Вядуць дарогі ў найноўшы час

Вядуць дарогі ў найноўшы час

Абнаўленне нашага краю, рух яго да будучыні проста немагчыма ўявіць без удзелу працаўнікоў Жабінкаўскай ДРБУ-103, якую ўзначальвае Яўген Хамюк. Гэта арганізацыя займаецца рамонтам і будоўляй шляхоў-дарог, якія стужкамі апярэзваюць раён. І калі гавораць, што Жабінкаўшчына набліжаецца да Еўропы не толькі геаграфічна, але й практычна — у гэтым немалы ўнёсак дарожных будаўнікоў.
Яўген Віктаравіч — карэнны жабінкавец, яго малая радзіма — Сцяпанкі. Пасля атрымання дыплома па спецыяльнасці “Будаўніцтва аўтамабільных дарог і аэрадромаў” у Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэце, ён уладкаваўся ў Жабінкаўскае ДРБУ-103, дзе прайшоў усе прыступкі кар’ернай лесвіцы — ад дарожнага рабочага да начальніка.
— Ведаю наш край, можна сказаць, ад самай калыскі. Тут нарадзіўся і згадзіўся, — пачынае расповед Яўген Хамюк. — Вельмі адрозніваецца Жабінка і яе наваколлі, якія памятаю з дзяцінства, юнацтва, ад таго, што бачым зараз. Памежжа стагоддзяў сапраўды выдалася надзвычай складаным. Горад нават блізка не быў падобны на сённяшні. Нярэдка чуеш ад людзей больш сталага ўзросту: маўляў, Жабінка расла на іх вачах. Я значна маладзейшы (у жніўні споўніцца ўсяго 33 гады), але і сам магу падпісацца пад гэтымі словамі. Так, за апошнюю чвэрць веку жабінкаўскі край літаральна перажыў другое нараджэнне, быццам у нейкай казцы, створанай людскімі рукамі. Радуе, што не апошняе месца ў адраджэнні і развіцці аказвае наша ДРБУ — філіял КУП “Брэстаблдарбуд”.
Насамрэч, арганізацыяй зроблена нямала. У нашай размове закраналі толькі асфальтаванне дарог Жабінкаўшчыны, якім зай-маецца ДРБУ-103 (гравійнае пакрыццё дарог у размове нават не краналі, хоць і тут зроблена досыць шмат).

Па новай тэхналогіі

Адна з асноўных дарог, пакрытых асфальтам у апошні час, на думку Яўгена Віктаравіча, праведзена ў накірунку ад райцэнтра да Агароднікаў (адлегласць прыблізна сем кіламетраў). Заўважым: асфальтаванне — вельмі нятанная справа, калі ўлічыць, што адзін кіламетр каштуе ў сярэднім 250 тысяч рублёў. Да таго ж, асфальт укладваецца па новай тэхналогіі эмульсійна-мінеральнымі сумесямі, якія вырабляе непасрэдна арганізацыя, каб сэканоміць сродкі і гэткім чынам як мага больш якасных дарог пабудаваць на Жабінкаўшчыне.
Яшчэ адна добрая справа — асфальтаванне адрэзка паміж аграгарадкамі Мацеевічы і Вялікія Якаўчыцы — стала адказам на просьбы тутэйшых жыхароў у райвыканкам. У 2015-2016 гадах улады прыслухаліся да пажаданняў людзей, і цяпер тыя ўжо даўно забыліся пра пыл, які калісь курыўся пасля кожнай машыны, што пралятала міма па гравійцы.
Была зроблена і дарога ад Камянецкай шашы да Малых Сяхновічаў ды вуліцы Касцюшкі ў гэтым населеным пункце. Менавіта на гэтай вясковай вуліцы “прапісаўся” Жабінкаўскі раённы гісторыка-краязнаўчы музей. Цяпер не толькі мясцовыя жыхары, але й шматлікія госці, у тым ліку замежныя, якія імкнуцца наведаць Касцюшкавы мясціны, рухаюцца на сустрэчу з гісторыяй па ўладкаваным сучасным шляху.

Асфальт да Сакалова, гасцінец да Сакаў

Адрэзак дарогі ў 4,8 км Жабінка—Рачкі—Тэльмы злучыў выдатным гасцінцам наш раён з Брэсцкім. Збылася і даўняя мара жыхароў старажытных Азятаў ды Старога Сяла, каб іх паселішчы злучыла сучасная дарога. Гэта адбылося дзякуючы клопатам улады і будаўнікоў-дарожнікаў. Прыгадвае кіраўнік ДРБУ і шасцікіламетровы адрэзак, які з 2007 года працягнуўся з Буснёў да Азятаў. Век таму тут была грэбля на дрыгве — у сучаснасці праз колішняе царства Багніка і Вадзяніка прайшоў сапраўдны шлях у будучае. Людзі задаволеныя і ўдзячныя працаўнікам дарожна-рамонтнага будаўнічага ўпраўлення ды мясцовым уладам, якія аказалі неацэнную дапамогу.
— Пакрысе трыма ўчасткамі заасфальтавана і паўночная частка раёна: узніклі адрэзкі Хмелева—Дзяменічы, Дзяменічы—Падлессе, а таксама дарога ад апошняй вёскі да шляху на Стралі Камянецкага раёна, — дадае Яўген Віктаравіч. — Не спыняюцца добрыя справы і сёлета: ад дарогі Жабінка—Матыкалы дарожнікі працягнулі асфальт да Сакалова, пабудаваны гасцінец ад цукровага завода да Сакаў.

Маштабнае абнаўленне

З бачным задавальненнем Яўген Хамюк згадвае 2017-ы. І не толькі таму, што ў ім узначаліў арганізацыю: больш важна для яго, што будаўнікі дарог выдатна папрацавалі ў той год у аграгарадку Ленінскі, дзе ладзіліся раённыя “Дажынкі”.
— На карысныя справы ў бю-джэце раёна заўсёды знаходзяцца грошы, — упэўнены суразмоўца. — Менавіта з дапамогай сродкаў, выдаткаваных уладамі, новым асфальтам пакрыліся вуліцы Дзмітрука, Філіпука, Базанавай — у самым старажытным цэнтры нашага горада. На слыху маштабнае абнаўленне мікрараёна пры райбальніцы. Яно немагчыма без удзелу ДРБУ-103. Колькі прыдамовых тэрыторый зведалі справу рук рабочых-дарожнікаў! Уладкоўваецца і тая частка Жабінкі, дзе месцяцца вуліцы Калгасная, 67-га Палка, Чарнака. Іх жыхары даўно чакалі рамонту, выдатна, што знайшліся патрэбныя сродкі, а за дарожнікамі, як гаворыцца, не заржавее!
За гэтыя шматлікія справы жабін-каўцы неаднойчы выказвалі падзяку сапраўдным прафесіяналам, што шчыруюць у дарожнай арганізацыі, ды раённым уладам, якія клапоцяцца, каб наша Жабінкаўшчына выглядала годна з усіх бакоў.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top