У пошуках папараць-кветкі

У пошуках папараць-кветкі

Часы мінаюць — часы мяняюцца. Аднак і ў сённяшняга чалавека захоўваюцца патаемныя надзеі на шчасце, якое можа спраўдзіцца ў чароўную ноч “між Купалам ды Янам”. З народнымі спевамі, танцамі-карагодамі сустракалі жабінкаўцы Купалле — свята Сонца, агню і зямной урадлівасці. А дапамагалі ім у гэтым, ствараючы атмасферу непаўторнай казачнай ночы, самадзейныя артысты з Жабінкі і Хмелева.
Усё пачыналася, калі дзённую спёку прыгасіла вечаровая прахалода. Паўз горад прагарцавалі вершнікі на гнядых конях, праехаў воз, упрыгожаны зелянінай ды стужкамі, запоўнены, бы з рога ўсяго многа, дарослымі і дзецьмі ў народных строях. Яны спявалі-весяліліся, клікалі гасцей у гарадскі парк на імпрэзу. А там разгортвалася купальская казка, створаная рэжысёрам арганізацыйна-метадычнага цэнтра Аксанай Капчук. Яе думка: “Нашы продкі пакінулі памяць у родным слове, народных звычаях, абрадах, у легендах-паданнях і ачышчальным купальскім вогнішчы” — праходзіла цераз увесь міні-спектакль.
Сюжэт, падказаны народнымі традыцыямі, быў даволі простым. Сяброўкі-прыгажуні Марыля ды Ганначка разам з хлопцам Сымонкам (іх ролі выконвалі М.Базылюк, К.Заяц, А.Кулагін) вырашылі шукаць у начы папараць-кветку. На дапамогу паклікалі Купалінку (Т.Ткачук). З яе прыгожым спевам, не шкадуючы ног, абышлі героі шмат дарог. Ды толькі чароўная краска, схаваная ў гушчары, ніяк да рук не йшла. Тым больш, што і адмоўныя персанажы — Цыганка Хлусіна, Старая Качарга, а з імі Абарванец Грошык (у выкананні А.Шульгач, С.Снітко і Я.Курылюка) — у шапку не спалі — таксама шчасце шукалі. Але ж, як у кожнай казцы, гледачоў чакаў добры фінал. Бо на свята завітаў Купала-гаспадар (В.Дзірын). І не сам-адзіны, а з цудоўным падарункам — папараць-кветкаю, здольнай выконваць пажаданні ўсіх, хто быў настойлівы ў пошуках свайго шчасця.
Затым, кідаючы іскры-зоркі у цямнеючае неба, узвіўся купальскі агонь, здольны “распаліць у сэрцах і душах спадчынную памяць, удзячнасць да продкаў і светлую духоўнасць”. Па традыцыі, вогнішча ахапіла вялікае кола — карагод, створаны з чалавечых рук. У ягоныя “абдымкі” ўключалася ўсё болей гасцей свята, пакуль іх не паклікала новая імпрэза, якая ў той час разгортвалася на летняй пляцоўцы. Як заўжды яркае, моцнае, настоеннае на сонечным народным смеху, выступленне народнага тэатра гумару, гульні і песні “Хмелеўскія валацугі” нейкім нябачным магнітам прыцягвала гасцей купальскага свята. Гэты гарэзлівы магнетызм ад Наталлі Дырман і Таццяны Грыцук, Валянціны Вайцюк і Людмілы Іванюк перадаваўся зале, якая спявала, смяялася, гуляла разам з імі, не шкадуючы рук для апладысментаў.
Асаблівай падзякі заслугоўваюць хмелеўскія дзеці. Спевы, пазычаныя ад бабуль і дзядуль, узорны фальклорны калектыў “Дараносіца” перамяжоўваў з народнымі танцамі “Лявоніхай”, “Каханачкай”, “Полькай назад”.
І сапраўдным гімнам роднай вёсцы Хмелева стала выкананне акапэльна “Ой ты, Хмэлю”. Спявалі артысты, падпявала зала — усё свята, асвечанае купальскімі агнямі. І верылася ў тую хвіліну, што сваю кветку шчасця гэтыя дзеці ўжо знайшлі: яна ў творчасці, сяброўстве і любові да роднага краю.
Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымках: у Жабінцы пад час свята “Купальскі карагод”.
Фота Ірыны Жук.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top