Ганаруся табой, Белая Русь!

Ганаруся табой, Белая Русь!


Гэтыя словы з песні, што выканала на святкаванні Дня Незалежнасці ў Жабінцы юная спявачка Настасся Калячка, сталі нібыта яго лейтматывам. Традыцыйна распачалася ўрачыстасць ля помніка загінулым воінам і партызанам. Менавіта сюды, на мітынг, пад гукі духавога аркестра прыйшлі ветэраны вайны і працы, кіраўніцтва раёна, моладзь, прадстаўнікі грамадскасці і працоўных калектываў.
Нягледзячы, што нашай незалежнасці ўсяго два дзесяцігоддзі, гэтага часу хапіла, каб зразумець, што няма нічога больш важнага, як права свабодна жыць і працаваць на сваёй зямлі, самім вызначаць свой лёс.

— Беларуская дзяржаўнасць мае глыбокія вытокі, — сказаў звяртаючыся да прысутных старшыня райвыканкама М.В.Токар. — На працягу тысячагоддзяў беларусы сфарміраваліся як самабытны народ, здольны да самастойнага дзяржаўнага жыцця. Прычым, яны заўжды імкнуліся жыць у міры і згодзе з усімі народамі. Народ-працаўнік, народ-творца заўжды разлічваў на ўласныя сілы. Гэта дапамагала яму выстаяць у самых цяжкіх выпрабаваннях.
Як падкрэсліў кіраўнік раёна, наш абавязак памятаць, з чаго пачынаўся суверэнітэт сучаснай Беларусі. Паказальна, што яе Дзень Незалежнасці святкуецца 3 ліпеня, у гадавіну вызвалення нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, і гэтыя дзве даты непарыўна звязаны разам. Калі б беларускі народ не ўстаў на абарону сваёй Радзімы ў Вялікай Айчыннай вайне, не вызваліў разам з брацкімі народамі Савецкага Саюза нашу зямлю, мы б ніколі не здабылі сваю незалежнасць.


Слова дэпутату Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Н.Ф.Федарук.
— У спісах ахвяраў Вялікай Айчыннай, — гаворыць яна, — тысячы жыхароў Жабінкаўшчыны. Мы сёння ўшаноўваем іх памяць, нізка схіляем галовы перад тымі, хто не дажыў да гэтага светлага дня, і выказваем бязмерную прызнанасць жывым удзельнікам тых ваенных падзей. Гэта дзякуючы ім у нас ёсць магчымасць шчасліва жыць на зямлі, незалежнай і свабоднай, выхоўваць дзяцей, марыць пра будучае, дбаць пра далейшы росквіт нашага краю, роднай Бацькаўшчыны.
З якім  настроем сустракаюць галоўнае дзяржаўнае свята краіны маладыя людзі, што нарадзіліся і выраслі ўжо ў эпоху суверэннасці беларускай дзяржавы? Як адзначыў, выступаючы ад іх імя галоўны бухгалтар дыстанцыі пуці Андрэй Шымко, адно з самых важных дасягненняў беларускай незалежнасці — мірнае неба над галавой, а Дзень Незалежнасці для моладзі — увасабленне стойкасці, гераізму, бязмернай мужнасці і велічы духу народа, які выстаяў у гады Вялікай Айчыннай вайны.
Хвілінай маўчання ўшанавалі жабінкаўцы памяць аб загінулых земляках, а да мармуровых пліт усклалі кветкі і вянкі ад удзячных нашчадкаў.
Святлана МІКАЛАЕВА.
На здымках: пачатак урачыстасцяў у Жабінцы на Дзень Незалежнасці — мітынг ля помніка загінулым воінам.
Фота Ірыны Жук.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top