“Выбар ёсць, былі б грошы”

“Выбар ёсць, былі б грошы”

Зусім хутка першы званок пакліча дзяцей на ўрок. Пакуль жа яны цешацца апошнімі бесклапотнымі жнівеньскімі дзянькамі, а вось для бацькоў гэта хвалюючы і напружаны час, калі трэба закончыць збор дачушак і сыночкаў у школу, дакупіць неабходнае адзенне, абутак, канцылярскія прылады. Некаторыя гэта ўжо даўно зрабілі, а нехта на гэтых выхадных “заскочыць у апошні вагон”, каб заняцца школьным шопінгам. Дзе жабінкаўцы яго ажыццяўляюць і ці гатовы да 1 верасня, пацікавілася напярэдадні новага навучальнага года.
Таццяна ДЗМІТРУК з дачкой Сафіяй:
— Мы гатовы часткова. Сафійка ў нас шасцікласніца першай гарадской школы, а сын Міхаіл — сямікласнік. Абутак і адзенне ім ужо набылі, дзеці задаволеныя. Засталося купіць канцтавары і рукзакі, а гэта, я лічу, дробязі.
Ірына ШМАРГУН з сынам Максімам:
— Сёлетні навучальны год для нашага старэйшага Максіма — важны жыццёвы этап: ён ідзе ў пяты клас. Гэта знаёмства з новымі настаўнікамі, новым класным кіраўніком. Зноў першая змена пасля другой, што была ў чацвёртым класе. Рыхтуем сына і псіхалагічна, і ў матэрыяльным плане. Па адзенне і абутак ездзілі ў Брэст. На рынку купілі школьныя штаны і кашулі, спартыўныя кеды. Выбар там багаты, кошты прымальныя. Артапедычныя сандалі падабралі ў спецыяльным салоне. А канцылярскія прылады плануем набываць у Жабінцы, у магазіне “Белбланкавыд”.
Таццяна ШАЙКО:
— У нас шматдзетная сям’я: старэйшая дачка-студэнтка, трое дзяцей-школьнікаў і сынок-дашкольнік. Трэба купіць блузкі, кашулі, сара-фаны, абутак, рукзакі. У мінулую нядзелю зазірнулі на рынак у Жабінцы, затым ва “Універмаг”. Пра зніжкі, якія дзейнічаюць зараз у магазіне, не ведалі. Тут можна набыць школьнае адзенне, спартыўную форму, абутак, заплечнікі з 20-працэнтнай скідкай. Выбар ёсць, былі б грошы. На гэтых выхадных плануем з’ездзіць у Брэст, прадоўжыць пошукі неабходных рэчаў.
Ганна Зозан:
— Канцылярскія прылады дачушцы Кацюшы ў дзіцячы садзік і сыну Арцёму ў школу куплялі ў Жабінцы. На іх аддалі 70 рублёў. А вось апранацца паехалі ў горад над Бугам: там выбар большы. Кашуля, штаны і світар для нашага дзевяцікласніка абышліся ў 150 рублёў. Ніколі не купляем усё за адзін раз, робім гэта паступова. На працягу ўсяго навучальнага года па меры неабходнасці нешта набываем, абнаўляем.
Алена (фатаграфавацца адмовілася):
— Працую на Беларускай чыгунцы, і работнікам, якія маюць дзяцей-школьнікаў, была выдзелена матэрыяльная дапамога да навучальнага года ў памеры сямі базавых велічынь (189 рублёў) на кожнага шкаляра. Гэта істотная падтрымка, таму што адзенне, абутак зараз дорага каштуюць. Людзі шукаюць, дзе танней, у якіх крамах дзейнічаюць зніжкі. Мы да школы ўжо ўсё купілі (рабілі гэта ў Жабінцы і Брэсце), дачушка-трэцякласніца з нецярпеннем чакае сустрэчы з сяброўкамі і любімай настаўніцай.
Апытвала і фатаграфавала Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro