У райвыканкаме

У райвыканкаме


20 ліпеня прайшло пасяджэнне райвыканкама. Пачалося яно з абмеркавання вынікаў работы народнай гаспадаркі і выканання бюджэту раёна ў першым паўгоддзі. Старшыня райвыканкама М.В.Токар адзначыў, што ў многіх параметрах не змаглі выйсці на запланаваныя рубяжы. У аб’ёмах прамысловай вытворчасці раён займае адно з апошніх месцаў у вобласці. На цукровым заводзе знізілася вытворчасць прадукцыі на 33%. Сырцовы цукар стаў настолькі стратным, што “з’еў” прыбытак, атрыманы ад бураковага. Цяпер цукраварам патрэбна сканцэнтраваць усе намаганні, каб у новым сезоне перапрацоўкі буракоў, да якога засталося не так многа, “падцягнуць” свае вытворчыя паказчыкі. Тым больш, што ўжо сёння салодкія карані на палях падаюць надзеі на добры ўраджай.
Неабходна павялічыць аб’ёмы вытворчасці ў 2,5 раза ў параўнанні з мінулым годам — такую задачу паставіў перад кіраўнікамі працоўных калектываў М.В.Токар, аддзелу эканомікі райвыканкама даручыў распрацаваць стратэгію развіцця кожнага прадпрыемства. Рэзервы ёсць паўсюдна. Напрыклад, на торфабрыкетным заводзе — перавод кацельні на мясцовыя віды паліва, для ПМК-10 — заключэнне дагавораў з гаспадаркамі на будаўніцтва і рэканструкцыю ферм, іх асфальтаванне — для ДРБУ-103 і тым самым забеспячэнне занятасці работнікаў.
Вытворчасць (вырошчванне) жывёлы ў гаспадарках раёна павялічылася на 3,8%. Паменшылі рэалізацыю жывёлы на забой СВК “Хмелева”, “Шпіталі”, “Арэпічы”, ААТ “Жабінкаўскі”, ПУАП “Азяты”.
За першае паўгоддзе валавая вытворчасць малака склала 27 тыс. тон, што на 13,6% вышэй адпаведнага леташняга перыяду. Цяпер сельгаспрадпрыемствы раёна ў суткі рэалізуюць малака на суму каля 400 млн. руб. Значныя страты ў гаспадарак з-за продажу яго нізкім гатункам. За 6 месяцаў сёлета яны недаатрымалі з-за гэтага каля 2 мільярдаў рублёў выручкі. Найбольшыя страты ў СВК “Маціевічы”, “Шпіталі”, ААТ “Ракітніца”, адпаведна 369, 94 і 211 тыс. руб. на тоне прадукцыі.
Раён справіўся з прагнозным заданнем ўвода жылля. Здадзена ў эксплуатацыю жылых дамоў агульнай плошчай 6553 кв. м (131,1% да гадавога задання).
За студзень-май у раёне няма стратных прадпрыемстваў.
Узровень беспрацоўя на 1 ліпеня да эканамічна актыўнага насельніцтва 0,6% пры заданні да канца года 1,3%. Сярэднемесячны заробак за 5 месяцаў бягучага года — 2656,7 тыс. руб. ці 199,5% да адпаведнага леташняга перыяду.
У адным з пунктаў рашэння выканкам даручыў кіраўнікам арганізацый усіх форм уласнасці разгледзець вынікі работы за першае паўгоддзе 2012г. у калектывах, намеціць канкрэтныя меры павышэння эфектыўнасці працы і адказнасці кадраў за выкананне прагнозных параметраў і заданняў на 2012 год, забеспячэнне бясстратнай дзейнасці.
Наступнымі былі разгледжаны пытанні: стан пажарнай бяспекі аб’ектаў аграпрамысловага комплексу раёна; інфармацыйныя запіскі пракуратуры аб стане барацьбы з карупцыяй, а таксама законнасці і правапарадку на тэрыторыі раёна ў першым паўгоддзі; аб ходзе выканання плана мерапрыемстваў Дзяржаўнай праграмы нацыянальных дзеянняў у папярэджанні і пераадоленні п’янства і алкагалізму; аб ролі дзіцячых і моладзевых грамадскіх аб’яднанняў у выхаванні падрастаючага пакалення; аб стане работы са зваротамі грамадзян, юрыдычных асобаў і здзяйсненні адміністрацыйных працэдур.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top