ПЯЦІГОДКА СЛАЎНЫХ СПРАЎ

ПЯЦІГОДКА СЛАЎНЫХ СПРАЎ

 “Малы залатнік, ды дарагі”, — гэтак нярэдка гавораць пра нешта невялікае, але вельмі каштоўнае. Народная мудрасць цалкам пасуе для вызначэння нашага краю.
Жабінкаўскі хоць і найменшы па плошчы раён у Беларусі, аднак можа па праву ганарыцца сваімі працавітымі і таленавітымі людзьмі — стваральнікамі славутых спраў, на якія край заўсёды быў багаты. Не сталі выключэннем і 2016-2020 гады, калі Жабінкаўшчына і яе жыхары зрабілі нямала — сабе і дзяржаве на славу.

 

ВІЗІТОЎКА
Назва — Жабінкаўскі раён Брэсцкай вобласці.
Размяшчэнне на карте — на захадзе Жабінкаўшчына мяжуе з Брэсцкім, на поўначы — з Камянецкім, на ўсходзе — з Кобрынскім, на поўдні — з Маларыцкім раёнамі.
Час існавання — у студзені 1940 — чэрвені 1959 года, з 30 ліпеня 1966 года па сённяшні дзень.
Кіраўнікі галінаў улады:
заканадаўчай — старшыня раённага Савета дэпутатаў Анатоль ШАЛТАНЮК;
выканаўчай — старшыня раённага выканаўчага камітэта Віталь КУЛАК;
судовай — старшыня суда Жабінкаўскага раёна Віктар НОВІК.
Плошча — 684 км кв.
Насельніцтва — 24 тысячы чалавек (з іх 14 тысяч — гараджане).
Адміністрацыйны падзел — 7 сельсаветаў: Азяцкі, Жабінкаўскі, Крыўлянскі, Ленінскі, Ракітніцкі, Сцяпанкаўскі і Хмелеўскі.
Вясковыя населеныя пункты — 94, у тым ліку восем аграгарадкоў: Азяты, Вялікія Якаўчыцы, Крыўляны, Ленінскі, Мацеевічы, Ракітніца, Сцяпанкі, Хмелева.

 

“Чыстая рака” — крыніца жыцця

Вынікі ўжо першага года пяцігодкі засведчылі: Жабінкаўшчына развіваецца паслядоўна, імкліва, а галоўнае — у сучасным рэчышчы.
Вясной 2017-га раён быў узнагароджаны Ганаровым дыпломам за дасягненне найлепшых паказчыкаў у сацыяльна-эканамічным развіцці на Брэстчыне. Вятры пераменаў кранулі не толькі райцэнтр, але і аграгарадкі, буйныя вясковыя паселішчы, якія паслядоўна набывалі прывабнасць, далучаліся да сучасных выгод.
Зразумела, пальма першынства належыць гораду, які імкліва расце і развіваецца. Сучасная Жабінка — гэта не толькі адміністрацыйны, прамысловы і культурны цэнтр краю, але і адзін з буйнейшых чыгуначных вузлоў краіны.
Увогуле, раён мае надзвычай развітую транспартную інфраструктуру. А блізкае знаходжанне да дзяржаўных межаў спрыяе супрацоўніцтву з Польшчай і Украінай, якое прыкметна ўзрасло з 2017 года.
Бадай, адзін з найбольш важных праектаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі, да якога далучылася Жабінкаўшчына, — “Чыстая рака”. Гэта стала магчымым дзякуючы супрацоўніцтву з польскім бокам. Бюджэт праекта склаў больш за 2,6 мільёна еўра. Сродкі дазволілі ўзвесці ў раёне новыя ачышчальныя збудаванні, палепшыць экалагічны стан рэк Мухавец, Заходні Буг, Кшна, Чапелька, захаваць унікальныя заходнепалескія заказнікі “Непакойчыцы”, “Брэсцкі” і “Бугскі”.
І гэта не адзіная супольная праграма трансгранічнага супрацоўніцтва. Пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскай дапамогі зусім нядаўна набыты машыны хуткай дапамогі для амбулаторый Жабінкаўшчыны, а ў хуткасці чакаецца і рэанімабіль для райбальніцы.

Знакавыя даты

Кожны населены пункт мае знакавыя даты ў сваёй гісторыі. Для Жабінкі найноўшых часоў гэта бясспрэчна 2007 год, калі яна прымала абласны фестываль-кірмаш “Дажынкі” і перажыла вялікія пераўтварэнні, набыўшы выгляд сапраўды сучаснага еўрапейскага паселішча.
Вельмі моцным штуршком для развіцця стаў год 2014-ы, калі Жабінка афіцыйна набыла статус горада-спадарожніка Брэста. Пераўтварэнні, якія зараз адбываюцца на нашых вачах, — шмат у чым вынік таго гістарычнага рашэння, замацаванага прэзідэнцкім указам 7 мая 2014 года.
Нарэшце, нельга пакінуць па-за спіскам важных падзей, якія засведчылі імкненне жабінкаўцаў у будучыню, 21-23 ліпеня 2017 года, калі наш горад святкаваў свае 200-я ўгодкі.
 

Растуць дамы бы грыбы

Горад-спадарожнік імкліва пашыраецца. Гэта тычыцца не толькі ўключэння ў межы Жабінкі навакольных вёсак Здзітава, Курпічы, Сцяброва, Шчэглікі. Больш важна, што літаральна штодня планы, пазначаныя на паперах, увасабляюцца ў жыццё. Таму шпаркае будаўніцтва ў горадзе і раёне — яшчэ адна яскравая прыкмета сённяшняга дня. Мяркуйце самі: дзяржаўная праграма “Будаўніцтва жылля на 2016-2020 га-
ды” прадугледжвала, што ўзровень забеспячэння жытлом жабінкаўцаў на канец гэтага года павінен быў скласці не менш за 27,3 м
квадратных на чалавека, аднак ужо ў 2018-м ён перавысіў намечаныя планы і раўняўся больш за 32 “квадраты”. Менавіта на Жабінкаўшчыне летась распачалася будоўля першага ў вобласці індывідуальнага жылога квартала паблізу былой вёскі Шчэглікі.
Увогуле, у 2017-2019 гадах ўзведзена амаль 57 тысяч квадратных метраў жылля, і гэта справа працягваецца за кошт будаўніцтва сучасных шматпавярховак у раёне вуліц Міру, Зарэчнай, Каштанавай, Цэнтральнай. Сёлета таксама будаўнікі ўзяліся за ўзвядзенне доўгачаканага аб’екта — сада-ясляў на 240 месцаў.
 

Амаль штогод – дажыначны карагод

Нельга абысці ўвагай і дасягненні земляробаў Жабінкаўшчыны, якія сваёй працай робяць вялікую справу. Вынікі яны амаль штогод падводзяць на раённых фестывалях-кірмашах “Дажынкі”.
Сталіцамі свята хлебаробаў станавіліся аграгарадкі Крыўляны, Ленінскі, летась, апошнімі па часе, працаўнікоў сяла гасцінна прымалі ў сябе Вялікія Якаўчыцы.
Па выніках жніва-2019 было сабрана амаль 43 тысячы тон збожжа. І гэта ўсяляе надзею, што і сённяшні дажыначны каравай будзе не менш важкім. А пераможцамі раённага спаборніцтва сярод сельгаскалектываў на ўборцы зерневых і зернебабовых культур у той суботні дзень, 24 жніўня 2019 года, былі абвешчаны працаўнікі “Вазнясенскага”, прызёрамі сталі хмелеўскія і рагазнянскія хлебаробы.
“Дажынкі” — свята шматлікіх работ-нікаў палёў, фермаў, а яшчэ тых, хто перапрацоўвае сельгаспрадукцыю. Найперш гэта прадстаўнікі камбікормавай і цукровай прамысловасці. Да слова, у час пяцігодкі спіс перапрацоўчых прадпрыемстваў Жабінкі пашырыўся за кошт “Консула” — новага завода па вытворчасці прэміксаў, суперканцэнтратаў і камбікармоў, які год таму пачаў выпуск сваёй прадукцыі.
Яшчэ адной падзеяй назаўсёды запоміцца жыхарам Якаўчыцаў дзень, калі яны прымалі “Дажынкі”. У хаты вяскоўцаў, як крыху раней і да суседзяў крыўлянцаў ці мацееўцаў, нарэшце прыйшло прыроднае блакітнае паліва. Вялікія Якаўчыцы сталі апошнім аграгарадком у раёне, што дачакаўся газіфікацыі, а разам з ёй і многіх гарадскіх выгод.

Прадпрымальным — зялёнае святло

Сёлета завяршаецца дзеянне дзяржпраграмы “Малое і сярэдняе прадпрымальніцтва ў Рэспубліцы Беларусь на 2016-2020 гг.”. Ужо можна падвесці папярэднія вынікі.
Нават на прыкладзе нашага невялічкага раёна бачна, наколькі запатрабаваным аказаўся згаданы дакумент. Напрыканцы мінулага года ў раёне мелася больш за 660 аб’ектаў, далучаных да прадпрымальніцкай дзейнасці. А гэта не толькі новыя працоўныя месцы, але і запатрабаваныя тавары і паслугі.
Асноўнымі іх экспарцёрамі, што маюць жабінкаўскую “прапіску”, з’яўляюцца таварыствы і прадпрыемствы “Зодчыдрэў”, “Ева-лэнд”, “Бугтэкстыль”, “Будэкспарт”, “Міжнародныя лініі”, “Геатранс”, “Ваш-АўтаТранс”, “СеВаш-Транс”, “Лясная гавань”, а таксама фермерскія гаспадаркі “ЯКВІЛ” ды “Улас”.

Жабінкаўшчына — край прыцягальны

Наша зямля, нібы магнітам, прыцягвае гасцей. І гэта зусім нездарма. Тут ёсць і непаўторная прырода, і цікавыя гістарычныя мясціны, і магчымасць адпачыць ды паправіць здароўе. На тое робіцца акцэнт, калі ідзе размова пра турыстычны патэнцыял жабінкаўскай зямлі. Цягам апошняй пяцігодкі сфера турызму ды аздараўлення надзвычай запатрабаваная.
Чым жа “прыварожвае” аматараў адпачынку і здаровага ладу жыцця наш край? Думаецца, тут яшчэ шмат што наперадзе. Прынамсі, у гэтай справе да лініі гарызонту яшчэ вельмі далёка.
А пакуль пералічым тое, што маем. Зараз на Жабінкаўшчыне не проста існуюць, але і вельмі запатрабаваны некалькі найбольш значных устаноў турысцка-аздараўляльнага накірунку. У большасці яны на слыху. Гэта санаторыі “Буг” і “Надзея”, парк-атэль “Лясная гавань” і спортынг клуб “Залаты фазан”. Свае дзверы перад наведвальнікамі ахвотна расчыняюць 17 аграсядзіб, што прымаюць гасцей не толькі з Беларусі, але і замежжа. Рабіць гэта стала значна прасцей, калі Жабінкаўскі быў уключаны ў спісак раёнаў, на якія распаўсюджваюцца міждзяржаўныя дамоўленасці пра бязвізавы рэжым для іншаземцаў.
Для папаўнення свайго гістарычнага багажу і задавальнення цікавасці пра наша мінулае кожнаму будзе карысна наведаць таксама колішнюю малую радзіму роду Касцюшкаў-Сяхновіцкіх у Малых Сяхновічах, дзе цяпер месціцца раённы гісторыка-краязнаўчы музей.
Там экскурсаводы ахвотна распавядуць, што Жабінкаўшчына — зямля надзвычай самабытная, багатая на народныя традыцыі. Спецыялісты музея пазнаёмяць з падрабязнасцямі біяграфіі славутага генерала Тадэвуша Касцюшкі, раскажуць пра ваенныя і мірныя часы жабінкаўскай зямлі, згадаюць 70 нерухомых помнікаў гісторыі і культуры, у тым ліку тыя, што занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў.
А яшчэ тут вы абавязкова даведаецеся пра лёсы больш чым трох соцень слынных нараджэнцаў Жабінкаўшчыны — военачальнікаў і навукоўцаў, пісьменнікаў і артыстаў, прамыслоўцаў і земляробаў, якія сваімі разнастайнымі талентамі праслаўлялі наш край.
Анатоль БЕНЗЯРУК. Фота аўтара

 

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top