Нашы ў Александрыі

11-12 ліпеня ў аграгарадку Александрыя, што ў Шклоўскім раёне на Магілёўшчыне, прайшло рэспубліканскае свята “Купалле”. Александрыя сабрала сяброў у адзінаццаты раз. За гады свайго існавання фестываль стаў яркім сімвалам брацкай дружбы народаў Беларусі, Расіі і Украіны. На грандыёзным свяце, якое вяртае да вытокаў нацыянальных традыцый і вызначаецца па-асабліваму цёплай і добразычлівай атмасферай, пабывалі і жабінкаўцы.
З 2010 года тысячы гасцей, прафесійных і аматарскіх творчых калектываў, майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва збіраюцца на свята ў Александрыю. У мерапрыемстве прымае ўдзел Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.
Святкаванне традыцыйна праходзіць на беразе Дняпра, які здаўна звязвае многія славянскія народы і сёння садзейнічае ўзаемавыгаднаму гандлёва-эканамічнаму і сацыяльна-культурнаму супрацоўніцтву прыдняпроўскіх рэгіёнаў Беларусі, Расіі і Украіны.
Фестываль у Александрыі — маштабны творчы праект, накіраваны на захаванне і развіццё культурных традыцый, яго геаграфія пастаянна пашыраецца.
Кожны год для гасцей рыхтуюць тэматычныя пляцоўкі, канцэртныя і забаўляльныя праграмы, конкурсы, у якіх прымаюць удзел творчыя калектывы, народныя тэатры. Тут выступаюць лепшыя майстры мастацтваў з усіх рэгіёнаў Беларусі, а таксама ўдзельнічаюць творчыя дэлегацыі з іншых краін — Расіі, Украіны, Латвіі, Літвы, Эстоніі, Польшчы.
На свяце прысутнічаюць усе вобласці нашай рэспублікі і горад Мінск, якія прадстаўляюць экспазіцыйна-тэматычныя купальскія падворкі, дзе можна пазнаёміцца з брэндавымі фестывалямі, конкурсамі, пленэрамі, што адлюстроўваюць непаўторны культурны воблік свайго горада, раёна, захоўваюць і папулярызуюць тыя традыцыі, звычаі, легенды, паданні, гісторыка-культурныя каштоўнасці, рамёствы, стравы, якія існуюць толькі ў пэўным рэгіёне.
Штогод праходзіць конкурс на лепшы купальскі касцюм, вянок і іншыя. Госці маюць магчымасць паглядзець цыркавыя выступленні, палёты самалётаў і парашутыстаў, наведаць атракцыёны, зрабіць неардынарныя здымкі ў спецыяльна абсталяваных фотазонах. Кульмінацыяй свята становіцца гала-канцэрт, які завяршаецца прыгожым яркім феерверкам.
У чым адметнасці сёлетняга фестывалю, якія ўражанні ён пакінуў у нашых землякоў?
Марына ДУЛЕВІЧ, загадчык аўтаклуба і кіраўнік аматарскага аб’яднання “Масцярок” Жабінкаўскай цэнтралізаванай клубнай сістэмы:
— Удзячныя за запрашэнне на “Купалле” вядучаму метадысту па выяўленчым і дэкаратыўна-прыкладным мастацтве аддзела традыцыйнай культуры Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра Марыне Сёмышавай. У Александрыі пабывалі тры майстры нашага аб’яднання: свае саламяныя вырабы прадставіла Ірына Коваль, драўляныя — Надзея Шадрына і Валянцін Граб. Прыемна адзначыць, што фестываль за час свайго існавання стаў неад’емнай часткай нашай культуры і спадчыны, брэндам краіны. У ім усё, што вызначае беларусаў сярод іншых народаў: наш нацыянальны каларыт, любоў да сваіх традыцый, гісторыі і, канечне, гасціннасць. Запомніліся словы Прэзідэнта. У сваім выступленні Аляксандр Рыгоравіч адзначыў, што дзякуючы вытокам нацыянальных традыцый беларусы застаюцца самабытным і незалежным народам. І такіх святаў, якія б аб’ядноўвалі асноўныя славянскія народы, няшмат. Фестываль “Александрыя збірае сяброў” — адно з іх.
Мерапрыемства здзівіла сваёй шырынёй і размахам. Спадабаўся кірмаш рамёстваў, клікаў і заманьваў сваёй унікальнасцю кожны падворак, казыталі нос пахі нацыянальных страў, прыцягвалі ўвагу канцэртныя пляцоўкі, на якіх самадзейныя ды прафесійныя калектывы дарылі песенныя і танцавальныя нумары. Уразіла маштабная выстава прадукцыі Мінскага трактарнага завода, свята цырка і дэманстрацыйныя палёты самалётаў і парашутыстаў Магілёўскага аэраклуба, якія завяршыліся распасцёртым у небе беларускім сцягам — неверагодная прыгажосць!
Ірына КОВАЛЬ:
— У свяце “Александрыя збірае сяброў” удзельнічаю другі раз. Гэта добрая нагода сустрэцца з калегамі-аднадумцамі, падзяліцца сваімі набыткамі і нешта ўзяць для сябе. Фестываль дае магчымасць для далейшага самаразвіцця і новых творчых задумак, ён дорыць неперадавальныя эмоцыі і ўражанні. Мне пашчасціла праводзіць майстар-клас па саломапляценні, і, ведаеце, людзі з задавальненнем падыходзілі, вучыліся, задавалі пытанні. Сёлета мы мелі магчымасць назіраць прыгажосць нашых нацыянальных касцюмаў — кожная вобласць прывезла свае строі, якія дэманстраваліся падчас дэфіле. На фестывалі прайшла цырымонія ўзнагароджання пераможцаў і ўдзельнікаў рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта “Уладар сяла”. Шмат эмоцый ва ўсіх гасцей пакінуў гала-канцэрт “Мая Александрыя”, які ладзіўся на галоўнай канцэртнай пляцоўцы і завяршыўся яркім феерверкам.
Надзея ШАДРЫНА:
— Я, як і мой калега Валянцін Граб, пабывала ў Александрыі ўпершыню. Радасна было бачыць калег-рамеснікаў не толькі з Беларусі, але й Расіі, Украіны, Літвы. Усе мы размясціліся ў Горадзе майстроў. Прыемна, што наша творчасць прываблівала людзей, якія падыходзілі, гутарылі з намі і ўрэшце куплялі вырабы. Мне спадабалася, што кожны жадаючы меў магчымасць сплесці сабе купальскі вянок з палявых кветак. Пагадзіцеся, якое ж гэта Купалле без галоўнага яго атрыбута?! І я таксама спляла сабе прыгожы вянок!
Было бачна, што фестываль — сямейнае свята, на якім не сумавалі ні бацькі, ні дзеці, тут кожны мог знайсці для сябе нешта цікавае і займальнае. Асаблівасць сёлетняга года — спецыяльная зона кемпінга, дзе размясціліся палаткі і дамы на калёсах. Так улічылі запыты гасцей.
Жабінкаўцы адзначылі добрую арганізацыю свята ва ўсім: яны адчувалі сябе, як дома, хоць і былі ў гасцях. Заўважылі, што такія сустрэчы — лепшая народная дыпламатыя, якая адкрывае людзям нашу самабытную цудоўную Беларусь, раскрывае сапраўдную славянскую душу.
Алёна НІКАНЧУК
На здымках: на свяце Надзея ШАДРЫНА і Марына ДУЛЕВІЧ; Ірына КОВАЛЬ са сваімі саламянымі цудамі;
драўляныя вырабы Валянціна ГРАБА.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.