Зязюлі і іх дзеці

Як вядома, зязюля не ўе гнязда, а імкнецца падкінуць свае яйкі ў чужое, каб іншая птушка выгадавала зязюльчаня. А між людзей хіба такое не стрэнеш? Тры жанчыны — Ірына Б., Кацярына Л. і Надзея Н. — нарадзілі дзяцей, аднак удзялялі ім увагі меней, чым гарэлцы ды разгульнаму ладу жыцця. Так што ў рэшце рэшт раённы суд пазбавіў жанчын права выхоўваць малых. Дзяржава ўзяла дзетак на сваё забеспячэнне, але расходы, затрачаныя на выхаванне непаўнагадовых, былі ўскладзены на гора-маці. Каб жанчыны маглі штомесячна выплачваць сумы, вызначаныя ўрадам Рэспублікі Беларусь, ім дапамаглі працаўладкавацца. Да сваёй работы яны ўсё ж адносіліся абыякава, дапускалі прагулы. Так, за тры месяцы Кацярына не выйшла на працу 22 разы, а Ірына ды Надзея — па 28. Значыць, не змаглі спаўна кампенсаваць расходы на дзяцей.

Два прарабы і бетон

Ілья М. ды Уладзімір М. працавалі прарабамі ў будаўнічай арганізацыі ПМК-10. Яны былі службовымі асобамі, што займалі пасаду, звязаную з выкананнем арганізацыйна-распарадчых ды адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў, а таксама былі ўпаўнаважанымі па юрыдычных пытаннях.
Першы, атрымаўшы па таварна-транспартнай накладной на жалезабетонным вузле 9 кубоў розных марак раствору, адправіў яго, як кажуць, “налева”. Такім чынам, Ілья М. нанёс сваёй арганізацыі стратаў на суму 661 рубель 57 капеек.
Уладзімір М., са свайго боку, даў указанне вадзіцелю завезці 17 кубоў бетону на зямельны ўчастак Аляксандра Р. у Рачкі. Ад гэтага ПМК-10 панесла страты амаль на 2,5 тысячы рублёў. Супраць гора-прарабаў узбуджаны справы па частцы 1 артыкула 210 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Махляры і банкаўскія карткі

Сённяшнія маладыя людзі навучыліся здабываць грошы з дапамогай камп’ютарнай тэхнікі. Напрыклад, невядомая асоба, даведаўшыся рэквізіты банкаўскай пластыкавай карткі ААТ “Белінвестбанк”, якая належала Таццяне Ш., у адзін дзень спісала 100 рублёў.
Другі спраўны на руку гэткім самым чынам выкарыстаў картку Уладзіміра К. і ўкраў 300 рублёў. Валянцін Б. згубіў сваю пластыкавую картку ААТ “Белаграпрамбанк”. Яе падабраў Васіль П. і ў адзін дзень двойчы атаварыўся ў краме, размешчанай на аўтазаправачнай станцыі
№ 59, якая месціцца на шашы паблізу вёскі Федзькавічы.
Каб вашы грошы заставаліся цэлымі, не давярайце іншым, у тым ліку і самым блізкім сябрам, сваякам, рэквізіты банкаўскіх пластыкавых картак.

Спрытнюгі на “Куфары”

Як яшчэ лаўкачы імкнуцца адурманьваць даверлівых людзей? Вельмі проста. Напрыклад, невядомая асоба выкарыстала “Вайбер”, прыкінулася пакупніком тавару, аб продажы якога Мілена Г. змясціла аб’яву на сайце “Kufаr.bу”. Такім чынам, злачынец завалодаў рэквізітамі чужой банкаўскай карткі і ўкраў з карт-рахунку Мілены 205 рублёў.
Літаральна гэтак жа другі махляр у адначассе “разбагацеў” больш чым на 243 рублі. Ён перавёў грашовыя сродкі з карт-рахунку Наталлі А. Зараз не толькі жанчыны будуць шукаць жулікаў, але і следчыя, бо супраць людзей, нячыстых на руку, узбуджаны справы па частцы 2 артыкула 212 Крымінальнага кодэкса краіны.

Аўтазлодзей у акулярах

У байцы дзядулі Крылова малпа, калі на старасці год стала слаба бачыць, пачула, што дапамогуць ёй акуляры, і купіла дзесяць пар. Праўда, карысці ад гэтага не мела, бо не ведала, як імі карыстацца. Не меў карысці ад свайго ўчынку і Сяргей М., які “набыў” (а правільней сказаць — сцягнуў) з аўтамабіля Рамана К. чатыры пары акуляраў. “А чаму не дзесяць?” — спытаеце. Вам Сяргей, мабыць, адкажа: “Бо болей не было!” Затое мужчына не забыўся прыхапіць яшчэ і туалетную ваду з замежнай назвай ды зараднае прыстасаванне. Усё разам пацягнула на 215 рублёў.
Крадзеж — гэта злачынства, за якое Сяргей М. панясе пакаранне па частцы 1 артыкула 205 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Юрый ЮРКЕВІЧ, начальнік раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro