Працуй,студэнт!

Працуй,студэнт!

Слова студатрад прыйшло да нас з савецкіх часоў, калі нашы бацькі дружнай камандай ехалі на далёкія будоўлі некалі неабсяжнай краіны. Разам з успамінамі захавалася і студэнцкая традыцыя —– падчас летніх канікулаў не ленавацца, а праводзіць вольны час з максі-карысцю. І цяпер студатрадаўскі рух у нашай краіне набірае ўсё большыя абароты. У працоўным семестры – 2012 задзейнічаны сотні студэнтаў, для якіх праца — гэта не проста дадатковы заробак, але і магчымасць знайсці новых сяброў, правесці час ў вясёлай кампаніі і атрымаць працоўны вопыт.
Сёлета на тэрыторыі раёна арганізаваны студэнцкі атрад, у які маглі запісацца жыхары Жабінкаўшчыны, што атрымліваюць прафесійна-тэхнічную, сярэднюю спецыяльную ці вышэйшую адукацыі. Галоўныя ўмовы — актыўная жыццёвая пазіцыя, жаданне праявіць сябе і пазітыўны настрой.
— Зводны студэнцкі атрад — гэта своеасаблівы эксперымент для раёна, — тлумачыла ў размове Вера Бортнік, начальнік адзела па справах моладзі райвыканкама. — Раней нічога падобнага ў нас не было. Канечне, дзеці з Жабінкі і раёна ўладкоўваліся працаваць летам у розныя арганізацыі, аднак яны не маглі разлічваць на тыя льготы, якімі карыстаецца моладзь, што знаходзіцца ў складзе студатрада. Напрыклад, згодна з заканадаўствам члены студэнцкага атрада вызваляюцца ад падаходнага падатку; жыццё ў ім не толькі праца, але і культурны адпачынак.
Аддзел па справах моладзі райвыканкама разам з РК ГА “БРСМ” паклапаціліся аб тым, каб моладзь раёна змагла атрымаць добрую працу па месцы свайго жыхарства. Кіраўніцтва ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод” падтрымала ідэю стварэння студатрада. Быў заключаны дагавор і 22 студэнты, якія родам з Жабінкі, атрымалі на заводзе часовае працоўнае месца. 10 з іх увайшлі ў склад студатрада і заняты на нарыхтоўцы збожжа ўраджаю-2012.
— Штогод на перыяд нарыхтоўкі збожжа, а гэта ліпень і жнівень, на элеватар, у вытворча-тэхналагічную лабараторыю, на ўчастак сыравіны і гатовай прадукцыі камбікормавага цэха дадаткова набіраюцца рабочыя. Гэта дазваляе бесперапынна кругласутачна прымаць новы ўраджай, — падкрэсліла інжынер па кадрах ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод” Людміла Мацюхевіч. — У студэнцкі атрад завода могуць быць залічаны студэнты, якія дасягнулі паўналецця, не маюць акадэмічных завінавачанняў па месцы вучобы, медыцынскіх супрацьпаказанняў да выканання адзначаных працоўным дагаворам работ.
На заводзе адзначаюць, што студэнты цяжкасцяў не баяцца і ад работы не ўвільваюць. І гэта не выпадкова, бо тут яны лічацца сапраўднымі працаўнікамі: адпрацоўваюць аднолькавую колькасць гадзін з іншымі апаратчыкамі апрацоўкі збожжа, заробак у іх нічым не адрозніваецца ад таго, што атрымліваюць работнікі 3 разраду. Пры ўмове добрай працы яны могуць прэтэндаваць на павялічаную прэмію.
— На працягу 12 працоўных змен (пакуль няма масавага паступлення ўраджаю), усе студэнты праходзяць стажыроўку. За іх работай сочаць больш сталыя спецыялісты, даюць парады. Праз два тыдні яны здаюць міні-экзамен і толькі тады студэнт становіцца самастойным працаўніком, — сказала начальнік элеватара Тамара Болдык. — Пакуль яшчэ рана гаварыць аб выніках працы моладзі. Аднак радуе, што кожны стараецца выконваць яе сумленна. Нават дзяўчынкі ўмела ўпраўляюцца з лапатай.
Сярод моладзі студатрада ёсць шмат тых, хто ўжо не ўпершыню працуе на камбікормавым заводзе. Так, Юлія Чарнюк, студэнтка 5 курса юрыдычнага факультэта Брэсцкага педагагічнага ўніверсітэта імя А.Пушкіна, ужо трэці сезон на заводзе. Кожнае лета яна працуе ў лабараторыі і ўжо сама многаму можа навучыць сваіх студэнцкіх “калег”.
— Мне падабаецца тут: добры калектыў плюс нядрэнны заробак, на адпачынак часу хапае. Мая малодшая сястра Кацярына ўзяла з мяне прыклад: другі год таксама працуе на камбікормавым заводзе, — дзялілася уражаннямі Юля.
Студэнт Брэсцкага тэхнічнага ўніверсітэта Васіль Калыбскі таксама не навічок у працоўнай справе, ужо другі год прыходзіць ён на прадпрыемства:

— Летась працаваў на прыёмцы ўраджаю з чыгуначнага транспарту, а сёлета ўладкаваўся грузчыкам. Старэйшыя “калегі” падказваюць што і як лепш рабіць. А працаваць не цяжка, калі ў цябе ёсць жаданне і мэты. Мая мара — добра адпачыць гэтым летам і падзарабіць крыху грошай,каб бацькам лягчэй было. Адно другому не перашкаджае.
На камбікормавым заводзе для адпачынку створаны ўсе ўмовы. Напрыклад, можна наведаць сауну, для аматараў спорту ёсць бясплатная трэнажорная зала, спартыўны інвентар, які спатрэбіцца для адпачынку на прыродзе.
Дар’я ПАДАЛІНСКАЯ.
На здымках: Васіль Калыбскі за працай; Юлія Чарнюк прымае сыравіну.
Фота аўтара.  

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top