Словы ўдзячнасці жабінкаўскім медыкам

Напярэдадні прафесійнага свята медыцынскіх работнікаў жыхары раёна выказалі словы ўдзячнасці жабінкаўскім медыкам за іх высокі прафесіяналізм і ўважлівыя адносіны да пацыентаў.

Кацярына КУКСА:
— Я — шматдзетная мама, таму нярэдка даводзіцца звяртацца да свайго ўчастковага педыятра Людмілы Ігнацюк, бо, як вядома, малыя часта хварэюць. Нам пашчасціла мець такога ўрача: кампетэнтнага, уважлівага, прафесіянала з вялікай літары. Людміла Мікалаеўна ніколі не лічыцца з часам. Калі трэба, затрымаецца і пасля прыёму, як кажуць, сваіх не пакіне, агледзіць, назначыць лячэнне. І на вуліцы, калі сустрэне, заўсёды спытаецца, як справы, пракансультуе, дасць парады. Часта мы ляжым і ў педыятрычным аддзяленні. Там таксама адчуваем добрыя адносіны з боку ўрачоў, медсясцёр і ўсяго персаналу. Ад жабінкаўскіх матуль зычу нашым медыкам дабра, шчасця і моцнага здароўя, каб і надалей ім хапала сіл стаяць на варце добрага самаадчування іншых.
Валянціна ПРАНОВІЧ:
— Сёлетні май выдаўся для нашай сям’і складаным: хварэў муж і ўнук. Родных людзей лячыла і ставіла на ногі ўрач ад Бога — інакш і не скажу, бо бачылі яе адносіны да пацыентаў — Вольга Страйсцян. Муж прыйшоў да яе на прыём з высокай тэмпературай. Вольга Уладзіміраўна адразу назначыла аналізы, пэўнае лячэнне і абследаванне: здымак лёгкіх, ультрагукавую дыягностыку нырак. І пакуль ён не паправіўся, перажывала, як за роднага чалавека. Да ўнука таксама аднеслася з усёю адказнасцю. Хвароба цяжка адступала, таму доктар мяняла тактыку лячэння, уважліва сачыла за станам — і нарэшце наступіла выздараўленне. Мы ўдзячныя ёй за клопат, спагаду і прафесійнае стаўленне да сваёй справы, няхай і надалей у яе рабоце ўсё атрымліваецца!
Ала МІКУЦ:
— Сваім анёлам-ахоўнікам лічу ўрача-гінеколага Ларысу Шмурадка, якая тройчы вяртала мяне да жыцця. Удзячная за прафесіяналізм хірургу раённай бальніцы Аляксандру Дарагакупцу, які ратаваў на аперацыйным стале: аперыраваў востры апендыцыт з перытанітам, да якога дасядзелася дома. Пасля таго ўсім гавару: боль не патрэбна цярпець, звяртайцеся па дапамогу ў лякарню да медыкаў. І ў гінекалагічным, і ў хірургічным, і ў неўралагічным аддзяленнях райбальніцы, дзе даводзілася ляжаць, адчувала з боку персаналу ўвагу, суперажыванне, жаданне дапамагчы хутчэй пазбавіць ад пакут — вялікі дзякуй за гэта!
Жыву ў Хмелеве, дзе заўсёды ветліва сустракае наведвальнікаў калектыў і нашай амбулаторыі на чале з яе загадчыкам Таццянай Болдыравай.
Зычу медыкам Жабінкаўшчыны поспехаў у іх нялёгкай, але такой высакароднай прафесіі, сямейнага дабрабыту, упэўненасці ў заўтрашнім дні!
Мікалай ГРЭЛЬ:
— Успамінаюцца тыя часы, калі ў райбальніцы існавала інфекцыйнае аддзяленне, яго ўзначальвала Ангеліна Чарнейка. Неяк давялося патрапіць туды, і менавіта Ангеліна Дзмітрыеўна ставіла мяне на ногі. Удзячны ёй за ўвагу і клопат, адказнае стаўленне да сваёй справы. Раней наша сям’я жыла ў Сцяпанках, таму часта звярталіся па дапамогу на ФАП да фельчара Алы Юзвік, якая заўсёды адгукалася і прафесійна выконвала свае абавязкі. Цяпер наш участковы тэрапеўт Ніна Арлавец — кампетэнтны, уважлівы і адказны ўрач, а таксама добры, чулы і спагадлівы чалавек. З задавальненнем іду да яе на прыём, бо ведаю, там атрымаю дапамогу прафесіянала. Калі ўзнікаюць праблемы з зубамі, далёка не еду: карыстаюся паслугамі жабінкаўскіх урачоў. Майстар у гэтай справе — Мікалай Новік. Мае пажаданні медыкам: лёгкіх вам дзяжурстваў і ўдзячных пацыентаў, дабра і пазітыву ад кожнага дня!
Кацярана ЛУГАЎСКАЯ:
— Жывем у Ленінскім, таму часцей звяртаемся да медыкаў нашай амбулаторыі: урача Ірыны Гаргун, фельчара Міхаіла Лася. І зубы лечым у выдатнага спецыяліста Вольгі Шпак. Па іх стаўленні да людзей бачна: яны ў сваёй прафесіі, жывуць ёю, стараюцца, і жыхары пасёлка шчыра ўдзячныя ім за гэта. І наша сям’я таксама. Часта хварэлі дзеці, і да нас прыязджалі на выклікі, прафесійна аказвалі дапамогу, ніколі не адмовілі. Зараз у такі няпросты для ўсіх час, у плане эпідэміялагічнай сітуацыі, зычу людзям у белых халатах цярпення, удачы і моцнага здароўя. Не хварэйце, дарагія, вы нам так патрэбны!
Людміла КАБАШ:
— Часта даводзілася ляжаць з унукам у педыятрычным аддзяленні райбальніцы. Дзякуй за прафесіяналізм і чулыя адносіны да нас яго загадчыку Валянціне Казулька і ўсяму дружнаму калектыву. З надыходзячым святам хачу павіншаваць усіх медыкаў райбальніцы, але асобныя словы адрасую сёння тым, да каго па стане здароўя часта выпадае звяртацца па дапамогу. Вялікі дзякуй за разуменне, увагу, неабыякавае стаўленне да маіх праблем афтальмолагу Алене Семянюк, гінеколагу Таццяне Глебік, эндакрынолагу Марыне Марковіч, рэабілітолагу Вользе Страйсцян, медсёстрам гінекалагічнага аддзялення Іне Самцовай і афтальмалагічнага кабінета Людміле Панятоўскай, работнікам аддзялення хуткай дапамогі. Паважаныя медыкі Жабінкаўшчыны! Няхай кожны працоўны дзень прыносіць радасць і пазітыў, дорыць добры настрой, поўніцца словамі ўдзячнасці і шчаслівымі ўсмешкамі вашых пацыентаў, якія развіталіся з хваробай і адчуваюць сябе здаровымі!
Апытвала і фатаграфавала Алёна НІКАНЧУК

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.