КАРТЫ ПРАЎДЫ ЎСЁЙ НЕ РАСКАЖУЦЬ

КАРТЫ ПРАЎДЫ ЎСЁЙ НЕ РАСКАЖУЦЬ

Нарыс

 

Адчуваю віну я міжволі
Перад гэтай самотнай зямлёй,
Дзе, як свечка, згарае таполя
Над магілай бабулі маёй.

Змітрок Марозаў

“Не магу вызначыць”
(Пралог)

— О Божа ж мой! Што такое? Не разумею…
Жанчына нервова паправіла цёмныя пасмы, што выбіліся з-пад бялюткай ільняной хустачкі. Яна змяшала карты і зноў раскінула іх, каб праз хвіліну трывожна схамянуцца, скрушна прашаптаць:
— Што гэта? Не магу вызначыць…
Не толькі ў Драмлёве, але і ў навакольных вёсках Ганну Антанюк лічылі варажэяй. Калі ў верасні трыццаць дзявятага пачалася вайна і мужчын забралі ў польскае войска, жонкі, маці зачасцілі ў Антанюкову хатку, што прытулілася на самым краі Драмлёва.
Яе прасілі пабачыць будучыню, і яна, раскінуўшы зацёртую калоду, супакойвала:
— Жывы, вернецца, чакайце толькі. Карты не хлусяць.
А сёння вырашыла паваражыць на сябе, на сваю долю і сумелася, калі пабачыла, як набліжаецца нешта невядомае і жахлівае, быццам вогненнае кола коціцца… Незразумелая карціна. Лепш бы яны схлусілі на гэты раз, праклятушчыя…
Шасцігадовая Верачка, якая стаяла побач, зірнула на цётку і ледзь не заплакала разам з ёю.

Самсонаўна

Мы сустрэліся ўпершыню ў Драмлёве. На жалобе, на Галавасек. Вера Самсонаўна, якая пастарэла на семдзесят гадоў, стаяла ўбаку, слухала прамовы, самотныя спевы, што краналі сэрца, і прыкладала ражкі хустачкі да вачэй.
Зразумеў адразу: трэба знайсці час, прыехаць у Сцяпанкі, каб пагутарыць са сведкаю трагедыі. Аднак першы крок зрабіла яна. Аднойчы, пасля чарговай публікацыі пра драмлёўцаў, дзверы ў кабінет асцярожна адчыніліся і ўвайшла Вера Самсонаўна.
— Прачытала ў газеце… Ноч не спала… і, як бульбу выбрала, адразу ж пехатой да вас, — вымавіла яна.
Вера Кірыльчук (у дзявоцтве — Саўчук) нарадзілася на заранках вясны — 8 сакавіка 1936 года. Вакол Мажэек было тады безліч хутароў. Саўчукоў стаяў найбліжэй да Драмлёва. Таму дзіцячыя вочы бачылі тое, на што нельга глядзець без болю і жаху і дарослымі вачыма.
— Помню, як гарэла Драмлёва, як мы прачнуліся на світанку, як тата сказаў: “Драмлёва гарыць”, як мама плакала, а я крычала: “Дык там бабулька мая гарыць!”

Фартушок

Большасць драмлёўцаў жыло заможна. Антанюкі былі мо самыя бедныя, бо мужчынскіх рук не ставала ў сям’і. Калі Анастасія Лукінічна з сынам Іванам вярнуліся з бежанцаў, у самым канцы сяла паставілі бедную хатку-мазанку, проста ў сенях рагулю трымалі. Старая Наста засталася за гаспадара і гаспадыню. Хоць і росту невялічкага, крыху згорбленая гадамі, была яна ўвішнаю ў працы. Як прыгадвала праз шмат гадоў яе ўнучка Вера Самсонаўна:
— Увесь час бабулечка не сядзела без справы, у фартушку хадзіла. Сама яго выткала, вялікімі чырвонымі кветкамі аздобіла, а потым падаравала маёй матулі Таццяне. Бабулін фартушок мне так падабаўся, што не раз казала: “Калі ж вы, мама, памрэце, каб мне гэты фартушок быў?” Малая была, дурненькая… што я разумела тады пра жыццё ды смерць?..

Людачка

Іван Антанюк нявесту не шукаў далёка — на другім канцы сяла сасватаў 17-гадовую Ганну Сыч, такую ж сірату, як сам. Хутка нарадзіліся дзеці: Тоня, а за ёй Алёшка.
Здавалася, паціху жыццё, як рака пасля павадку, пачало ўкладвацца ў сваё ложа. Ды бяда, ад якой дзверы на засовы не замкнеш, раптам пераступіла парог: летам трыццаць восьмага ў брэсцкай лякарні памёр ад раку Іван, пакінуўшы Ганну ў 22 гады ўдавою з дзецьмі на руках і старэнькай свякроўкаю. Дзве жанчыны раней толькі куты ў хаце дзялілі, цяпер гора на дваіх дзяліць давялося.
Жылі дружна, паважліва. Не стала паміж імі разладу нават тады, калі Ганна зацяжарала ў трэці раз. Па вёсцы пляткарылі: ад “усходніка” — чарнявага рускага Афанасія Іванова, які пасля пачатку Вялікай Айчыннай знайшоў сабе схованку на Антанюковым падворку.
Ці тое праўда, ці не, ніхто ўжо не скажа дакладна. Калі сцяпанкаўскі святар Леанід Дружылоўскі хрысціў нованароджаную рабу Божую Людмілу, пазначыў толькі імя маці, замест бацькавага пакінуў прочырк.
Людачка Антанюк прыйшла на свет 5 жніўня 1942 года.
Роўна праз месяц ІІІ батальён 15-га паліцэйскага палка, сфарміраваны ў германскім горадзе Араніенбургу, распачаў на Палессі карную аперацыю “Трохкутнік”.
…Яшчэ праз тыдзень надышоў Галавасек.

Заблукаўшыя ў дарозе

Карнікі падрыхтавалі ўсё старанна. Выведка, пераапранутая “пад партызан”, спрацавала аператыўна, можна сказаць, на выдатна. Знайшлася багатая вёска, дзе хлявы поўніліся пасля жніва зернем, мелася ў дварах досыць хатняй жыўнасці. Папярэдне забойцы нават высветлілі, дзе лепш катаваць няшчасных, каб не перашкаджалі рабаваць.
І ўсё ж паліцаі 10-й роты, якія пад началам обер-лейтэнанта Мюлера выправіліся на “паляванне”, ледзь не сарвалі спецаперацыю. “Вінаватыя” ў гэтым аказаліся старыя карты ды восеньскі туман, які густым сырадоем узняўся над забалочанай мясцінай.
Ужо віднела, калі машыны з узброенымі гітлераўцамі мінулі Вялікія Сяхновічы, паблізу Мікалаеўскай царквы павярнулі на поўнач. Хутка карнікі трапілі на раздарожжа: леваруч было Драмлёва, справа — Семенаўцы. Рушылі лепшым шляхам — направа.
…Першая вёска стала цяпер мемарыялам, другая — жывая дасюль. Хоць магло быць наадварот.
Некалі, пакуль яшчэ жыла найстарэйшая жыхарка Семенаўцоў Надзея Лось, спытаў яе пра той трывожны ранак. Яна распавяла, як карнік, зайшоўшы на падворак, запатрабаваў:
— Дзе лапата?
— Божа літасцівы, мо вы нас закапваць будзеце?
Нечаканы госць ашчэрыўся ды буркнуў:
— Найн!
Хацеў падмануць, ды сказаў праўду.
Сонца ўзнімалася ўсё вышэй, асвятляла спіны вяскоўцаў, якія рылі сабе акоп. На шчасце для жыхароў Семенаўцоў педантычныя каты даведаліся, што вый-шла памылачка… Сяло не тое! На ростанях не ўгледзелі “правільнай” дарогі…
Гэтак світанак 11 верасня 1942 года стаў апошнім у лёсе адной вёскі і страшным успамінам для жыхароў другой…

Попельны верасень

Ужо пасля вызвалення, у студзені сорак пятага, сталі вядомыя падрабязнасці таго, як забівалі Драмлёва.
Быў складзены “Акт раённай камісіі аб злачынствах нямецка-фашысцкіх захопнікаў на акупаванай імі тэрыторыі Жабінкаўскага раёна”. Дакумент сведчыў наступнае:
“На досвітку ў вёску Драмлёва на аўтамашынах уварваўся карніцкі атрад п’яных эсэсаўцаў, каля 50 чалавек. Пагражаючы смерцю, гітлераўцы сагналі ўсіх сялян у хлеў, а самі кінуліся, бы сквапныя ваўкі, у хаты, клеці ў пошуках сала і яек, рыліся ў скрынях, з кінжаламі ў руках ганяліся ў дварах за свіннямі і курамі. А 10-й гадзіне дня пачуліся аўтаматныя стрэлы — каты расстрэльвалі людзей, сагнаных у хлеў. Пасля чаго над вёскай узвілося вялізнае полымя. Гэта подлыя нямецкія вырадкі падпалілі мірную беларускую вёску Драмлёва разам з людзьмі: старымі, жанчынамі і дзецьмі”.
Насамрэч хлеў быў не адзін. Карнікі знішчалі ў чатырох пабудовах: мужчын і хлопчыкаў-падлеткаў у хлявах Міхаіла Леўчука і Івана Кіслага, дзяўчат, жанчын з малымі дзецьмі — у клунях Якава Юрасіка і Андрэя Чэсляка. Пра тое сведчыў Міхаіл Іванюковіч з Горак, якому ў час трагедыі было дваццаць гадоў. Некалькі абгарэлых трупаў ляжала на папялішчы хлява Мірона Данілюка. Было бачна, што маці спрабавала ўратаваць сваё немаўлятка і накрыла яго сваім целам… Падобныя карціны адбіліся ў памяці і іншых сведкаў.
Сярод 183 драмлёўцаў, якія развіталіся з жыццём у той попельны вераснёўскі дзень, наймалодшай была Люда Антанюк. Ёй споўнілася толькі трыццаць восем дзён.

А бэз усё цвіце
(Эпілог)

Праз два дні надышла нядзеля. Але зусім не святочным выдаўся гэты трынаццаты дзень верасня. Немцы знялі ачапленне, дазволілі пахаваць закатаваных. Жыхары навакольных вёсак прыйшлі на драмлёўскае папялішча.
— Калі ўсё пагарэла, — успамінае Вера Кірылюк, — я з татам і мамай рушылі туды. Мужыкі збіралі на фуры целы і везлі іх на могілкі ў Сцяпанкі. Вялікую, вельмі вялікую яміну выкапалі, туды кідалі. Былі сярод людзей такія, што пазнаеш, былі і тыя, каго пазнаць было немагчыма… Картоплі яны выбіралі — усё на вазах засталося, куры бегалі напалоханыя. Яшчэ мая матуля дала бабулі (сваёй, значыцца, маме) куранятак, і тыя гойсалі каля згарэлай хаты. Стаялі, плакалі мы ўсе. А што ж яшчэ зрабіць маглі?
Кожную вясну пад акном Антанюковай мазанкі распускаўся бэз. 11 верасня згарэлі людзі, хаты, дрэвы і толькі кустоўе нейкім чынам цалкам не знішчыў агонь. Колькі год мінула, колькі дзесяцігоддзяў, а бэз усё цвіце.
— Так і цягнецца ён увысь. А побач з бэзам сын Міхаіла Іванюковіча калісь уладкаваў драўляны крыж. Яго ж мама таксама была драмлёўка, — гаворыць у задуменнасці жанчына.
Кладзе яна рукі на калені і зноў чуваць, як галосіць душа і сэрца трызніць:
— Бабулечка мая згарэла, цёця Аня, Лёша, Тоня і Людка наймалодшая згарэла… На могілках, на тумбачцы гэннай ля помніка, мае ўсе напісаны…
Анатоль БЕНЗЯРУК
На здымках: Вера Самсонаўна КІРЫЛЬЧУК; Драмлёва на даваеннай карце; крыж на месцы
Антанюковай хаты.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro