Адказная да справы

Адказная да справы


“Да нас едзе рэвізор” — гэтая класічная гогалеўская фраза вядомая кожнаму са школьнай праграмы. А для Таццяны Масейкі яна стала з той самай школьнай пары своеасаблівай “прадвесніцай” у будучую прафесію.
Першыніца ў сям’і Раманюкоў нарадзілася на Гомельшчыне, у Брагіне — праз дзесяць месяцаў, як выбухнуў чарнобыльскі рэактар. Ратуючы дзяцей ад злыбеды, сям’я ў 1990-м пераехала ў Жабінку. Тут дзяўчына закончыла гарадскую школу №1, дзе цікавілася гісторыяй, якую выкладала класны кіраўнік А.Г.Вараб’ёва, але сапраўдным захапленнем сталі ўрокі матэматыкі настаўніцы Г.У.Пацапні. Гэта і вызначыла жыццёвую дарогу, што прывяла ў Беларускі гандлёва-эканамічны ўніверсітэт спажывецкай кааперацыі. Паспяхова скончыўшы ВНУ, дзяўчына размеркавалася ў Драгічынскае раённае спажывецкае таварыства, а неўзабаве вярнулася да бацькоў у Жабінку.
Таццяна ахвотна згадвае свой першы працоўны дзень на пасадзе спецыяліста па кадрах і кааператыўнай рабоце.
— Праз лічаныя хвіліны атрымала заданне ад старшыні раённага спажывецкага таварыства І.У.Шэйка, якая сустрэла надзвычай ветліва: “У нас цудоўны калектыў. Уваходзь хутчэй у справы”. І ўжо праз гадзіну я ехала ў Падлессе — на першую сваю рэвізію.
Стараннасць, адказнасць, веды маладога спецыяліста заўважылі і ацанілі адразу: ужо праз чатыры з паловай месяцы Таццяна Васільеўна была прызначана начальнікам кантрольна-рэвізійнага сектара. Па іроніі лёсу загад быў падпісаны 1 красавіка 2011 года — у дзень нараджэння аўтара бессмяротнага “Рэвізора”.
Пад началам Т.В.Масейкі рэвізоры Аксана Гопша і Ганна Корпач. У іх шырокае кола абавязкаў. Раз у паўгода кожны магазін спажывецкага таварыства зачыняецца на дзень-два на планавую рэвізію. У гэты час Таццяна Васільеўна і яе супрацоўнікі правяраюць наяўнасць тавараў, іх якасць, тэрміны захоўвання і г.д.
Таццяна ўдзячная за неацэнную дапамогу старшыні рэвізійнай камісіі М.Р.Макаруку, які сваім вопытам дзеліцца з маладой калегай.
Анатоль РОСТАЎ.
На здымку: начальнік кантрольна-рэвізійнага сектара Жабінкаўскага раённага спажывецкага таварыства Т.В.Масейка.
Фота Ірыны Жук.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top