Непаўторная спадчына

Вышыванка — асноўны элемент упрыгажэння адзення нашых продкаў. У кашулях абрамляліся арнаментам рукавы і каўнер, у спадніцах — прыпол. Арнамент мог быць як геаметрычным, так і кветкавым. Беларускі геаметрычны арнамент — гэта сістэма элементаў, кожны з якіх уяўляе сабой розныя фігуры. Звычайна гэта ромбы і зоркі розных формаў. Кожны элемент — непаўторны, адрозніваецца ад астатніх і мае сваё асаблівае значэнне. Адзін абазначае сонца, другі — сям’ю, трэці — зямлю… Адным словам, значныя для жыцця чалавека рэчы. Лічылася, што арнамент аберагае людзей ад рознага ліха. Тканіна для вышыванак выкарыстоўвалася звычайна ільняная або шарсцяная.
Аднак вышыванку не насілі штодзённа. Яе апраналі на царкоўныя і сямейныя святы, вышыванка “аддавала” дзяўчыну замуж або “выпраўляла” чалавека ў апошні шлях. Гэта было каштоўнае адзенне, таму што вышыўка патрабавала шмат часу і дбайнасці. Уменне вышываць перадавалася з пакалення ў пакаленне. Маці вучылі дачушак гэтаму рамяству, і тыя з малых гадоў старанна цягнулі іголачку з чырвонай ніткай праз белую тканіну. Такім чынам, акрамя бацькоўскіх падарункаў, дзяўчаты маглі аздобіць сабе шмат сарочак, каб палажыць у скрыню — на пасаг.
З гадамі вышыванка перастала мець вялікае значэнне ў жыцці людзей, стала музейным экспанатам і тэатральным рэквізітам. Але ў апошні час усё часцей і часцей моладзь звяртаецца да вытокаў, і зараз нярэдка можна пабачыць маладых людзей у вышытых кашулях і футболках. Канечне, мала хто цяпер вышывае ўручную, за чалавека ўсё робяць машыны. Але нягледзячы на гэта, як цудоўна, што традыцыі не забываюцца! У сучасных беларусаў добры густ, бо вышыванкі — прыгожая спадчына, набытая ад продкаў.
Вольга ДРУШЧЫЦ

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.