Запрашаем на “Дажынкі”

Абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2020” адбудзецца 12 верасня ў кобрынскім Дзівіне. Аграгарадок, які змяніўся да непазнавальнасці, гасцінна сустрэне лепшых хлебаробаў вобласці. Чакаецца, што на свята збярэцца больш за тысячу чалавек. Галоўнай падзеяй фестывалю стане ўзнагароджанне лепшых аграрыяў рэгіёна. Для гасцей мерапрыемства будуць працаваць “Горад майстроў”, выстава сельскагаспадарчай тэхнікі, гандлёвыя і творчыя пляцоўкі. У рамках святкавання запланаваны вялікі канцэрт з удзелам ансамбля народнай музыкі “Бяседа”, гурту “Аўра”, Уладзіміра Ухцінскага, Ігара Аксюты, Святланы Шыманскай, ELEN і іншых выканаўцаў. Сёлетнія “Дажынкі” здзівяць гасцей новым фарматам: урачыстасць пройдзе пад адкрытым небам на пляцоўцы перад Дзівінскім цэнтрам культуры і вольнага часу. Яркім акордам фестывалю-кірмашу стане святочны феерверк.
Дзівінчане запрашаюць усіх жадаючых далучыцца да народнага свята ўраджаю.

Каб памяталі нашчадкі

Арыгінальны знак цяпер можа пабачыць кожны, хто завітае ў вёску Пруска. На маляўнічай шыльдзе пазначана не толькі назва населенага пункта, але і выразна чытаецца, што ён “заснаваны ў 1534 годзе”. Зроблена гэта дзеля таго, каб і нашчадкі з гонарам памяталі свае вытокі. А яшчэ прыдарожны знак можа нагадаць пра чалавека, які пакінуў пасля сябе добры ўспамін — былога вясковага старасту Антона Жыгмана. Менавіта Антон Антонавіч некалі прапанаваў уладкаваць у родным паселішчы гэтую шыльду. Да слова, знак у Прусцы — ужо другі, пасля азяцкага: у цэнтры аграгарадка месціцца валун з надпісам, які нагадвае, што Азяты заснаваны ў 1516 годзе.

Падарунак за дзясятку

БРСМ запусціў праект пад назвай “#МаяПершая10”. Удзельнікамі могуць стаць вучні 8-11 класаў. Спачатку для гэтага з 1 па 10 верасня патрэбна атрымаць дзясятку па любым вучэбным прадмеце. Пасля зрабіць фатаграфію ці сэлфі з дзённікам, каб было відаць адзнаку і вучня. Нарэшце размясціць здымак у сваім профілі ў сацыяльнай сетцы з хэштэгам #маяпершая10, а таксама абавязкова ўзгадаць у публікацыі @brsmby. Кожнага ўдзельніка чакае прыемны прыз — прома-бокс ад саюза моладзі. Поспехаў і дасягненняў, дарагія школьнікі!

Сведкі эпохі

Перыядычна супрацоўнікі Жабінкаўскага раённага гісторыка-краязнаўчага музея ладзяць для сваіх наведвальнікаў розныя выставы. Так, напрыклад, у жніўні дзейнічала экспазіцыя “Вашы ўзнагароды — наша памяць”, якая змяшчала медалі і граматы, што расказвалі пра дасягненні беларусаў у мінулым стагоддзі.
З 2 верасня ў музеі пачала працаваць міні-выстава грашовых знакаў “Прадстаўнікі эпохі”. На ёй можна ўбачыць папяровыя купюры і манеты Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Вялікабрытаніі, Францыі і ЗША, якімі карысталіся ў гэтых краінах у розныя перыяды. Выстава будзе працаваць па 10 верасня. Музей у Малых Сяхновічах чакае наведвальнікаў штодзень з васьмі раніцы да пяці вечара, акрамя панядзелка і аўторка.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro