Беларусь у 27-ы раз адзначае Дзень беларускага пісьменства

Беларусь у 27-ы раз адзначае Дзень беларускага пісьменства

На гэты раз свята прымае Магілёўшчына, а сталіцай абраны горад белых начэй, як вобразна называюць Бялынічы.

Сталіцы свята

Па добрай традыцыі, якая сягае ў 1994 год, свята прыгожага пісьменства і тых, хто стварае і даносіць яго да чытачоў, адбываецца ў першую восеньскую нядзелю.
Хоць сёлета і дваццаць сёмая па ліку ўрачыстасць, гонар прымаць яго мелі ўсяго 23 гарады Беларусі. Справа ў тым, што пачыналася ўсё з радзімы славутага першадрукара Францішка Скарыны, потым яшчэ двойчы старажытны Полацк станавіўся сталіцай Дня пісьменства. Яшчэ два гарады — Тураў і Заслаўе — прымалі свята двойчы. У спісе сталіц пісьменства значацца і берасцейскія гарады: Пінск (1999), Камянец (2005), Ганцавічы (2011), апошнім па часе ў верасні 2018-га стаў старадаўні Янаў — сённяшняе Іванава.
Цяпер час вітаць пісьменнікаў, выдаўцоў і шматлікіх чытачоў надышоў Бялынічам.

Чым Бялынічы будуць радаваць?

Творчых тэматычных кропак XXVII Дня пісьменства, каля якіх варта будзе спыніцца, мяркуецца, будзе нямала. Асноўныя прымеркаваны да Года малой радзімы, 75-х угодкаў Вялікай Перамогі, цудоўнага юбілею Уладзіміра Караткевіча (сёлета любімаму многімі пакаленнямі беларусаў творцу споўнілася б дзевяноста). Да кожнай з гэтых нагод айчынныя выдавецтвы падрыхтавалі шматлікія тэматычныя выданні, якія будуць прэзентавацца на свяце.
Яго ўрачыстае адкрыццё бу-дзе грунтавацца на краязнаўчых матэрыялах, паданнях, мінулым бялыніцкага краю, гісторыі развіцця беларускага Слова, на багатай літаратурнай спадчыне Караткевіча. Як і ў ранейшыя гады, асноўным мерапрыемствам стане цырымонія ўганаравання пераможцаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі.
У межах свята адбудзецца экспедыцыя “Дарога да святыняў”. Самым прыцягальным месцам, да якога будуць ісці вернікі, стане храм, дзе захоўваецца цудатворны абраз Бялыніцкай Божай Маці. (Падрабязней пра яго “СП” распавядала сёлета ў тэматычнай старонцы “Святло духоўнасці і веры”).
У Дзень пісьменства пройдуць таксама навукова-практычная канферэнцыя “Бялыніцкія чытанні”, круглы стол “Мастацкая літаратура як шлях адзін да аднаго”, у якім паўдзельнічаюць пісьменнікі з розных краін. Усялякае свята — добрая падстава падвесці вынікі конкурсаў, якія абвяшчаліся напярэдадні. Мо адзін з найбольш, так бы мовіць, “асучасненых” — “Кніга з экрана”.
На фестывалі кнігі і прэсы адбудзецца гістарычны квэст-гульня “Скарб князя Гальшанскага”, якая абавязкова зацікавіць аматараў мінулага.
А ў гэты самы час на цэнтральнай гарадской плошчы будуць працаваць павільёны, у якіх удзельнікі і госці Дня беларускага пісьменства змогуць азнаёміцца з кніжнымі навінкамі, экспазіцыямі перыядычных выданняў рэспубліканскіх і рэгіянальных СМІ, сустрэцца як з айчыннымі, так і замежнымі пісьменнікамі.
Самыя цікавыя павільёны — “Друкарскі двор” ды “Слова пісьменніка” — несумненна стануць месцамі для літаратурных сустрэч і знаёмстваў, прэзентацый і аўтографаў-сесій творцаў прыгожага слова.

Берасцейцы — магіляўчанам

Пра тое, з якімі творчымі здабыткамі збіраецца на свята ў Бялынічы берасцейская пісьменніцкая сябрына, запыталіся ў старшыні абласнога аб’яднання СПБ Таццяны Дземідовіч.
— Творцы Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі па традыцыі прымуць удзел у святкаванні Дня беларускага пісьменства, — адказала Таццяна Анатольеўна. — На пляцоўцы “Слова пісьменніка” нашы літаратары выступяць з праграмай “Дзень кожны бачыцца святам”, у рамках якой адбудзецца прэзентацыя кніг, выдадзеных пісьменнікамі-землякамі ў 2019-2020 гадах. Спачатку будуць прадстаўлены кнігі, прысвечаныя 75-годдзю Вялікай Перамогі, сярод іх найбольш адметныя — “Пісьмы вайны” Аляксандра Валковіча і “Сустрэча ў зялёным жыце” Расціслава Бензерука. У наступнай частцы нашай прэзентацыі, названай “Паэтычны куфэрак”, са сваімі вершамі выступяць Жанна Завацкая, Валерый Грышкавец, Мікола Бусько, Аксана Валуй, Святлана Сцепанчук. Нарэшце, “Дзіцячы гарадок” пазнаёміць чытачоў з яркімі каляровымі выданнямі брэсцкіх пісьменнікаў, створанымі для самых маленькіх і іх бацькоў. Адным словам, берасцейцам ёсць чым здзівіць і парадаваць у творчым плане жыхароў Магілёўшчыны ды і ўсёй Беларусі.
Антон БЕРАСТОК

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro