“Моладзь, мы верым табе!”
Надзвычай ярка, разнастайна, песенна святкавала Жабінка ў апошнюю нядзелю чэрвеня Дзень моладзі. Гэта й не дзіўна, бо амаль чвэрць насельніцтва раёна зараз складаюць маладыя людзі — прадстаўнікі самага актыўнага, працавітага і мэтанакіраванага ўзросту.
Арганізатыры (а ў іх ролі выступалі адзелы па справах моладзі і культуры райвыканкама) пастараліся, каб гэты ласкава-сонечны дзень стаў запамінальным. Для самых маленькіх працавалі атракцыёны, а з танцавальнай пляцоўкі, дзе загадчыца дзіцячым сектарам гарадскога Дома культуры Святлана Снітко праводзіла забаўляльную гульнёвую праграму, гучаў вясёлы гарэзлівы смех. Вялікую цікавасць выклікалі конкурс па зборцы-разборцы аўтамата і выступленне вартавой сабакі Рэкса. Вопытны чатырохлапы ахоўнік пад кіраўніцтвам кінолага прапаршчыка міліцыі Марата Цітука на выдатна прадэманстраваў свае ўменні ў дрэсіроўцы, затрымліваючы ўмоўнага парушальніка. А колькі радасці было на вачах дзятвы, калі вышэй за дрэвы ўзляцелі патокі вады з лафетнага ствала ад пажарнай аўтацыстэрны! Малым дазволілі таксама аглядзець тэхніку, якая на ўзбраенні выратавальнікаў, і апрануць форму, каб на хвілінку адчуць сябе пажарнымі.
Цэнтральнай часткай свята стала ўганараванне найлепшых — тых, хто займаецца ў розных сферах і галінах народнай гаспадаркі, прымнажаючы не толькі ўласны дабрабыт, але й гартуючы славу жабінкаўскай зямлі, якая павінна быць прыгожай, самабытнай і заможнай. У сваім віншавальным слове старшыня райвыканкама М.В.Токар згадаў маладыя “зоркі” Жабінкаўшчыны, найперш фіналіста дзіцячага “Еўрабачання” Данііла Казлова, стыпендыятаў спецыяльнай прэміі Прэзідэнта краіны ў падтрымцы таленавітай моладзі, юных выканаўцаў з узорных калектываў “Каруначкі” і “Дараносіца”. Мікалай Васільевіч, у прыватнасці, падкрэсліў, што моладзевая палітыка ў ліку прыярытэтных ў Беларусі. Краіна дбае пра моладзь, забяспечвае многія яе патрэбы, перш-наперш у атрыманні адукацыі, працы, жылля (у апошнія гады з дапамогай дзяржавы звыш трохсот маладых сем’яў Жабінкаўшчыны здолелі палепшыць свае жыллёвыя ўмовы).
Каля трох дзясяткаў маладых атрымалі сёння ўзнагароды з рук кіраўніка раёна, сярод іх — адзначаныя граматамі і каштоўнымі падарункамі райвыканкама.
Апладысментамі сустракалі прысутныя пераможцу раённага спаборніцтва на веснавых палявых работах сярод маладых механізатараў Юрыя Ярашчука з Арэпічаў. Не гледзячы на малады ўзрост, ён ужо добра ведае, якімі цяжкімі, але й светлымі бываюць заранкі хлебароба. За актыўны ўдзел у рэалізацыі дзяржаўнай моладзевай палітыкі і садзеянне праваахоўным органам былі таксама ўганараваны працаўнікі раённага вузла электрычных сетак Юрый Карабан і Сямён Буряк — сябры моладзевага атрада аховы правапарадку імя А.Д.Дзмітрука. Апошні ад імя моладзі выказаў падзяку раённай уладзе, працоўным калектывам, прафсаюзным камітэтам за ўвагу і падтрымку, што адчуваюць юнакі і дзяўчаты Жабінкаўшчыны.
Такое адбываецца нярэдка: і ў святочны дзень — капітан міліцыі Віктар Дзяркач зноў на службе. Сёння, прынамсі, ён праводзіў конкурс сярод гасцей Дня моладзі, высвятляючы, хто спрытней і правільней здолее сабраць-разабраць аўтамат. А на сцэну ўзняўся толькі для таго, каб атрымаць заслужаную высокую ўзнагароду — грамату абласнога ўпраўлення ўнутраных спраў.
Зараз больш за дзве тысячы юнакоў і дзяўчат раёна прадстаўляюць працоўную моладзь. Многія з іх вылучаюцца і добрасумленнай працай, і актыўнасцю ў грамадскім жыцці. Менавіта за гэтыя поспехі і жаданне мацаваць сваё прафесійнае майстэрства, не пакідаючы ў баку агульныя справы калектываў, прывяло да ўзнагарод Сяргея Сароку і Юлію Козел з СВК “Арэпічы”, Андрэя Даніліка з СВК “Шіталі” і Міхаіла Чырука з СВК “Рагазнянскі”, Андрэя Пасевіча з ААТ “Ракітніца” і Кацярыну Грамыка з СВК “Маціевічы”, Віктара Лобіка, Галіну Галашка, Ганну Данільчанка з ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод” ды многіх-многіх іншых, хто ў святочны дзень атрымаў каштоўныя падарункі і грашовыя прэміі ад родных прадпрыемстваў, арганізацый, прафсаюзных камітэтаў.
Асабліва цёплых слоў заслужылі хмелеўскія дзеці, што аднаўляюць спрадвечныя народныя традыцыі. У народзе кажуць: “Хто дорыць — той у разы болей атрымоўвае”. Узорны фальклорны калектыў “Дараносіца” двойчы з’яўляўся на сцэне: спачатку — з танцавальна-песенным падарункам для гледачоў, якія запальваліся добрым настроем ад іскрынак самабытнага дзіцячага мастацтва, а затым — каб атрымаць сувеніры. Уручаючы грамату кіраўніку калектыва Таццяне Грыцук, старшыня райвыканкама быў шчодрым на пахвалу:
— Такі добры калектыў створаны пад вашым кіраўніцтвам, ён вядомы не толькі ў родным краі, але ўжо і ў Польшчы. Жадаю вам поспехаў, дабра, удачы, а ў вашых асобах — натхнення і перамог на самых прэстыжных пляцоўках для ўсёй творчай моладзі нашага раёна.
Выступленне “Дараносіцы” стала лагічным пераходам ад урачыстай часткі свята да разнастайных канцэртнай і дыскатэчнай праграм, у якой паўдзельнічалі маладыя творцы раёна ды запрошаныя рок-гурты з Брэста і Жабінкі.
Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымках: у час святкавання Дня моладзі ў Жабінцы.
Фота Ірыны Жук.

 

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top