Дапамога для пажылых і адзінокіх

З ініцыятывы тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Жабінкаўскага раёна на базе цэнтральнай раённай бальніцы разгорнута 15 ложкаў сястрынскага догляду. Аб гэтым нам расказаў дырэктар ТЦСАН Міхаіл Савянкоў. Па словах Міхаіла Пятровіча, ложкі прызначаны для кругласутачнага знаходжання адзінокіх пажылых людзей, не выключэнне і ляжачыя, якім неабходна мяняць падгузнікі, лячыць пролежні, выконваць медыцынскія назначэнні. Сюды людзей прыводзяць жыццёвыя абставіны. Не сакрэт, з гадамі здароўе чалавека падводзіць, і ён ужо не можа сам сябе абслугоўваць. Магчыма, каму-небудзь са сваякоў патрэбен перапынак: даглядаць за ляжачым хворым цяжка маральна і фізічна.
Нагадваем, што знаходжанне на ложках сястрынскага догляду доўжыцца не больш за 4,5 месяца, але вы можаце быць шпіталізаваны сюды некалькі разоў на год. Паслуга платная — 80 % у месяц ад сумы атрыманай пенсіі.

Хата на святы багата

У невялічкай вёсцы Баранцы ўсяго 16 чалавек. Хрысціны і бяседы тут, вядома, ужо не правяцца, хіба што юбілейныя. Гэтак летась святкавалі 70-годдзе з дня вяселля Сцяпан Уладзіміравіч і Лідзія Макараўна Ануфрыюкі. А сёлета, якраз праз дзень, старшыня Азяцкага сельвыканкама Ларыса Харс і кіраўнік спраў Алена Мароз завітаюць з віншаваннямі ў хату да старасты вёскі Сцяпана Ільіча Ахрымука і яго жонкі Таісіі Пракопаўны. Разам “маладыя” поруч ужо паўстагоддзя, паспелі ўзгадаваць добрых дзяцей, унукаў выняньчылі. Адным словам, пражылі свой век паміж людзьмі па-людску. І яшчэ адно прыемнае супадзенне: у той самы дзень, калі будзе святкавацца залаты юбілей Ахрымукоў, гаспадар хаты, што на святы багата, адзначыць і свой уласны 74-ы дзень нараджэння.

“Фарбы восені”

Пад такою назвай у мінулую суботу ў Сцяпанкаўскай сельскай бібліятэцы ладзіўся вечар займальнага адпачынку для дзяцей розных узростаў. Бібліятэкар Ірына Самасюк расказала гасцям пра залатую пару года, яе адметнасці і запрасіла паўдзельнічаць у конкурсах. Юныя чытачы з задавальненнем разгадвалі крыжаванку, былі актыўнымі ў гульнях “Дождж-гром-лёд”, “Адгадай ягады”, “Бульба”. Закончыўся вечар незвычайным выпрабаваннем: з завязанымі вачыма дзеці вызначалі на смак, якая гэта гародніна ці фрукт. Як адзначылі самі ўдзельнікі, мерапрыемства ім спадабалася і прынесла шмат станоўчых эмоцый, хвіліны радасці і пазітыву.

Хутчэй! Вышэй! Мацней!

З мэтай прапаганды здаровага і актыўнага ладу жыцця сярод навучэнцаў, далучэння іх да заняткаў фізічнай культурай з 5 па 12 верасня ў першай гарадской школе праходзіць Тыдзень спорту і здароўя. У яго рамках ужо адбыліся спартландыі “Хутчэй! Вышэй! Мацней!” з
удзелам вучняў 3 і 4 класаў, а таксама спаборніцтвы па валейболе паміж зборнымі камандамі юнакоў і дзяўчат. Наперадзе спартландыя “Здаровы я — здаровая сям’я”, у якой паўдзельнічаюць другакласнікі разам са сваімі бацькамі. Будуць ладзіцца і спаборніцтвы па футболе сярод зборных каманд 5-6 і 7-8 класаў.

Шырыцца кола аднадумцаў

На мінулым тыдні традыцыйная суботняя сустрэча нашага маладзёжнага брацтва ў гонар свяціцеля Кірылы Тураўскага была асаблівай: святочнай, адказнай і хвалюючай адначасова. Для дзевяці маладых людзей яна адбылася ўпершыню: менавіта столькі братчыкаў папоўнілі дружную духоўную сям’ю. Для навічкоў падрыхтавалі цікавы аповед з прэзентацыяй, якія дапамаглі бліжэй пазнаёміцца з дзейнасцю “маладзёжкі”, даведацца, што ж чакае ў коле аднадумцаў. Пасля былі разнастайныя гульні і конкурсы, якія хутка аб’ядналі маладых людзей, дазволілі праявіць сябе нават самым сціплым. З цёплымі пажаданнямі да навічкоў звярнуліся дабрачынны цэркваў Жабінкаўскай акругі Сергій Петрусевіч і кіраўнік брацтва Максім Волк. Цяпер разам, у новым саставе, яны будуць працягваць традыцыі аб’яднання і змогуць зрабіць яшчэ больш добрых, карысных спраў.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro