Падведзены вынікі раённага спаборніцтва сярод сельгасарганізацый і механізатараў на веснавых палявых работах

Падведзены вынікі раённага спаборніцтва сярод сельгасарганізацый і механізатараў на веснавых палявых работах

Прыемна ехаць па дарогах раёна і бачыць, як наліваюцца сонцам зярняты ў каласах, нібы зялёнае мора, гойдаюцца сакавітыя травы, а “каралева палёў” падстаўляе промням свае доўгія далоні-лісты. Вось-вось пачнецца адказная пара — жніво. І ўсё гэта магчыма дзякуючы клопатам аратых і сейбітаў, што напрыканцы зімы пад звонкія спевы жаўранкаў без стомы з ранку да вечара рупіліся на палях Жабінкаўшчыны.
На мінулым тыдні старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Наталля Карпук пабывала ў ААТ “Вазнясенскі” і “Мацеевічы” з прыемнай місіяй: уручыла лепшым механізатарам узнагароды і грашовыя сертыфікаты.
— Мне вельмі прыемна він-шаваць вас з перамогай у раённым спаборніцтве, — сказала Наталля Львоўна. — Дзякуючы вашым нястомным рукам мы маем хлеб, малако і мяса на стале. Працу на вёсцы лёгкай не назавеш, асабліва тых, хто рыхтуе глебу, уносіць арганіку і тукі, сее, абрабляе расліны. Вы не па чутках ведаеце, як няпроста дастаецца ўраджай, асабліва калі надвор’е ўносіць свае карэктывы і псуецца тэхніка. Аднак вы не скардзіцеся на цяжкасці і проста добрасумленна выконваеце сваю працу. Гэта дарагога каштуе! Так трымаць!
У ААТ “Мацеевічы” Наталля Карпук уручыла дыплом Леаніду Хадановічу, які на “Джон-Дзіры” пасеяў найбольш зерневых і зернебабовых.
У ААТ “Вазнясенскі” адразу дзве ўзнагароды знайшлі сваіх уладальнікаў. Так, Юрый Вайтовіч на трактары “Раптар” больш за ўсіх у раёне ўнёс сродкаў аховы раслін і выканаў 46,5 норма-змены. Яго калега Анатоль Трындзюк атрымаў Пісьмо падзякі ад прафсаюза работнікаў АПК і камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Брэсцкага аблвыканкама за актыўны ўдзел у веснавой пасяўной кампаніі і высокія вытворчыя паказчыкі.
Хочацца таксама ўзгадаць і іншых пераможцаў раённага спаборніцтва. Гэта Віктар Петрык з ААТ “Азяты Агра” (рыхтаваў глебу да сяўбы); Аляксей Пятроў з ААТ “Мацеевічы” (узараў 784 га); Сяргей Андрасюк з ААТ “Азяты Агра” (пасеяў 1206 га кукурузы); Аляксандр Андрасюк з ААТ “Рагазнянскі” (унёс 10880 тон арганікі); Юрый Карняйчук з ААТ “Жабінкаўскі” (унёс мінеральных угнаенняў на плошчы 4047 га); Анатоль Літвінка з ААТ “Хмелева” (пагрузіў 31052 тоны арганікі); Сяргей Кікаўскі з ААТ “Рагазнянскі” (пасеяў цукровыя буракі на плошчы 300 га).
Пераможцам раённага спабор-ніцтва сярод сельгасарганізацый прызнана адкрытае акцыянернае таварыства “Жабінкаўскі”.
Святлана КІСЛАЯ
Фота аўтара
На здымках: пераможцы раённага спаборніцтва на вясновых палявых работах Леанід ХАДАНОВІЧ; Юрый ВАЙТОВІЧ і Анатоль ТРЫНДЗЮК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top