10 верасня — Сусветны дзень прадухілення самагубстваў

10 верасня — Сусветны дзень прадухілення самагубстваў

Пагадзіцеся, далёка не самая прыемная тэма для размовы. Аднак жыццё паказвае, наколькі важна яе абмяркоўваць, бо штогод у свеце здзяйсняецца каля мільёна самагубстваў, а суіцыдальных спробаў — у 10 разоў больш. Пра прычыны суіцыдаў і іх прафілактыку расказала ўрач-псіхіятр Жабінкаўскай ЦРБ Марыя Вайцюк.
— Самазабойства, як прычына смерці, займае другое месца ў Еўропе пасля дарожна-транспартных здарэнняў ва ўзросце ад 15 да 35 гадоў. Матывы суіцыдальнага акта могуць быць рознымі. Гэта пратэст ці помста каму-небудзь з блізкіх, крык аб дапамозе, самапакаранне, рацыянальная адмова ад жыцця і іншыя. Людзі, якія здзяйснялі суіцыд, звычайна пакутуюць ад моцнага душэўнага болю ці знаходзяцца ў стане стрэсу, а таксама адчуваюць немагчымасць справіцца са сваімі праблемамі ці эмацыянальнымі парушэннямі і глядзяць на будучыню без надзеі.
Прычыны суіцыду розныя: страта блізкага чалавека, дэпрэсіўнае расстройства, цяжкае саматычнае хранічнае захворванне, алкагалізм, таксікаманія, наркаманія, страта работы, выхад на пенсію, адзінота і іншыя.
Суіцыд ніколі не бывае вынікам адзінага фактару ці падзеі. Да яго звычайна прыводзяць складаныя спляценні: непрыемнасці ў сям’і, злоўжыванне алкаголю, міжасобасныя канфлікты і жыццёвыя падзеі, што выклікаюць стрэс, фізічныя ці псіхічныя захворванні, адзінота ці адсутнасць маральнай падтрымкі ад блізкіх людзей.
Ад 70 да 75 працэнтаў тых, хто намерыўся здзейсніць суіцыд, тым ці іншым спосабам раскрываюць свае намеры. І тут вялікую ролю адыгрываюць блізкія і родныя людзі. Клопат, цеплыня, праніклівасць, уменне падтрымаць у цяжкую хвіліну, своечасова працягнуць руку дапамогі — усё гэта можа дапамагчы чалавеку не здзейсніць непапраўнае.
Асобы, якія знаходзяцца ў вельмі цяжкай, здавалася б, безвыходнай сітуацыі ці пакутуюць ад дэпрэсіі, могуць звярнуцца ў раённую паліклініку да ўрача-псіхіятра ў кабінет № 38 ці па тэлефоне 2-29-29. Доктар можа накіраваць на лячэнне ў псіхасаматычнае аддзяленне райбальніцы, дзе атрымліваюць дапамогу людзі, што пакутуюць ад функцыянальных расстройстваў нервовай сістэмы. Таксама з мэтай аказання экстранай псіхалагічнай дапамогі можна набраць нумар “тэлефона даверу” ў горадзе Брэсце (80162)25-57-27, які працуе кругласутачна. У цяжкія жыццёвыя моманты, калі здаецца, што вы ў тупіку і не знаходзіце выйсця, тэлефануйце — і вам дапамогуць.
Прафілактыка суіцыдаў — гэта не толькі медыцынская, але і сацыяльная задача. Неўладкаванасць, праблемы эканамічнага плана, злоўжыванне спіртнымі напоямі (больш за 60 працэнтаў самагубстваў здзяйсняюцца ў нецвярозым стане) — прычыны, што нараджаюць суіцыдальную настроенасць. Спраўляцца з ёю дапамагае здаровы лад жыцця — адзін з галоўных відаў прафілактычных мерапрыемстваў у барацьбе з суіцыдамі.
Запісала Алёна НІКАНЧУК

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro