Замест Парыжу ў “Рагазнянскі”

Замест Парыжу ў “Рагазнянскі”

Ці ведаеце вы, чым эканаміст адрозніваецца ад бухгалтара? У абодвух прафесіях асновай з’яўляюцца лічбы, а абавязковай умовай –— уважлівасць і адказнасць. Аднак, эканаміст павінен не толькі лічыць, але і прагназаваць, разглядаць найбольш выйгрышныя шляхі кіравання прадпрыемствам, хутка і беспамылкова прымаць рашэнні, ад якіх залежыць поспех арганізацыі. Сёння, у Дзень эканаміста, мы знаёмім чытача з маладой і актыўнай дзяўчынай, якая ўсяго год назад пачала свой шлях у эканамічнай спецыяльнасці. І ўжо за гэты кароткі час Вольга Чаплінская, другі эканаміст СВК “Рагазнянскі”, паспела атрымаць самыя лепшыя водгукі ад свайго кіраўніцтва і калег.
Вольга ніколі не марыла стаць эканамістам. Гэта, хутчэй, ідэальнае супадзенне жаданняў з магчымасцямі. Яшчэ ў школе душа Вольгі была аддадзена “царыцы навук” –— матэматыцы. Паступаць яна вырашыла ў Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт і адправілася з роднай вёскі Лучнікі, што на Случчыне, заваёўваць сталіцу. Ва ўніверсітэцкія гады дзяўчына ярка праявіла ўсе свае здольнасці, была нават рэдактарам студэнцкага выдання, насуперак перакананням, што толькі гуманітарыі здольныя да журналістыцы, паспела пабыць. Аднак, асаблівы акцэнт Вольга рабіла ўсё ж на веды, многія з якіх вельмі спатрэбіліся ёй і ў практычнай дзейнасці.
— На жаль, у нашай адукацыі вельмі не хапае практыкі. І гэта ты разумееш, калі прыходзіш на першае сваё працоўнае месца, — разважала Вольга Чаплінская. — Універсітэт дае толькі агульныя навыкі, усё іншае маладому спецыялісту даводзіцца наганяць самому. З чаго пачаць працу? За што брацца? Добра, калі ёсць добразычлівыя калегі, якія дапамогуць спачатку, падкажуць, калі трэба — падтрымаюць. Мне ў гэтым плане вельмі пашчасціла. Аднак, студэнцтва навучыла мяне вельмі важнай для эканаміста якасці — самаарганізаванасці.
У мінулым годзе Вольга закончыла ўніверсітэт і атрымала дыплом спецыяліста ў вобласці эканомікі і кіравання прадпрыемствам. Па размеркаванні адправілася ў СВК “Рагазнянскі”, які выбрала сама.
— Я ніколькі не шкадую, што прыехала ў Жабінкаўскі раён. Мне ўсё тут падабаецца. Варыянт працы ў Брэсцкай вобласці шукала, бо муж родам адсюль і працуе ў Брэсце. А тут да абласнога цэнтра — рукой падаць, што вельмі зручна, — дзялілася Вольга. — Дарэчы, з размеркаваннем у мяне звязаны амаль што анекдатычныя  ўспаміны. У дзень размеркавання, калі я афіцыйна выбрала Жабінкаўскі раён, да мяне падышоў прадстаўнік з Віцебскай вобласці з прапановай: “Ці не жадаеце вы папрацаваць ў Парыжы?”. Толькі Парыж гэты – вёсачка на поўначы нашай краіны. Вось так і прамяняла я “парыжскія мясціны” на “Рагазнянскі”.
На рабочым месцы Вольгі створаны ўсе ўмовы для працы. На заработную плату яна таксама не скардзіцца, ды і  падтрымка маладых спецыялістаў з боку кіраўніцтва вельмі адчувальная. Самі мяркуйце, кожны малады спецыяліст, які прыходзіць працаваць ў “Рагазнянскі”, атрымлівае службовае жыллё — камфортны дом. Таму і жаданне працаваць ёсць.
— Мне вельмі падабаецца мая прафесія, — гаворыцб Вольга. — Галоўнае тут – любіць лічбы. Многія скажуць, што гэта сумная і аднастайная праца, а я лічу, што эканаміст – проста прафесія не для кожнага. А каб стаць паспяховым эканамістам, на мой погляд, патрэбна быць арганізаваным і адказным чалавекам, умець прадбачыць сітуацыю, добра ведаць закон і выконваць свае абавязкі вельмі аператыўна.
Вольга Чаплінская перш за ўсё з’яўляецца эканамістам па працы. У яе асноўныя абавязкі ўваходзіць разлік расцэнак, нарміраванне працы. Нягледзячы на свой яшчэ зусім невялікі вопыт, яна спецыяліст вельмі адукаваны і нярэдка прыходзіць на дапамогу іншым калегам.
— У нас вельмі добры калектыў, таму ўсе праблемы вырашаюцца разам, — сказала на развітанне мая суразмоўніца, — ды і сумаваць не даводзіцца. Карыстаючыся магчымасцю, хочацца выказаць падзяку за дапамогу, падтрымку, разуменне нашаму галоўнаму эканамісту Зоі Уладзіміраўне Кляўзо. Яна для мяне стала, можна сказаць, “прафесійнай” маці. А той жыццёвы вопыт, які яна перадае мне кожны дзень, не заменіць ніводная адукацыя.
Мы, у сваю чаргу, віншуем ўсіх эканамістаў з прафесійным святам. Няхай вам заўсёды спадарожнічае ўдача, а лічбы заўжды складаюцца так, як трэба!
Дар’я ПАДАЛІНСКАЯ.
На здымку: эканаміст СВК “Рагазнянскі” Вольга Чаплінская.
Фота Ірыны Жук.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top