Хвароба ідзе на спад

З 13 мая па 1 ліпеня гінекалагічнае аддзяленне раённай бальніцы было перапрафілявана пад інфекцыйнае, дзе мелася сорак ложкаў-месцаў для аказання дапамогі пацыентам з кавід. За гэты час тут атрымалі лячэнне 96 чалавек. З наступленнем другога летняга месяца інфекцыйнае аддзяленне прыпыніла сваю работу з-за таго, што ў раёне назіраецца спад захворвання. Аднак аддзяленне знаходзіцца ў рэжыме гатоўнасці на выпадак так званай другой хвалі. Жабінкаўцам з выяўленым кавідам аказваецца амбулаторная дапамога, калі ёсць неабходнасць стацыянарнага лячэння, яны накіроўваюцца ў Брэсцкую абласную інфекцыйную бальніцу.

У славу агульнай Перамогі

Сёлета педагогі Жабінкаўшчыны прымалі актыўны ўдзел у мерапрыемствах, прысвечаных 75-годдзю Вялікай Перамогі. Па выніках рэспубліканскага конкурсу музеяў устаноў адукацыі “У славу агульнай Перамогі” за ўдзел у намінацыі “Інавацыйныя формы арганізацыі вучэбна-даследчай дзейнасці навучэнцаў” дыпломамі лаўрэатаў адзначаны настаўнік геаграфіі Ракітніцкай сярэдняй школы Сяргей Алехнік і настаўнік гісторыі і грамадазнаўства трэцяй гарадской Анастасія Ляўковіч. Віншуем з узнагародамі!

І адпачывалі, і працавалі

У чэрвені аздараўленчыя лагеры з дзённым знаходжаннем працавалі на базе сямі ўстаноў адукацыі Жабінкаўшчыны: першай, трэцяй, Ленінскай, Ракітніцкай, Старасельскай адзінацца-цігодак, Мацеевіцкай базавай школы і раённага цэнтра творчасці для дзяцей і моладзі. У іх адпачылі і аздаравіліся 122 навучэнцы. У канцы першага летняга месяца ў трох школах раёна — першай, трэцяй і Ленінскай — была арганізавана другасная працоўная занятасць для 50 вучняў. На працягу сямі дзён хлопцы і дзяўчаты з гэтых устаноў займаліся добраўпарадкаваннем прышкольнай тэрыторыі, спартыўных пляцовак, працавалі на агародзе, прыводзілі ў парадак клумбы, рамантавалі, фарбавалі, мылі і чысцілі — зрабілі шмат. А за гэта атрымалі неблагія грошы. Пагадзіцеся, добрая магчымасць для падлеткаў падзарабіць летам.

У “гасцях” у Левітана

У пачатку ліпеня ў Мацеевіцкай сельскай бібліятэцы ў рамках пасяджэння праваслаўнага аматарскага аб’яднання “Благавест” адбылася арт-гадзіна “Храмы на палотнах Левітана”, прысвечаная 160-годдзю мастака. Бібліятэкар Святлана Скаліна пазнаёміла ўдзельнікаў мерапрыемства з жыццём і творчасцю Ісака Левітана, расказала пра яго настаўнікаў-мастакоў Аляксея Саўрасава і Васіля Паленава, сяброўства з пісьменнікам Антонам Чэхавым. Дзякуючы відэапрэзентацыі прысутныя ўбачылі цудоўныя палотны Левітана і пачулі пра гісторыю напісання карцін “Вечар. Залаты Плёс”, “Вячэрні звон”, “Над вечным спакоем”, “Уладзімірка”, пра апошнюю работу “Возера”, якую аўтар не закончыў. Удзельнікі арт-гадзіны здзейснілі віртуальную экскурсію ў Дом-музей Левітана ў Плёсе.
У другой частцы мерапрыемства павіншавалі імянінніцу Вольгу Івойлаву. Арт-гадзіна завяршылася сумесным чаяпіццем.

Маршруты бяспекі пракладзены

У рамках акцыі “З клопатам пра бяспеку малой радзімы” па сельскіх населеных пунктах Жабінкаўшчыны пракладзены “Маршрут бяспекі”: ажыццяўляецца рух спецыяльнага транспарту МНС, які трансліруе кароткую інфармацыю праз гукаўзнаўляючыя прыстасаванні. Праводзіцца прафілактычная работа і на маршрутах гандлёвых аўтакрамаў “Аўталаўка бяспекі”: разам з імі на спецыяльным транспарце рухаюцца супрацоўнікі РАНС.
Яшчэ запланавана адрасная паштовая рассылка лістоў прафілактычнай накіраванасці і наглядна-выяўленчай прадукцыі.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro