Няхай кружыць кола жыцця!

Няхай кружыць кола жыцця!


3 ліпеня, калі Беларусь адзначала Дзень Рэспублікі, у якім зліліся ў адзінстве Вызваленне, Перамога і Незалежнасць, жыхары мікрараёна цукровага завода сустрэлі святочнай імпрэзай “Любы сэрцу наш край”.
— Як хораша, прыгожа, з маладой бадзёрасцю праходзіць наша свята! — не змог стрымаць захаплення стары чалавек, што сядзеў побач. — Я размяняў ужо восьмы дзясятак і радуюся ўсім сэрцам, што гэтак шмат моладзі. Тут кружыцца кола жыцця!
Гэтыя словы міжволі зляцелі з ягоных вуснаў ад мілагучнай і пранікнёнай песні, прысвечанай роднай зямлі, у выкананні Аксаны Пракошынай. Пад яе спеў закружыліся ў вакальна-харэаграфічнай кампазіцыі “Белая Русь” дзяўчынкі ў народных строях.
Запрошаны на сцэну старшыня райвыканкама М.В.Токар павіншаваў усіх са святочным днём, які дазволіў год ад году прыгажэць усёй Беларусі, кожнаму яе куточку, у тым ліку нашай Жабінцы і яе наваколлям.
— Моцна паяднаны лёсам з цукровым заводам, лічыце, амаль кожны жыхар мікрараёна, — сказаў Мікалай Васільевіч. — На прадпрыемстве, мацуючы сямейныя традыцыі, працуюць ўжо ўнукі першых яго будаўнікоў. Таму ўсё лепшае ў нас яшчэ наперадзе, і неўзабаве гэты прыгожы куточак нашага горада стане яшчэ прывабней.
Затым адбылося ўганараванне завадчан у розных намінацыях. Генеральны дырэктар ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод” В.Р.Міронаў разам са старшынёй прафкама І.К.Якубук уручыў ганаровыя граматы токару мехмайстэрні Анатолю Рыгоравічу Асіпуку і повару грамадскага харчавання Ганне Мікалаеўне Галавейка. Яны названы “Майстрамі сваёй справы”. Прыкметна хваляваўся, узнімаючыся на сцэну, Б.М.Волк, які адзначаны ў намінацыі “За вернасць прафесіі”. Усё працоўнае жыццё Барыс Мікалаевіч прысвяціў роднаму прадпрыемсту, дзе да самага выхаду на заслужаны адпачынак быў слесарам КВПіА. У намінацыі “Сэрца, падоранае людзям” пераможцай стала загадчыца цукразаводскага медпункта Валянціна Іванаўна Еўтуховіч.
Мікрараён цукравараў расце, развіваецца, штомесяц яго напаўняюць галасы тых, каму далей несці традыцыі, перададзеныя дзядамі і бацькамі. Самаму маленькаму яго жыхару пакуль некалькі дзён. Ён нарадзіўся ў сям’і Анатоля і Марыны Паўлюкаўцоў. Чаканы сын прыйшоў на свет напярэдадні свята, пакуль разам з матуляй у раддоме, таму першы падарунак за хлопчыка атрымаў шчаслівы тата.
Міхаіл Паўлавіч і Яўгенія Паўлаўна Рэкуцы, прыйшлі на свята, як заўжды, разам. Яны дачакаліся сапраўднага скарбу: маюць “золата”, набытае за гады сумеснага жыцця. У паважаных працаўнікоў — “серабро” на скронях ды ў валасах, а яшчэ — каштоўны дар, што складаецца з кахання і разумення, радасці і шчадротаў. Праз паўвека “залатая” пара Рэкуцаў зноў слухала вясельны марш…
А што, увогуле, мацуе тое шчасце? Бясспрэчна — прыгажосць будынкаў, сакавітая зеляніна, дываны з рознакаляровых красак. Напярэдадні свята камісія на чале з намеснікам генеральнага дырэктара ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод” А.В.Еўтуховічам агледзела дамы завадчан, каб вызначыцца, хто лепш дбае пра чысціню і добраўпарадкаванне. Сваёй утульнасцю і камфортам вылучаюцца многія пад’езды ў шматпавярховых дамах на вуліцах ХХІІ з’езда КПСС і Цітова, іх прадстаўнікі атрымалі граматы і падарункі. Асобна быў адзначаны Уладзімір Сцяпанавіч Ткачук, па словах Аляксандра Васільевіча, “сапраўдны энтузіяст парадку”.
У намінацыі “Лепшы дом” пераможцамі прызнаны жыхары дома №1, па вуліцы Калініна. Яны беражліва захоўваюць ідэальны парадак ва ўсіх без выключэння пад’ездах, тут заўжды чысціня наўкола, вока радуюць дагледжаныя клумбы.
Дапамаглі землякам адчуць сапраўдную вясёлку свята, напоўненую талентамі, на якія багаты “любы сэрцу край”, загадчыца цукразаводскага клуба Вольга Ірзун і мастацкі кіраўнік установы Вольга Гардзейчык. Цудоўным упрыгажэннем яго сталі песенныя прывітанні людзям, Радзіме, сонечнаму ліпеню, што “дорыць усім чароўную папараць-кветку”, ад удзельнікаў мастацкай самадзейнасці.
Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымках: у час святкавання.
Фота Ірыны Жук.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top