На карысць роднага краю

На карысць роднага краю

Асабісты і прафесійны лёс намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце першай гарадской школы Іны Мірко знітаваны з жабінкаўскім краем: тут нарадзілася, вучылася, стварыла сям’ю, тут і рупіцца. Яна расказала, чаму стала настаўнікам і як ёй працуецца ў самай сучаснай школе раёна, у якой калісьці вучылася і сама.

Буду настаўнікам!

Такое рашэнне Іна Мірко (у дзявоцтве Яшчук) прыняла яшчэ першакласніцай і мару сваю ажыццявіла. На гэта, у першую чаргу, паўплываў тата: Васіль Сяргеевіч Валасюк выкладаў музыку, доўгі час вёў фотагурток у Доме піянераў. А яшчэ тыя педагогі, якія зацікавілі сваімі прадметамі: прыродазнаўствам, геаграфіяй, біялогіяй. У іх кагорце Ганна Якаўлеўна Шпак, Марыя Сямёнаўна Ніканчук, Святлана Мікалаеўна Янусік, Раіса Ісакаўна Буяшова. Таму пасля дзесяцігодкі залатая медалістка, актывістка, гонар першай гарадской школы Іна Яшчук паступіла ў Брэсцкі педінстытут імя Пушкіна. Дзяўчына абрала спецыяльнасць “геаграфія, біялогія” і на працягу пяці гадоў жыла ў цудоўным свеце прыродазнаўчых навук. Вучоба была цікавай, ладзіліся паездкі ў Карпаты, на Байкал. Як і ў школе, Іна і ў інстытуце займалася актыўнай грамадскай дзейнасцю: была сакратаром камсамольскай арганізацыі факультэта, прымала ўдзел у з’ездзе камсамола Беларусі. На размеркаванні ёй нават прапанавалі месца ў ЦК ЛКСМБ, але яе не прываблівалі ні сталіца, ні абласны цэнтр. Дзяўчына не ўяўляла сябе без роднай Жабінкі і сваёй першай школы, дзе яшчэ студэнткай-пяцікурсніцай вяла ўрокі.
Маладым спецыялістам Іна Аляксандраўна вярнулася на малую радзіму і вось ужо на працягу трох дзясяткаў застаецца вернай роднаму гораду, абранай прафесіі і ўстанове (быў перыяд, калі тры гады працавала ў гарадскім ліцэі). Дзіўны свет геаграфіі стаў блізкім, цікавым і запамінальным для многіх хлопчыкаў і дзяўчынак дзякуючы цудоўным урокам Іны Мірко.

Галоўнае багацце — кадры

“Было прыемна вярнуцца ў сваю школу, дзе калісьці сама вучылася, — расказала Іна Аляксандраўна. — Цяпер для маіх настаўнікаў я выступала калегай, таму адчувала ўсю адказнасць і імкнулася іх не падвесці. Бачыла шчырую падтрымку і разу-
менне з боку тагачаснай адміністрацыі: дырэктара Мікалая Сямёнавіча Міцковіча, завуча Тамары Рыгораўны Гаціла, старэйшых таварышаў. Калі ў 2009 годзе заняла пасаду намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце, на якой руплюся і цяпер, доўгі час працавала ў адным тандэме з дырэктарам Міхаілам Пятровічам Савянковым, завучам Марыяй Іванаўнай Гаркалюк. Апошні год нашу ўстанову ўзначальвае Ірына Анатольеўна Панфіла, у кагорце намеснікаў побач са мною рупяцца Інга Іванаўна Лазоўская і Таццяна Віктараўна Казей. Хочацца адзначыць, што першая школа была і застаецца лідарам па многіх паказчыках, але галоўнае яе багацце — гэта кадры. Тут заўсёды працавалі высокакваліфікаваныя і вопытныя педагогі, прафесіяналы сваёй справы, многія мелі высокія званні. Іх ведалі і паважалі ў раёне. Наша школа стала стартавай пляцоўкай для некаторых будучых кіраўнікоў і намеснікаў устаноў адукацыі Жабінкаўшчыны, якія пачыналі працоўную дзейнасць менавіта ў нас. Мы ганарымся таксама і нашымі выпускнікамі, што выраслі годнымі людзьмі. Многія з іх пасля вучобы вярнуліся ў свой раён, дзе стварылі сем’і і шчыруюць у розных галінах на яго карысць”.

Установа ХХІ стагоддзя

Так сёння можна сказаць пра першую гарадскую школу. У 2007-м, калі горад рыхтаваўся да абласнога свята “Дажынкі”, многія аб’екты сацыяльнай сферы дзякуючы клопату раённых уладаў абнавіліся і папрыгажэлі. У іх ліку і СШ № 1: тут адбыўся капітальны рамонт. У 2013 годзе ўстанова была аснашчана самым найноўшым і сучасным абсталяваннем: інтэрактыўнымі дошкамі, мультымедыйнымі ўстаноўкамі, камп’ютарамі, тэлевізарамі, інфакіёскамі, што дазволіла падняць якасць адукацыі на больш высокі ўзровень і ісці ў нагу з часам. Дарэчы, кожны год у школе з’яўляецца нешта новае. Так, раней былі абсталяваны кабінеты хіміі і фізікі, сёлета мульціборд з’явіўся ў кабінеце біялогіі.
У сваёй дзейнасці педагогі ўстановы актыўна выкарыстоўваюць інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі. Яны пастаянна ўдзельнічаюць у навучальных семінарах, наведваюць майстар-класы калег, павышаюць прафесійную кампетэнтнасць на курсах.
Трэба адзначыць, што першая школа заўсёды была пляцоўкай для правядзення мерапрыемстваў раённага, абласнога і рэспубліканскага ўзроўню. Установа часта прымала высокіх гасцей, у тым ліку міністраў адукацыі краіны.
Навучэнцы першай гарадской паспяхова ўдзельнічаюць у прадметных алімпіядах, разнастайных мерапрыемствах і конкурсах. Практычна кожны год установа папаўняе скарбонку залатых і сярэбраных медалістаў раёна. Тут ёсць кім і чым ганарыцца!

“Працаваць у такіх умовах — адно задавальненне”

Кажа мая суразмоўніца і мае на ўвазе не толькі сваю, але і іншыя ўстановы адукацыі Жабінкаўшчыны, у якіх з таго часу, калі яна прыйшла на працу ў раён (а гэта 1990-ы год), адбыліся значныя змены. Цяпер у школах — новая сучасная тэхніка, спартыўнае абсталяванне. Іх тэрыторыі ўпрыгожваюць яркія клумбы, самі будынкі і звонку, і ўнутры своечасова рамантуюцца, прыводзяцца ў належны выгляд. І гэта клопат і ўвага з боку дзяржавы, мясцовых уладаў, за што педагогі вельмі ўдзячныя.
Мая суразмоўніца бясконца любіць сваю прафесію, радуецца поспехам і шчыра перажывае за няўдачы сваіх вучняў. Аднойчы выбраны настаўніцкі шлях стаў для яе лёсам, які на працягу многіх гадоў звязаны з дарагім сэрцу жабінкаўскім краем і роднай установай, на карысць якіх аддана працуе.
Алёна НІКАНЧУК
Фота аўтара

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top