НА АБШАРАХ РАДЗІМІЧАЎ СЛОВА ЖЫВОЕ

НА АБШАРАХ РАДЗІМІЧАЎ СЛОВА ЖЫВОЕ

У суботу і нядзелю горад Бялынічы, уся Магілёўшчына віталі гасцей ХХVII Дня беларускага пісьменства. Урачыстыя моманты яднання творчых людзей, прасякнутыя гонарам за роднае слова, змаглі ацаніць і берасцейскія паэты і празаікі. Сёлета ўжо пяты раз уручана Нацыянальная літаратурная прэмія. Прыемна, што высокая ўзнагарода не абмінула наш палескі край: пераможцам у намінацыі “Паэзія” абвешчаны пінчук Валерый Грышкавец.

На спатканне з Сіманавым

Тры племені калісь заклалі падмуркі беларускага народа. Гэта — крывічы, палескія дрыгавічы ды радзімічы, што некалі жылі на берагах Дняпра і Сожа. Роднае слова было заўсёды ў іх у пашане. Таму і нездарма на колішніх радзіміцкіх абшарах стварылі Баркулабаўскі летапіс, які быў выдадзены канцлерам Сапегам у Бялыніцкай друкарні.
Гэтак яшчэ ў ХVII стагоддзі горад, дзе, паводле падання, некалі заззяла, асвяціўшы вечаровае неба, ікона Божай Маці, нароўні з Полацкам, Нясвіжам і Мсціслаўлем стаў цэнтрам друкавання. Таму праз доўгія вякі Бялынічы абралі сталіцай Дня пісьменства.
У летапісе з Баркулабава згадваецца не толькі “горад белых начэй”, але і Буйнічы. У іх таксама давялося пабываць берасцейскім літаратарам. У мясцовым агралесатэхнічным каледжы беражліва захоўваюць памяць пра няпростыя старонкі мінулай вайны. Штогод улетку ладзіцца вялікая рэканструкцыя штурму буйніцкіх умацаванняў, ужо тры гады як існуе шыкоўны музей ваеннага карэспандэнта і знакамітага паэта Канстанціна Сіманава. На спатканне з аўтарам неўміручых радкоў “Жди меня, и я вернусь…” і завіталі гродзенская і брэсцкая пісьменніцкія суполкі, якія заўсёды падтрымліваюць творчыя кантакты, што даўно перараслі ў сяброўскія.
Намеснік дырэктара каледжа Наталля Цішкова, здаецца, жыве тэмай, прысвечанай Сіманаву. Нездарма ўжо вельмі шмат разоў 28 лістапада з яе ўдзелам ладзіліся сапраўды міжнародныя Сіманаўскія чытанні.
Сёлета 105-ы дзень яго нараджэння таксама не абмінуць навукоўцы, пісьменнікі, аматары творчасці. Трэба было бачыць, з якім хваляваннем Наталля Анатольеўна, распавядала пра апошнюю волю творцы, які спякотным летам сорак першага змагаўся на гэтых рубяжах і завяшчаў пасля смерці развеяць свой прах над Буйніцкім полем. Хоць самае высокае начальства загадала пахаваць Канстанціна Сіманава на прэстыжных маскоўскіх могілках, жонка і сын адважыліся выканаць апошнюю волю мужа і бацькі.
Са свайго боку, цудоўнаму нашаму экскурсаводу было прыемна пачуць, што нараджэнцы Буйнічаў праслаўляюць роднае паселішча і далёка за яго межамі. Прынамсі, адсюль паходзіць Ганаровы грамадзянін Жабінкаўскага раёна Мікалай Аляксандравіч Прасмыцкі.

Бялыніцкія духоўныя “прысмакі”

Другі дзень (ён жа асноўны) быў цалкам прысвечаны кніжнікам і кніжнасці. Ад навінак айчынных выдавецтваў сапраўды разбягаліся вочы, а слыху прыносілі асалоду не толькі фальклорныя ды эстрадныя выступоўцы, але й удзельнікі міжнароднага фестывалю “Магутны Божа” з удзелам Магілёўскай абласной капэлы, акадэмічных хароў устаноў адукацыі вобласці. Над плошчай каля храма Бялыніцкай іконы Божай Маці разносіліся малінавыя гукі званоў, прывезеных на свята са сталічнага духоўнага вучылішча. Тут урачыста была адкрыта скульптурная кампазіцыя, прысвечаная цудатворнаму абразу Багародзіцы, які шануюць на ўсходзе Беларусі і праваслаўныя, і каталікі, і ўніяты. А праз нейкія паўгадзіны свае дзверы расчыніў перад наведвальнікамі выдатны Бялыніцкі мастацкі музей, што носіць імя таленавітага майстра пэндзля і палітры Вітольда Бялыніцкага-Бірулі, чые творы можна пабачыць далёка ад роднай старонкі.
Вельмі прыемна было пачуць шматлікія добрыя словы ў адрас сёлетніх творцаў-юбіляраў, паслухаць, як гучаць у выкананні юных чытальнікаў вершы і проза, напісаныя Уладзімірам Караткевічам і Кузьмой Чорным. “Чалавек — гэта цэлы свет”, — некалі сказаў апошні. І з гэтым нельга не пагадзіцца.
Кажуць, ёсць ежа звычайная і духоўная. Хапала на свяце і першага, і другога. Бо запрашалі да сябе не толькі тэматычныя пляцоўкі “Лёс зямлі маёй праз слова”, “Кніга і прэса Беларусі”, “Друкарскі двор”, “Свята з Бялынам”, “Сугучча майстэрства і слова”, “Мой сябар — кніга” ды іншага шмат. Клікалі спакусліва і гандлёвыя рады, прывезеныя з усёй Магілёўшчыны. Дарэчы, радзімічавы “дзеці” крыху “сплагіяцілі” ў нашчадкаў дрыгавічоў. Бо ў нас ёсць Белая Вежа, а ў іх атрымалася… Белая Ежа. Адным словам, духоўнага было шмат, але і шматок сала таксама прысутнічаў!

Узнагарода едзе ў Пінск

На пляцоўцы “Слова пісь-менніка” творцы мелі мажлівасць выказацца: хто прозай, хто вершам. Берасцейцы, якія прыехалі ў Бялынічы разам са старшынёй свайго аддзялення Таццянай Дземідовіч, вядома, гэтым скарысталіся. Яны нагадалі чытачам пра свой край, пазнаёмілі з творчасцю, на якую здаўна здольныя нараджэнцы абшараў ад Буга да Піны.
Пінчукам рыфмаваць з рукі. У тым упэўніліся, хто паслухаў вершы Жанны Завацкай і Валерыя Грышкаўца. Была сярод нас і журналістка Наталля Шляжка, якая таксама сябруе з рыфмаваным словам. Паэтычную сябрыну падтрымалі сваімі творамі маладая брастаўчанка Аксана Валуй ды паэт-мастак Мікалай Бусько — чалавек вельмі паважанага ўзросту.
Край наш багаты на таленты. Нездарма пару год таму ў Іванаве берасцейцы ўпершыню атрымалі самую прэстыжную пісьменніцкую ўзнагароду краіны — Нацыянальную літаратурную прэмію. Тады пераможцай стала Зінаіда Ду-дзюк. Сёлета было спадзяванне, што поспех паўторыцца. Нездарма на галоўную ўзнагароду прэтэндавалі з дзясятак пісь-меннікаў Брэстчыны, а ўсяго было прадстаўлена каля 80 кніг.
Таму прыемна, што 6 верасня пераможцам конкурсу быў абвешчаны пінскі паэт Валерый Грышкавец — аўтар паэтычнага зборніка “Застаюся назаўсёды”, што пабачыў свет у выдавецтве “Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”.
Анатоль РОСТАЎ
Фота аўтара

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro