Другое жыццё харчаблока

Другое жыццё харчаблока

Пакуль дзеці на летніх канікулах, дарослыя клапоцяцца, каб хлопчыкі і дзяўчынкі пасля трох месяцаў адпачынку вярнуліся ў абноўленыя і адрамантаваныя класы.
Так, у другой гарадской школе пафарбаваны ўжо амаль усе кабінеты: блішчаць лакам карычневая падлога і белыя дзверы. У некаторых памяшканнях бацькі закупілі і разам з настаўнікамі паклеілі прыгожыя шпалеры. Ужо ў верасні дзеці, якія паспеюць засумаваць па школьных сябрах і занятках, змогуць ацаніць клопат дарослых.
Ну, а самы значны рамонт разгарнуўся ў сталовай установы. Тут кіпіць работа з васьмі раніцы да дзевяці вечара.
— Нашай школе ужо 57 гадоў, — расказвае дырэктар Ірына Кашчэва. — Займаюцца ў ёй звыш трох соцень дзяцей. І вельмі хочацца, каб нашы вучні маглі вучыцца ў камфортных, сучасных умовах. Рамонт харчаблока, які чакалі некалькі гадоў, — выдатны падарунак навучальнай установе. Асабліва прыемна бачыць сярод будаўнікоў, што заняліся капітальным рамонтам, нашых былых вучняў.
— Так, сапраўды, рамонт харчаблока ў другой гарадской школе наспеў даўно, — расказвае намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Леванюк. — Спачатку мы правялі работы ў трэцяй гарадской, летась — у першай, а сёлета па чарзе дабраліся да другой.
Запланаваны за кошт раённага бюджэту аб’ём работы даволі вялікі і ўключае ў сябе не толькі капітальны рамонт памяшкання, але і будаўніцтва дадатковага, памерам 5,6 на 12 метраў. У ім плануецца размясціць гароднінны і мяса-рыбны цэхі, кладоўку, душавыя і раздзявальню для персаналу, таксама ў праекце запланаваны пандус для зручнага падвозу і разгрузкі прадуктаў. У сталовай, разлічанай на 120 пасадачных месцаў, будзе абноўлена сістэма ацяплення, з’явіцца новая мэбля, а ў кухні — яшчэ і ўсё неабходнае абсталяванне: мыйкі, пасудамыечная машына, бульбамялкі, шафа для запякання, электронныя вагі, сучасны посуд. Штодзённа ад 10 да 17 работнікаў ПМК-10 (іх колькасць залежыць ад тыпу работ) працуюць у харчаблоку ўвесь дзень, каб ужо 31 жніўня здаць аб’ект “пад ключ”.
Святлана БЯЛЯК
Фота аўтара

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top