У Беларусі пачынаецца кампанія па вакцынацыі супраць грыпу

У Беларусі пачынаецца кампанія па вакцынацыі супраць грыпу

Якой яна будзе сёлета, расказала памочнік урача-эпідэміёлага Жабінкаўскага райЦГіЭ Іна Байцун.
— Перыяд з верасня па лістапад — самы спрыяльны для таго, каб прышчапіцца супраць грыпу. Імунітэт пасля вакцынацыі фарміруецца на працягу 7-14 дзён і застаецца актыўным 6-12 месяцаў. Варыянты вірусаў грыпу, якія выклікаюць штогадовыя эпідэміі, мяняюцца кожны год, пагэтаму прышчапляцца патрэбна перад кожным эпідэмічным сезонам. Састаў грыпозных вакцын аднаго і таго ж наймення штогод розны і адпавядае саставу вірусаў, што выклікаюць эпідэмію.
У адпаведнасці з Нацыянальным календаром прафілактычных прышчэпак у першую чаргу рэкамендавана вакцынацыя супраць грыпу для наступных катэгорый грамадзян: дзяцей ва ўзросце ад паўгода да трох гадоў; дзяцей ад трох гадоў і дарослых з хранічнымі захворваннямі; школьнікаў; асоб з імунасупрэсіяй; асоб, старэйшых за 65 гадоў; цяжарных; медыцынскіх работнікаў; дзяцей і дарослых, якія знаходзяцца ва ўстановах з кругласутачным рэжымам знаходжання; працаўнікоў дзяржаўных органаў, што забяспечваюць бяспеку дзяржавы і жыццядзейнасці насельніцтва (у тым ліку работнікі ЖКГ, энергазабеспячэння, сувязі).
У некаторых выпадках пасля вакцынацыі магчыма развіццё пэўных рэакцый (пачырваненне і прыпухласць у месцы ўвядзення ін’екцыі, хваравітасць, нязначны пад’ём тэмпературы, слабасць ці галаўны боль, агульнае недамаганне). Як правіла, яны праходзяць праз 2-3 сутак і не патрабуюць умяшальніцтва ўрача. Гэта сведчанне таго, што фарміруецца імунітэт да віруса. Рэдка (2-3 % выпадкаў) прывіты чалавек можа захварэць на грып, але вірус не выклікае ўскладненняў, захворванне пройдзе ў лёгкай форме.
З 7 верасня ў Жабінкаўскай ЦРБ чакаецца паступленне вакцыны “Грыпол плюс” расійскай вытворчасці. Сёлета плануецца ахапіць прышчэпкамі супраць грыпу не менш за 40 % насельніцтва раёна. Гэта той узровень, які дазваляе пачаць фарміравацца так званаму калектыўнаму імунітэту, які перашкаджае распаўсюджванню віруса. У апошнія гады дзякуючы вакцынацыі эпідэміялагічная сітуацыя па грыпу падтрымліваецца на стабільным узроўні, няма ўспышак захваральнасці ў вучэбных і працоўных калектывах, не падымаецца пытанне пра неабходнасць спынення навучальнага працэсу, адсутнічаюць цяжкія формы захворвання ў пры-вітых.
Нягледзячы на магчымасць заразіцца іншымі вірусамі і бак-тэрыямі, прышчапляцца супраць грыпу ўсё роўна патрэбна. Таму што менавіта гэты вірус у выпадку захворвання выклікае смяротныя зыходы і розныя ўскладненні з боку сардэчна-сасудзістай, нервовай і іншых сістэм, а таксама з’яўляецца прычынай цяжкіх пнеўманій.
Пасля паступлення вакцыны ў раённую бальніцу зрабіць прышчэпку супраць грыпу магчыма ў паліклініцы, у амбулаторыях урача агульнай практыкі і на ФАПах па месцы жыхарства пасля праходжання медыцынскага агляду ў тэрапеўта (ці педыятра) і допуску да працэдуры. У некаторых працоўных калектывах вакцынацыя за кошт сродкаў прадпрыемстваў будзе праводзіцца выязнымі брыгадамі Жабінкаўскай ЦРБ (толькі пры магчымасці захавання санітарна-эпідэміялагічнага рэжыму).
Памятайце: своечасовая вакцынацыя дапаможа вам і вашай сям’і не захварэць на грып.
Запісала Алёна НІКАНЧУК

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro