Паўстаў помнік у святочны дзень…

Паўстаў помнік у святочны дзень…


Аднойчы захацелася ў чарговы раз пагартаць старонкі хатняга фотаальбома. Убачыла старыя здымкі, на якіх адкрыццё помніка Міхаілу Мікітавічу Чарнаку (1911-1943), чые сотыя ўгодкі святкаваліся ў мінулым лістападзе.
Май 1975 года быў надзвычай ласкавым. У Старым Сяле, на малой радзіме легендарнага кіраўніка партызанскіх разведчыкаў, сабраліся ветэраны-аднапалчане, дзеці з кветкамі, шмат старасельцаў. Гучалі ўзвышаныя прамовы, музыка, што брала за душу. Былі тут многія, хто ведаў Міхаіла пры жыцці. Убачыўшы бюст Чарнака, нехта сказаў:
— Падобны, як жывы…
Ініцыятыва пабудовы помніка належала майму мужу Мікалаю Васільевічу Запрудскаму, які быў тады намеснікам старшыні калгаса “Беларусь” і сакратаром парткама гаспадаркі. Мікалай бачыў, якія шчырыя павага і любоў жылі ў душах старасельцаў да свайго героя.
— Гэта недарэчна, што дасюль Чарнак не ўвекавечаны ў помніку. Гэта чалавек, на прыкладзе якога патрэбна выхоўваць маладых! Мы не маем права забывацца пра такіх, — гаварыў ён.
Бюст рабілі ў Брэсце, аўтар яго скульптар Рыгор Пясецкі. Яму прывезлі фотаздымкі Чарнака, але майстар папрасіў, каб на ягоную работу паглядзеў той, хто добра ведаў партызана.
Вырашылі звярнуцца да Наталлі Ямяльянаўны Швайка, якая была блізкай сяброўкай Чарнака. Яны марылі заручыцца, як скончыцца вайна. Але ў яе полымі згарэла для Наташы не толькі каханне, злыбеда асіраціла дзяўчыну. Ужо ў першыя дні загінуў бацька — вясковы настаўнік. Мая старэйшая сястра Сцепаніда хадзіла ў Старасельскую польскую школу, згадвала пра настаўніка як чалавека вельмі вясёлага, разважлівага, таленавітага. Калі яго — вясковага актывіста — схапілі немцы і везлі паўз вёску, вучні плакалі. Здзекваліся з настаўніка на вачах у дзяцей: прывязалі за ногі да воза, і цягнулі па зямлі… З сям’і толькі Наташа ўратавалася ад расправы.
Праз трыццаць год пасля вызвалення яна зноў “павіталася” са сваім Міхаілам у майстэрні скульптара. А затым год наступіў той святочны сонечны дзень, калі ў цэнтры Старога Сяла паўстаў помнік — нават цэлы архітэктурна-скульптурны ансамбль, у склад якога, акрамя бюста, увайшлі добраўпарадкаваная алея, стэла з выявай ордэна Айчыннай вайны, дамавіны партызан. Як вядома, Міхаіл Чарнак склаў галаву ў баі, быў пахаваны ў Старасельскім лесе, ля дуба, што носіць ягонае імя, а затым з гонарам перазахаваны ў вёсцы ў брацкай магіле партызан. Паблізу месца гібелі Чарнака і ягоных паплечнікаў збудавалі сімвалічны шалаш. Да яго калгас цягнуў дарогу: яе падсыпалі, клалі бярвенні, гацілі гаць, каб можна было дабрацца да месца. А тут — моцны лівень у адну ноч разбурыў дарогу. Муж казаў:
— Партызанам у лесе пад нямецкімі кулямі было ў сто разоў цяжэй! — і зноў узяліся за працу.
На мітынгу 9 мая 1975 года выступалі многія. Асабліва пранікнёныя словы знайшлі сакратар камсамольскай арганізацыі Азяцкай СШ Зінаіда Карасцялёва, былыя партызаны Іван Яцэвіч з Тамашкаў, Уладзімір Лінкевіч з Сычова, першы калгасны старшыня Маісей Макарук, мясцовы краязнавец і дырэктар Старасельскай васьмігодкі Аляксей Алясюк, завуч Азяцкай школы Зоя Майсейка, іншыя аднавяскоўцы, у каго засталася жывою памяць пра Чарнака…
Цяпер яго імя носяць вуліца ў Жабінцы, сквер у роднай вёсцы. Пра адважных партызан нагадваюць экспанаты ў школьным і ў Жабінкаўскім раённым гісторыка-краязнаўчым музеях.
Ірына ЗАПРУДСКАЯ, былая старшыня Азяцкага сельвыканкама.
На здымку: помнік М.М.Чарнаку ў Старым Сяле.
Фота Ірыны Жук.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top