Адпачынак па-жабінкаўскі

Адпачынак па-жабінкаўскі

Непрыкметна пралятаюць цёплыя летнія дзянькі. Вось і мінула ўжо палова самай “гарачай” пары года. Аднак, не трэба сумаваць, наперадзе ў нас яшчэ самыя вясёлыя, разнастайныя ўражанні, яркія пачуцці і незабыўныя эмоцыі. А пакуль даведаемся, як адпачываюць летам — 2012 нашы землякі, жабінкаўцы?
Святлана Крапівнік, прадавец:

— У маіх планах на гэтае лета асноўнае месца займае будаўніцтва дома, а яшчэ догляд за ўнукамі, якіх у мяне ўжо чацвёра. Добра, што надвор’е спрыяе працы, таму кожны дзень пасля работы мы ўсёй сям’ёй занятыя на будаўніцтве “сямейнага ачага”. Гэта вельмі аб’ядноўвае і захапляе — ведаеш, што будуеш жыллё для сябе, і на душы радасна, і прыліў сіл проста каласальны. Аднак, адпачываць таксама патрэбна, таму кожнае лета адпраўляемся на ўкраінскае возера Свіцязь, якое знаходзіцца на маёй радзіме, ля горада Шацка. Там можна добра адпачыць усёй сям’ёй: зняць домік ці размясціцца ў палатачным гарадку. Возера прыцягвае і дарослых, і дзяцей. Між іншым, для дзяцей там ёсць шмат забаўляльных атракцыёнаў. А вада… чыстая, як на моры!
Вячаслаў і Вольга Панасюкі, жыхары Санкт-Пецярбурга:

— Лепшы адпачынак для нас — свежае і чыстае паветра, прагулкі з сям’ёй у лесе, асалода спакоем і цішынёй прыроды. Усё гэта ніколі не сустрэнеш у вялікім горадзе, таму беларускія краявіды для нас ідэальнае месца адпачыць, як гаворыцца, і целам, і душою. Мы шмат гадоў пражылі на Жабінкаўшчыне, таму добра ведаем прыгажосць гэтых мясцін, і дзеці нашы тут абжыліся. Вось так і атрымліваецца — дзевяць месяцаў працуем у Пецярбургу і з нецярплівасцю чакаем запаветныя тры месяцы беларускага адпачынку. Вельмі любім хадзіць па грыбы і ў ягады, шмат часу праводзім на возеры. Вось у гэтым годзе і маторную лодку набылі.
Юлія Іванова, выпускніца каледжа:
— Лета —– гэта час, які проста абавязвае адпачыць на ўсе сто працэнтаў. Сёлета я атрымала дыплом хіміка-лабаранта ў Драгічынскім каледжы, планую і далей працягваць вучыцца, таму рыхтуюся да паступлення. Але ж і пра адпачынак не забываю. Люблю пагрэцца на сонейку, з сябрамі на некалькі дзён збіраемся адправіцца з палаткамі на бераг возера. А там — песні пад гітару ля вогнішча…
Валерый Яканюк, пенсіянер:
— Для мяне, напэўна, як і для ўсіх людзей майго ўзросту лета — гэта пара, калі ты больш часу праводзіш на градках, чым на канапе перад тэлевізарам. Трэба добра папрацаваць летам, каб круглы год потым была свая садавіна і гародніна. У лесе часта бываю, прыгожа там.
Марыя Глебаніна, працуе на ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод”:
— Лета-2012 для мяне будзе самым звычайным. У планах — працаваць. Аднак, гэтая перспектыва мне нават падабаецца. Калектыў у нас добры, таму і на працоўным месцы не засумуеш! Смак лета буду старацца адчуць на выхадных, якія пастараюся праводзіць на возеры. На мой погляд, кожны чалавек, нават пры адсутнасці вольнага часу, можа арганізаваць для сябе цудоўны адпачынак, калі ў яго ёсць жаданне і, у дадатак, вясёлая кампанія сяброў.
Бліц-апытанне правяла Дар’я ПАДАЛІНСКАЯ.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top