень узаемадзеяння

«Магчыма, на базе канструктыўных арганізацый варта стварыць мясцовыя дыялогавыя пляцоўкі. Трэба стварыць», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што для шырокага дыялогу важна, каб да гэтага на ўзроўні абласцей падключаліся губернатары, а таксама ўрад, вышэйшыя службовыя асобы, аж да Прэзідэнта. «Я абсалютна перакананы, і сам гатовы пачынаць гэту работу. Знізу», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Ён дадаў, што ў такіх мерапрыемствах абавязкова павінны прымаць удзел і палітыкі, у тым ліку дэпутаты. «Вы павінны быць галоўным маторам гэтага дыялогу», — адзначыў Прэзідэнт.

Лукашэнка: падрыхтоўка да Усебеларускага сходу — важнейшая палітычная задача

«Ад сістэмнага руху наперад мы не адступім. Не за гарамі новая пяцігодка, якая павінна стаць для Беларусі прарыўной. У бліжэйшыя гады краіна павінна ўвайсці ў шосты тэхналагічны ўклад, што азначае далейшае эканамічнае развіццё дзяржавы: уласная энергетыка, экалагічная і канкурэнтаздольная вытворчасць, найвышэйшая, на ўзроўні сусветных стандартаў якасць беларускай прадукцыі», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў снежні або студзені намечана правесці Усебеларускі народны сход. «Гэта вельмі важны орган, асаблівая форма народаўладдзя ў краіне, якая тады, у сярэдзіне 90-х, выратавала краіну», — сказаў ён.

Прэзідэнт падкрэсліў, што ў свой час сабраў першае такое мерапрыемства, форум народа, каб абаперціся на людзей, звярнуўся да іх з заклікам дапамагчы выратаваць краіну. «Падтрымаеце мяне — я зраблю ўсё, каб была краіна. Я выканаў гэта абяцанне. Гэта вялікі быў сход», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Гаворачы аб маючым адбыцца Усебеларускім народным сходзе, Аляксандр Лукашэнка сказаў, што на ім трэба будзе абмеркаваць грамадска-палітычныя і эканамічныя пытанні, планы, вызначыць асноўныя этапы развіцця Беларусі на бліжэйшыя пяць гадоў. «І там мы павінны намаляваць план у тым ліку і канстытуцыйных змяненняў. І да гэтага прапрацуем і па партыях, і па іншых пытаннях, каб ужо бачыць, на якім свеце мы знаходзімся. Таму падрыхтоўка да Усебеларускага сходу — важнейшая палітычная задача бліжэйшых дзён», — заявіў Прэзідэнт.

Ён даручыў кіраўнікам Адміністрацыі Прэзідэнта і ўрада, кіраўнікам аблвыканкамаў, Мінгарвыканкама ўважліва падысці да пытання выбрання дэлегатаў.

«Гэта будзе агульнанацыянальны дыялог. Таму прымаць удзел у форуме павінны прадстаўнікі ўсіх слаёў грамадства, усіх сацыяльных і прафесійных груп, патрыятычных аб’яднанняў і партый, дэпутаты ўсіх узроўняў. Дэлегаты павінны быць ад кожнага вялікага прамысловага прадпрыемства. Не толькі кіраўнікі, але і рабочыя ад станка, якія прадстаўляюць працоўныя калектывы», — сказаў Прэзідэнт.

Лукашэнка даручыў унесці прапановы па арганізацыі эфектыўнай сістэмы ідэалагічнай работы

«Адміністрацыю Прэзідэнта прашу ў бліжэйшы час унесці прапановы па арганізацыі эфектыўнай сістэмы ідэалагічнай работы», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, свае ўрокі павінна атрымаць і Міністэрства адукацыі. «Прапрацуйце прапановы па арганізацыі выхаваўчай работы ва ўстановах адукацыі ўсіх тыпаў, — даручыў Аляксандр Лукашэнка.- Калі неабходна, прадумайце пытанні ўніверсітэцкага самакіравання, але ў межах разумнага».

Прэзідэнт нагадаў, што сродкі масавай інфармацыі павінны быць праваднікамі дзяржаўнай ідэалогіі, а журналісты — самай дзяржаўнай катэгорыяй спецыялістаў.

Лукашэнка: нас хочуць прадставіць сусветнымі ізгоямі, але асноўныя планетарныя рынкі нас падтрымліваюць

Кіраўнік дзяржавы ўпэўнены, што трэба нарошчваць намаганні ў тых рэгіёнах планеты, дзе нас чакаюць і разумеюць. «Менавіта з імі звязаны выхад з пандэмійнага крызісу. Гэта, перш за ўсё, пастаянныя члены Савета Бяспекі ААН — Расія, Кітай, краіны СНД, хуткарастучыя дзяржавы Цэнтральнай Азіі», — лічыць Аляксандр Лукашэнка.

На думку Прэзідэнта, на міжнародных пляцоўках, у першую чаргу ААН, трэба прыкласці намаганні па давядзенні рэальнага стану спраў у Беларусі і ролі гегемонаў у няўдалай спробе каляровай рэвалюцыі ў нашай краіне.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што саюзнікам і ўсім іншым трэба прадаставіць інфармацыю, якая выкрывае сутнасць новай генерацыі каляровых тэхналогій.

Запуск БелАЭС плануецца прымеркаваць да 7 лістапада

«Запрашаю ўсіх. Думаю, 7 лістапада, у знакавы дзень для нас, мы зможам там пабываць і сказаць, што мы атрымалі першую электрычнасць з нашай атамнай станцыі», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Беларуская АЭС з двума рэактарамі ВВЭР-1200 сумарнай магутнасцю 2400 МВт будуецца па расійскім праекце АЭС-2006 паблізу Астраўца Гродзенскай вобласці. Генеральным падрадчыкам выступае дзяржкарпарацыя «Расатам». Энергаблокі пакалення 3+ маюць палепшаныя тэхніка-эканамічныя паказчыкі.

Лукашэнка: разам мы вернем у Беларусь спакойны рытм жыцця і прадоўжым будаваць незалежную будучыню

«Шмат наперадзе работы, — лічыць кіраўнік дзяржавы. — Я ўжо гаварыў, што сістэма трымаецца на адданых сваёй краіне людзях. Апошнія месяцы паказалі, што такіх людзей большасць».

«І нават не Прэзідэнту, а дзяржаве і народу ёсць на каго абаперціся ў гэты няпросты час», — упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы таксама падкрэсліў: «Разам мы вернем у Беларусь спакойны рытм жыцця і прадоўжым будаваць нашу незалежную будучыню».

БелТА

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro