Якую каштоўнасць мае незалежнасць?

Якую каштоўнасць мае незалежнасць?

Трыццаць гадоў таму, у ліпені 1990-га, Вярхоўны Савет БССР абвясціў суверэнітэт нашай краіны. З тае пары пачынае адлік найноўшая гісторыя беларускай дзяржаўнасці. Напярэдадні святочнага дня, нездарма пазначанага ў календары чырвоным колерам, апыталі жабінкаўцаў, каб даведацца, якую каштоўнасць мае для іх незалежнасць.
Ірына САХАНЧУК (пазіраючы з ласкавай усмешкай на васьмігадовага сына і дачку — без пяці мінут першакласніцу):
— Наш тата беражэ межы незалежнай Беларусі. Павел Мікалаевіч — старшы прапаршчык пагранічных войскаў, служыць у Брэсце ў роце сувязі. Калі восенню святкуецца Дзень сувязіста, муж нярэдка абменьваецца віншаваннямі з цешчай Валянцінай Мікалаеўнай (мама калісь працавала на пошце). Ну, а 28 мая, у Дзень пагранічніка, усёй сям’ёй адзначаем, як гавораць дзеці, “татаў дзень”. Адным словам, Павел з тых людзей, пра каго кажуць: “Аберагае спакой дзяржавы і чыстае мірнае неба над галавой”.
У чарадзе святаў не прапускаем, вядома, і галоўнае дзяржаўнае — Дзень Незалежнасці. У мінулыя гады ў Жабінцы ды Брэсце абавязкова ладзіліся розныя вялікія мерапрыемствы, і мы з Дзімкам і Насцяй бывалі на іх. Заўсёды цешыла, калі бачыла радасць у вачах сына і дачкі. Воляй-няволяй думалася: як усё ж добра, што жывем у незалежнай Беларусі, дзе чысціня, спакой, парадак. Атракцыёны, марозіва, шарыкі — усё, што стварае выдатны настрой, — былі толькі дапаўненнем да агульнай радасці. Таму для нас Дзень Незалежнасці — гэта свята не проста дзяржаўнае, але сапраўды сямейнае, калі ўсе разам і ўсім добра.
Улад РАДЧЫК:
— О! Я ўжо і раней трапляў на старонкі раёнкі: не раз і не два пра мае ўдзелы ў турнірах па боксе пісала “СП”. Найбольшы поспех — перамога на Балтыйскіх гульнях, якія праводзіліся пяць гадоў таму ў Брандэнбургу (Германія). Ведаеце, адчуванне неперадавальнае, калі яшчэ зусім маладым 15-16-гадовым хлопцам узнімаешся на вышэйшую прыступку п’едэстала і пры гэтым гучыць гімн тваёй краіны. Ёсць тады адчуванне шчасця і за сябе, і за каманду, і за ўсю Беларусь, гонар якой давялося годна абараніць. Мабыць, значнасць незалежнасці пачаў разумець менавіта з тых часоў.
Марыя ЯНОВІЧ з дочкамі Верай і Тасяй:
— 3 ліпеня перш-наперш нагадвае пра вызваленне Мінска. Канечне, выдатна, што Беларусь набыла сваю незалежнасць. За гэта змагалася не адно пакаленне яе жыхароў, у тым ліку ў вайну. Таму, калі сумленна, значна больш эмоцый пакідае ў душы святкаванне 9 Мая. Ужо не адзін год едзем у гэты дзень з мужам і нашымі дачушкамі ў Брэсцкую крэпасць. Сёлета з-за пандэміі, каб не патрапіць у шматлюдны натоўп, пабывалі ў Цытадэлі 10 мая. Ёсць у нас даўняя традыцыя ўскладаць гваздзікі да помніка “Смага” і Вечнага агню.
Незалежнасць — скарб, які трэба берагчы, захоўваць тое, што перадалі продкі, у тым ліку родную мову. Расказваю Веры пра ваенныя падзеі, якія адбываліся ў Брэсце, Тася пакуль маленькая — падрасце, буду распавядаць і ёй.
(Тут двухгадовая дзяўчынка, пачуўшы сваё імя, дапоўніла размову, крыкнуўшы сястры: “Ве-е-а! Пашлі ў даганялкі гуляць!”).
Максім ГРЫШЧУК (фатаграфавацца адмовіўся):
— Я літаральна днямі скончыў Пружанскі агратэхнічны каледж, ужо размеркаваўся ў райсельгастэхніку. Што для мяне азначае Дзень Незалежнасці? (Пасля роздуму) Найперш, гэта свята вольнай краіны, роўнай паміж іншымі, якая праводзіць самастойную палітыку, стварае ўмовы для добрага жыцця кожнаму чалавеку. Калі шчаслівыя, забяспечаныя грамадзяне, тады і краіна квітнее ды развіваецца. Я так разумею… Пра што мару? (Зноў задумваецца). Хачу атрымліваць годны заробак, стварыць з часам добрую сям’ю. Мабыць, усё.
Таццяна ПРАДЗЯЛЮК:
— Хочацца, каб для ўмацавання дзяржаўнай незалежнасці існавалі сапраўды сяброўскія сувязі з краінамі і народамі, што жывуць побач. У кожнай дзяржаве, як і ў простага чалавека, усё ладзіцца, калі добрыя стасункі з суседзямі па вуліцы, пад’ездзе, лесвічнай пляцоўцы. Бо поўная незалежнасць бывае толькі на ненаселеным востраве (але такіх на Зямлі амаль не засталося: нават Рабінзон меў свайго Пятніцу!). Жывеш сам і дапамагаеш іншым — тады і ад іх дачакаешся добрых слоў і ўчынкаў. Як прыемна чуць навіны, што ў гэты няпросты час гуманітарныя, вельмі патрэбныя грузы (лекі, тэсты, сродкі абароны) дастаўляюць у нашу краіну з-за мяжы, а мы, беларусы, чым можам дапамагаем, са свайго боку, грамадзянам іншых краін.
Калі падвесці рысу пад размовай, лічу, што незалежнасць — гэта самастойнасць і адначасова адказнасць за свой лёс, сваёй зямлі і будучых пакаленняў.
Апытваў і фатаграфаваў землякоў Анатоль РОСТАЎ

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top