2 ліпеня ў Беларусі адзначаецца Дзень вышыванкі

2 ліпеня ў Беларусі адзначаецца Дзень вышыванкі

Вышыты нацыянальны арнамент — візітная картка беларусаў. Гэта не проста ўпрыгажэнне, а своеасаблівы шыфр, перададзены нам продкамі. Кожны ўзор — сімвал, які валодае энергіяй і нясе пэўнае пасланне. У нашы дні адзенне з традыцыйнай вышыўкай не страціла сваёй актуальнасці, а стала па-сапраўднаму папулярным сярод беларусаў. Гэта дэманструе грамадзянскую пазіцыю, культурнае выхаванне і духоўную свядомасць, падкрэслівае яднанне беларускага народа.
Дзень вышыванкі аб’ядноўвае розныя ініцыятывы, мерапрыемствы і конкурсы. Напрыклад, па ўсёй рэспубліцы крочыць маладзёжны праект “Беларусь — крыніца натхнення”. У яго рамках праходзіць акцыя “Падары немаўляці вышыванку”. Яе ўдзельніцай у Жабінцы стала жыхарка горада Ганна Усцьянчык са сваёй дачушкай Ліліяй, якая нядаўна з’явілася на свет. Іх павіншаваў першы сакратар РК ГА “БРСМ” Яўген Мацюшын: маме ён уручыў кветкі, а для дзяўчынкі перадаў бодзі з нацыянальным беларускім арнаментам.
Учора жабінкаўцы маглі стаць удзельнікамі насычанай праграмы, якая ў рамках нацыянальнага свята разгарнулася ў Брэсце. Пачалося яно з узнагароджвання пераможцаў конкурсу “Сэлфі&фота з вышыванкай”. На суд журы жыхары раённага цэнтра адправілі каля 20 здымкаў. На абласным узроўні ў намінацыі Online “Фота малыша ў вышыванцы” першае месца заваявала творчая работа жыхаркі Жабінкі Алены Ануфрыюк. На яездымку — сямігадовая дачка Маша ў нацыянальным адзенні.
Сёння цэлы мікс мерапрыемстваў праходзіць каля Палаца спорту ў нашай сталіцы. А ў тваім гардэробе ёсць вышыванка? Апранiся ў адзенне з нацыянальным каларытам і далучайся да свята. Не лянуйся, зрабі ў ім неардынарнае фота, апублікуй у сацыяльных сетках і перадай віншаванне сябрам. Давайце адзначым Дзень вышыванкі разам!
Дар’я НІКАНЧУК
Фота аўтара

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro