З павагай да закона — разам з плацельшчыкамі

З павагай да закона — разам з плацельшчыкамі

Сёння цяжка ўявіць развіццё краіны без дакладнай, зладжанай работы падатковай службы. За кошт падатковых паступленняў фарміруецца асноўная крыніца даходу ў бюджэт.
Паводле папярэдніх дадзеных, у першым паўгоддзі 2012г. у кансалідаваны бюджэт ад падаткаплацельшчыкаў раёна паступіла 27,4 млрд. руб., у рэспубліканскі —  (-10,1) млрд. за кошт вяртанняў з бюджэту на дабаўленую вартасць, у мясцовы — 37,5 млрд. руб. У фарміраванні даходаў прынялі ўдзел 361 арганізацыя, 445 індывідуальных прадпрымальнікаў і 13,6 тысячы фізічных асобаў. Асноўныя крыніцы падаткаў наступныя: за кошт падаходнага падатку, падатку на дабаўленую вартасць, зямельнага падатку, падатку пры спрошчанай сістэме абкладання, экалагічнага падатку і адлічэння ў інавацыйныя фонды.
Значны ўклад у бюджэт унеслі калектывы камбікормавага завода, дыстанцыі пуці, ПМК-10, ПМК-19, райспажыўтаварыства, прыватных прадпрыемстваў “СлаўАўтаплюс”, “Талекс Трак”, сумеснага даччынага таварыства “Ваш выбар плюс”. Падатковыя паступленні ад суб’ектаў сярэдняга бізнесу склалі чатыры мільярды рублёў, малога бізнесу — 3,2 мільярда, ад прадпрымальнікаў — два мільярды рублёў. Аднак, лічу, рэзервы  малога бізнесу не вычарпаны. Асноўны напрамак работы заключаецца ў кантролі за паўнатою адлюстравання атрыманай выручкі індывідуальных прадпрымальнікаў і арганізацый у сферы рознічнага гандлю і аказання паслуг, выяўлення выпадкаў выплаты заробкаў у “канвертах”.
Наша сумесная задача з плацельшчыкамі — забяспечыць правільнае падлічэнне, своечасовасць і паўнату ўнясення падатковых плацяжоў у бюджэт. Для гэтага спецыялістамі інспекцыі пастаянна праводзяцца нарады з плацельшчыкамі, “прамыя тэлефонныя лініі” і індывідуальныя гутаркі. Сёлета ў выніку растлумачальнай работы ў добраахвотным парадку было даплачана 248 млн. руб., што значна перавышае сумы даплат пасля праверак. Кантрольнымі мерапрыемствамі забяспечана паступленне плацяжоў на 112,5 млн. руб. Акрамя таго, інспекцыяй пастаянна праводзіцца работа дзеля спынення ценявога абарачэння тавараў. Транспарціроўка і рэалізацыя падакцызных тавараў, якія дазваляюць атрымліваць хуткі даход, на пастаянным кантролі ў падатковай інспекцыі. У выніку з абарачэння выключаны і накіраваны ў даход дзяржавы алкаголь, цыгарэты, піва. Усяго за кошт канфіскацыі тавараў бюджэт папоўніўся на 243,3 млн. руб.
Пастаянна ўдасканальваецца кантрольная дзейнасць. Ёй надаецца папераджальны характар, усё больш выкарыстоўваюцца прафілактычныя захады дзеля недапушчэння парушэнняў падатковага заканадаўства. Прыярытэт аддадзены такім напрамкам, як упарадкаванне праверак, мэтанакіраваны адбор плацельшчыкаў, паглыбленая перадправерачная падрыхтоўка. Пры фарміраванні планаў праверак больш дасканала аналізуецца дзейнасць суб’ектаў гаспадарання, выкарыстоўваюцца пры гэтым разнастайныя інфармацыйныя тэхналогіі. Суб’екты, атрымаўшы ад падатковай інспекцыі паведамленні аб правядзенні праверкі, падаюць удакладненыя дэкларацыі, уносяць добраахвотна плацяжы ў бюджэт. Сёлета гэтае права выкарыстала 47% плацельшчыкаў, выключыўшы тым самым эканамічныя санкцыі.
Дзеля павышэння эфектыўнасці збору падаткаў мы ацэньваем прычыны, якія стрымліваюць рост паступленняў у бюджэт, і шукаем спосаб мінімізаваць іх. Дзякуючы адмаўленню ад татальнага кантролю і арыентацыі на так званыя зоны рызыкі, скарацілася колькасць праверак. Калі ў 2008г. правяралі кожнага трэцяга плацельшчыка і выявілі парушэнні ў 75% іх, дык сёлета правяраўся адзін з 25, аднак парушэнні выяўляліся ў 100%. Калі ж плацельшчыкі маюць станоўчую дынаміку росту аб’ёмаў вытворчасці, рэалізацыі тавараў, павялічваюць колькасць працоўных месцаў, забяспечваюць рэальную зарплату, добрасумленна выконваюць свае падатковыя абавязацельствы, пад праверкі яны практычна не падпадаюць.
У канчатковым выніку ўсё ў нашай рабоце вызначаюць кадры, іх кваліфікаваны падыход у рамках заканадаўства, прафесіяналізм, кампетэнтнасць, адказнасць і добразычлівасць. Напярэдадні прафесійнага свята жадаю ўсім работнікам інспекцыі моцнага здароўя, невычарпальнай энергіі, аптымізму, сямейнага дабрабыту, шчасця, падтрымкі сяброў, калегаў і падаткаплацельшчыкаў!
Любоў ЯРМАШУК, начальнік інспекцыі Міністэрства падаткаў і збораў у Жабінкаўскім раёне.
На здымку: начальнікі кантрольных аддзелаў раённай інспекцыі Людміла Анатольеўна Грузіна, якая напярэдадні атрымала падзяку міністра, і Наталля Васільеўна Храмцова, узнагароджаная Ганаровай граматай аблінспекцыі.
Фота Ірыны Жук.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top