Лагер жыве цікавым жыццём

Лагер жыве цікавым жыццём

Каб непаўналетнія заставаліся пад наглядам, мелі якасны адпачынак, мацавалі здароўе і не ўдзельнічалі ў сумніўных кампаніях, схільных да правапарушэнняў, летняй пары адводзіцца асаблівая роля.
— У чэрвені ў нас арганізаваны летнік, — расказвае дырэктар Якаўчыцкай адзінаццацігодкі Валерый Міхайлавіч Галавейка. — А ў вёсках, адкуль прыязджаюць вучні на вучобу, — рознаўзроставыя працоўныя атрады, якімі кіруюць настаўнікі школы. Усю інфармацыю пра іх справы можна пачарпнуць з нашага сайта. Хутка ва ўсю моц запрацуюць вытворчыя брыгады (сёння так званай пятай працоўнай чвэрцю кіруе настаўнік фізічнай культуры І.А.Ганчарук). Дзеці пад ягоным наглядам будуць прыводзіць у належны выгляд класы, замяняць, дзе патрэбна, платы, прыбірацца і фарбаваць, працаваць на агародзе і кветніках. Увесь час клапоцімся, каб папаўнялася фінансавымі сродкамі школьная “скрыня”. Сёння, напрыклад, здалі болей тоны металалому, які дзеці збіралі вясной і ў пачатку лета.


Школьны лагер, які расчыніў свае дзверы ў Дзень дзіцяці для трыццаці вучняў першых-сёмых класаў, жыве цікавым жыццём. Яго ўзначальвае настаўнік-дыфектолаг Святлана Мікалаеўна Салей. Яна гаворыць:
— Сярод нашых дзетак ёсць і будучыя першакласнікі: Рома Главацкі і Коля Яльчык. Бацькі занятыя на працы, таму вельмі задаволеныя, што хлопчыкі ўвесь дзень дагледжаныя, накормленыя, займаюцца гульнямі і цікавымі справамі, акрамя таго, гэта і добрая адаптацыя да школы.
Пацікавіліся, наколькі значную дапамогу для аздараўлення малых аказвае дзяржава? Бацькі плацяць за тры тыдні ў лагеры 157 тысяч рублёў, яшчэ 240 тысяч датуецца на кожнае дзіця. За кошт дзяржаўнай дапамогі школьнікі наведвалі басейн у фізкультурна-аздараўленчым комплексе “Бадзёрасць”.
Кожны дзень для дзяцей з атрадаў “Усмешка” і “Дружба” запамінальны вясёлымі і пазнавальнымі мерапрыемствамі. Іх арганізуюць для выхаванцаў летніка настаўніцы Алена Мікалаеўна Бічук, Галіна Пятроўна Кавальчук, Ірына Анатольеўна Дземідовіч, Галіна Аляксандраўан Дэйнак, Тамара Мікалаеўна Панасюк. Шматлікія агульналагерныя мерапрыемствы — гэта клопат Марыі Святаславаўны Бакун. Напрыклад, у Залуззеўскім Доме народнай творчасці дзяцей вітала загадчыца Людміла Іванаўна Пышынская, што давала дзецям сапраўдны ўрок старадаўняга ўмельства. Разам з майстрыхай задаволеныя малыя спрабавалі працаваць на бабуліных кроснах, гледзячы з цікавасцю, як нараджаюцца ходнікі. Усім спадабалася наведванне Кобрынскага аквапарка.

Увесь час гудзяць, бы вулеі, школьны стадыён і спартыўная зала. Тут вопытны фізрук Васіль Веніямінавіч Кузьмін штодня ладзіць спаборніцтвы, фізкультурныя гульні з прызамі. Найбольшай актыўнасцю ў іх вызначаліся вучань пятага класа Вадзім Брэнь ды трэцякласнікі Артур Дземідовіч, блізняты Карына і Альбіна Паўлюковы. Не абыходзіцца і без дыскатэк з гульнёвымі праграмамі…
А калі пазаймаюцца — і ў сталоўку спяшаюцца, дзе смачныя абеды гатуе повар Зінаіда Мікалаеўна Мальчук. Яна ўжо дзесяць гадоў кашаварыць, радуючы школьнікаў разнастайнымі кухарскімі далікатэсамі. Ёй у дапамогу — работніца сталоўкі Любоў Андрэеўна Главацкая.
— Гляньце  ў меню, — гавораць з усмешкай жанчыны. — Усё тут самае свежае, добра прыгатаванае. Хапае і солі, і душы ў гэтай ежы!
Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымках: у летніку Якаўчыцкай СШ дзеці спяваюць, гуляюць, з фізкультурай і спортам сябруюць.
Фота Ірыны Жук.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top